Беларусь

Гаючая творчасць


Пераможцамі рэспубліканскага фестывалю “Мары збываюцца” сталі выхаванцы Гарадзішчанскага дома інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця Баранавіцкага раёна

Дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “Свет без меж” пры падтрымцы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама правялі пяты штогадовы фестываль творчасці выхаванцаў дамоў-інтэрнатаў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця “Мары збываюцца”. Неверагодная па эмоцыях, канцэнтрацыі дабрыні і спагадлівасці імпрэза прайшла на гэты раз у нашай вобласці.
Выхаванцы інтэрнатных устаноў сустрэліся з Даніілам Казловым, удзельнікам дзіцячага “Еўрабачання” 2010 года, і групай “Тяни-толкай”, шмат уражанняў пакінула экскурсія ў Брэсцкую крэпасць-герой, знаёмства з творчасцю навучэнцаў Брэсцкага музычнага каледжа імя Р. Шырмы і іншыя фестывальныя імгненні.
Безумоўна, фэст “Мары збываюцца” патрабаваў шматдзённай падрыхтоўкі. Дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў рыхтаваліся старанна, а таму і вынік, паказаны на сцэне ЦМТ, парадаваў гледачоў. Справядліва будзе сказаць, што перамаглі ўсе ўдзельнікі творчай імпрэзы. Напрыклад, тым, што знайшлі ў сабе творчую іскрынку, выпеставалі яе і не пабаяліся выйсці на сцэну, каб іншыя адчулі цеплыню іх творчага полымя. Увачавідкі ўпэўнілася: тэрапія творчасці дае плён, і нават самыя кволыя парасткі здольнасцей ёсць сэнс падтрымліваць.
Журы конкурсу прыйшлося нялёгка, бо абраць лепшае з лепшых выступленняў аказалася вельмі складана, але выбар усё роўна быў зроблены. І надзвычай прыемным ён аказаўся для Берасцейшчыны, бо прадстаўнікі нашай вобласці – калектыў Гарадзішчанскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (на здымку) – занялі першае месца, да якога атрымалі дыплом, сертыфікат на 5 мільёнаў рублёў і паездку ў Польшчу, дзе яны будуць прадстаўляць Беларусь на міжнародным конкурсе “Кракаўскія сустрэчы”.
Эльвіра ГАРОШКА,
вучаніца САШ № 35,
г. Брэст.
Фота Аляксея ГАНЧУКА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля