Беларусь

  • Главная
  • Актуальна!
  • З 1 ліпеня Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь уводзіць новы спіс лекаў, якія можна будзе набыць у аптэках без рэцэптаў

З 1 ліпеня Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь уводзіць новы спіс лекаў, якія можна будзе набыць у аптэках без рэцэптаў


Галоўнае медыцынскае ведамства краіны вырашыла навесці парадак з рэцэптамі. Асноўная матывацыя абмежавання свабоднага набыцця лекаў – рост ускладненняў ад самалячэння. Праблема, між іншым, не толькі нацыянальная, але і міжнародная: у свеце штогод рэгіструецца каля 2 мільёнаў сур’ёзных ускладненняў ад тых ці іншых прэпаратаў.
Зацверджаны новы пералік лекаў, якія ва ўсіх аптэках будуць адпускацца без рэцэптаў. У ім – 3279 найменняў, а гэта 61 працэнт прэпаратаў з зарэгістраваных у Беларусі. Як заявіў у рэспубліканскай прэсе міністр аховы здароўя Васіль Жарко, спецыялісты міністэрства, дактары, прадстаўнікі фармацэўтычных кампаній і грамадскасці, якія ўваходзілі ў спецыяльную групу па распрацоўцы спісу, уключылі ў яго найбольш вядомыя і звыклыя прэпараты з вялікім дыяпазонам бяспечнай дозы. Безрэцэптурны спіс лекаў размесцяць на сайце Міністэрства аховы здароўя РБ, накіруюць у аптэкі, урачам.
Толькі па рэцэптах будуць адпускацца наркатычныя, псіхатропныя, моцнадзеючыя сродкі, прэпараты для лячэння анкалагічных хвароб, эпілепсіі, псіхалагічнай і фізічнай залежнасці, інсуліны, гармоны, анаболікі, антыбіётыкі 3-га і 4-га пакалення, некаторыя антыарытмічныя, гіпатэнзіўныя і кардыётанічныя лекі. А вось, напрыклад, такія запатрабаваныя насельніцтвам лекавыя сродкі, як  дыклафенак, атэналол, каптапрыл, эналапрыл і іншыя рэцэпта не патрабуюць.
І ўсё ж сярод патэнцыяльных пацыентаў мае месца меркаванне, што стомішся за кожнай пілюляй бегаць па рэцэпт. У тэлефанаваннях у газету выказвалася боязь: ці не павялічацца чэргі ў паліклініках з-за новай рэцэптурнай палітыкі?
У медыцынскіх структурах запэўніваюць: усе ўрачы абавязкова на прыёме ў паліклініцы, лячэбна-дыягнастычнай установе ці пры выпісцы са стацыянара будуць выдаваць пацыенту неабходныя рэцэпты па паказаннях, а калі патрабуецца працяглы прыём лекаў –
іх выпішуць на паўгода ўперад. “Усю неабходную інфармацыю да медыцынскіх работнікаў давялі своечасова, так што не павінна быць нейкага лекавага ажыятажу. Новаўвядзенне ніякім чынам не пагоршыць якасць  медыцынскага абслугоўвання насельніцтва”, – пераканана галоўны спецыяліст па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Ірына Дракіна.
Меркаванне, што некаторыя змены ў спісах рэцэптурных і безрэцэптурных лекаў справакуюць рост чэргаў у паліклініках, медработнікі не падзяляюць.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля