У сэрцы музыка гучыць…
Для начальніка цэха раслінаводства аддзялення Радванічы камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “СГЦ “Заходні” Брэсцкага раёна Мікалая Пашкевіча гармонік стаў верным сябрам у жыцці
Праўда, у выбары прафесіі для Мікалая Канстанцінавіча гармонік не стаў вызначальным. Хутчэй – хобі. Цікавым заняткам для душы ў вольны ад работы час або ў святочныя ці выхадныя дні, калі нікуды не трэба спяшацца. Проста ўзяць у рукі любімы інструмент, прысесці на прызбе, развярнуць мяхі – і атрымліваць асалоду ад мелодыі, якую сугучна настрою выдаюць спрытныя пальцы гарманіста.
…Любоў да музыкі, як і прыцяжэнне да зямлі, у хлопца з вёскі Рубель Столінскага раёна з дзяцінства. А дакладней, з таго часу, калі бацька купіў для старэйшага сына Леаніда гармонік “Беларусь”, на якім той павінен быў навучыцца іграць. Для гэтага нават выкладчыка наняў. Мікалай жа падчас заняткаў стаяў пад дзвярыма і ўважліва прыслухоўваўся да таго, чаму вучылі брата, а калі гармонік вызваляўся, браў яго ў рукі і ўжо сам зводзіў басы з галасамі. І разумеў, што ў яго гэта атрымліваецца лепш, чым у Леаніда, які ў рэшце рэшт усё ж асвоіў гармонік і забраў яго па старшынстве з сабой у Валгаград, дзе зараз жыве. А сапраўдным гарманістам стаў Мікалай.
Шмат часу прайшло з той пары, не менш і падзей адбылося ў жыцці музыканта-самавучкі. Прафесію хлопец з Палесся выбраў самую зямную. Хоць, як прызнаецца сёння сам Мікалай Канстанцінавіч, і марыў пра неба. Ды толькі не ўсе мары збываюцца. Нездарма ж яго з дзяцінства цягнула да зямлі. Таму пасля заканчэння школы ён паступае ў Навагрудскі сельскагас-
падарчы тэхнікум, дзе атрымлівае спецыяльнасць агранома.
Служба ў арміі, якую праходзіў у марской авіяцыі Паўночнага флоту, магла кардынальна змяніць жыццё Мікалая Пашкевіча і паставіць крыж на яго зямной спецыяльнасці. Музычныя здольнасці і добры голас беларускага хлопца заўважылі яшчэ ў “вучэбцы” ў Выбаргу. Там ён іграў у духавым аркестры, вёў першую трубу. А пазней быў удзельнікам ваеннага ансамбля “Балтыка”. Менавіта ў ім хлопцу прапанавалі застацца пасля службы. Але, відаць, зноў не суджана. Зямное прыцяжэнне аказалася мацнейшым.
– У Брэсцкі раён з Піншчыны, дзе я абсталяваўся пасля арміі, мяне перацягнуў кум, – расказваў падчас нядаўняй сустрэчы Мікалай Канстанцінавіч. – Ён працаваў у калгасе “Расія”, а я ўладкаваўся аграномам-аграхімікам у суседняй “Заре”. Самае цікавае тое, што ён у хуткім часе перабраўся на Камянеччыну, я ж так і застаўся з сям’ёй у Прыбужжы, назаўсёды парадніўся з яго зямлёй… І знайшоў сябе на гэтай зямлі.
Даўно няма краіны СССР, у якім Мікалай Пашкевіч нарадзіўся, зніклі з сельскагаспадарчай карты раёна калгасы “Заря” і “Расія”, якія пазней былі аб’яднаны ў адну гаспадарку, а затым сталі аддзяленнем Радванічы камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Селекцыйна-гібрыдны цэнтр “Заходні”. А Мікалай Канстанцінавіч без адрыву ад вытворчасці атрымаў вышэйшую агранамічную адукацыю ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце і па-ранейшаму працуе на зямлі. Пасля пасады агранома-аграхіміка быў начальнікам участка, брыгадзірам, зноў начальнікам участка. І ўвесь гэты час ён не развітваецца са сваім верным сябрам гармонікам. Не толькі для сябе іграе, калі гэтага патрабуе душа, але і для сяброў, ніколі не адмаўляе акампаніраваць калегам, калі якое свята разам адзначаюць. У 1990-1995 гадах узначальваў мастацкую самадзейнасць аддзялення, быў акампаніятарам мясцовага калектыву “Сяброўкі”. Ды і цяпер гарманіст –
актыўны ўдзельнік культурна-масавых мерапрыемстваў, без яго ў вёсцы не праходзіць ні адно свята.
Як вопытнага спецыяліста Мікалая Пашкевіча прызначылі начальнікам цэха раслінаводства аддзялення Радванічы КСУП “СГЦ “Заходні”. Трэба сказаць, што радваніцкая зямля за бязмежную адданасць ёй стараецца адплаціць Мікалаю Канстанцінавічу шчодрымі ўраджаямі. Азімы трыцікале сёлета даў на круг па 35,7 цэнтнера, азімая пшаніца – па 37,7 цэнтнера. Гэта вышэй за запланаваны паказчык. А найбольш парадавалі азімы рапс і кармавыя буракі. Ураджайнасць насення рапсу дасягнула 48 цэнтнераў з гектара, а караняплодаў –
1018 цэнтнераў.
– Дасягненні гэтыя – плён працы ўсіх работнікаў цэха раслінаводства, –
гаворыць яго начальнік. – Асабліва хачу адзначыць механізатараў Сяргея Пучыка, Міхаіла Капузу, Міхаіла Сусаева і яго сына Яўгена, якія сеялі, даглядалі, ахоўвалі расліны ад шкоднікаў, убіралі вырашчаны ўраджай.
А калі ёсць вынік, то і душа радуецца: значыць, недарма жыве ён на гэтай зямлі. І траіх дзяцей разам з жонкай Раісай, якую амаль 30 гадоў таму прывёз у прыбужскі край, выгадавалі годных. Старэйшая дачка Наталля працуе настаўніцай у суседнім Мухаўцы. Як і бацька, яна хораша спявае, удзельнічае ў мастацкай самадзейнасці. Таццяна –
інжынер, жыве ў Гомелі. Сын Андрэй таксама інжынер. Ён –
у Баранавічах, іграе на баяне і гітары.
Але асабліва радуе Мікалая Канстанцінавіча ўнук Саша, які не толькі любіць слухаць, як іграе дзед, але і сам спрабуе звесці басы з галасамі…
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Брэсцкі раён.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.