Учора адкрылася выстава-кірмаш “Садзейнічанне здароваму ладу жыцця”
Для многіх брастаўчан і гасцей горада над Бугам восень асацыіруецца не толькі з залатым уборам дрэў ці дажджамі. І дарослыя, і дзеці ведаюць, што верасень, напрыклад, дорыць традыцыйную сустрэчу з выставай-кірмашом “Садзейнічанне здароваму ладу жыцця”. Сёлета гэтае, безумоўна, карыснае мерапрыемства прызначана на 25 – 28 верасня і пройдзе ў Лядовым палацы Брэста. Чым збіраюцца здзівіць арганізатары? Што новага пра здаровы лад жыцця змогуць даведацца наведвальнікі выставачнага мерапрыемства? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае Галіна СТАСЕВІЧ, загадчык аддзела грамадскага здароўя абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
– Галіна Сцяпанаўна, традыцыя выставы-кірмашу “Садзейнічанне здароваму ладу жыцця” не перарываецца?
– Так, сёлета гэта цікавае мерапрыемства пройдзе ў Брэсце ў дзявяты раз. Фармат выставы традыцыйны – экспазіцыя тавараў і паслуг прадпрыемстваў, спартыўных, медыцынскіх і грамадскіх арганізацый. Мы дадзім людзям інфармацыю, як сёння захаваць здароўе, якія методыкі для гэтага выкарыстоўваць, як кантраляваць свае паказчыкі здароўя. Галоўная мэта выставы-кірмашу – прасоўванне рэкламы, паслуг, тэхналогій, тавараў, якія садзейнічаюць умацаванню здароўя, вядзенню здаровага ладу жыцця.
Плануем правядзенне масавых мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю культуры здароўя. Людзі з пэўнымі праблемамі змогуць атрымаць накіраванне ў дні выставы і да чацвёртага кастрычніка ў тэрытарыяльныя і абласныя паліклінікі, дзе ім акажуць далейшую дапамогу. Кансультанты праінфармуюць наведвальнікаў, раскажуць, як захаваць сваё здароўе. Гэта ўрачы, псіхолагі, прадстаўнікі адукацыі, фізкультуры і спорту, а таксама Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Як і кожны год, прадпрыемствы пакажуць розныя тавары і паслугі. Сярод іх – натуральныя і бяспечныя прадукты харчавання з дэгустацыяй, адзенне і абутак, пасцельныя рэчы… Будуць прапанаваны для набыцця натуральныя лячэбныя сродкі, вырабы медыцынскага прызначэння, прыборы для хатняга выкарыстання. І гэта далёка не ўсё, што брастаўчане і госці горада знойдуць на выставе-кірмашы.
– А якія абследаванні можна будзе зрабіць у гэты раз?
– Іх, як і раней, запланавана нямала. Гэта дыягнастычныя абследаванні рознага характару: напрыклад, вызначэнне глюкозы ў крыві, ультрагукавая дыягностыка шчытападобнай залозы. Таксама ўсе жадаючыя змогуць зрабіць флюараграфічнае абследаванне, вынікі якога можна забраць на наступны дзень на месцы. Прапануем тэсты па выяўленні фізічнай вынослівасці, залежнасцей ад алкаголю, тытуню, наркотыкаў… Беларускі пратэзна-аздараўленчы цэнтр разгорне работу па дыягностыцы апорна-рухальнага апарату (ацэнка стану ступні, пазваночніка, падбор спецыяльнага карэкціруючага абутку, артапедычнай карэкціруючай бялізны).
Мы лічым, што наша мерапрыемства павінна даваць людзям як мага болей карыснай інфармацыі, а экспрэс-дыягностыка – гэта дадатковы элемент, але не самы галоўны на выставе.
– “Садзейнічанне здароваму ладу жыцця-2013” мае нейкія ўзроставыя абмежаванні?
– Ніякіх абмежаванняў! Чалавек павінен заўсёды вучыцца клапаціцца аб сваім здароўі. Вельмі важна закласці асновы здаровага ладу жыцця яшчэ ў дзяцінстве. Абавязкова будуць конкурсы, віктарыны, спартыўныя гульні, разлічаныя на малых дзетак, падлеткаў, моладзь.
– Ці можна назваць адметнасцю выставы-кірмашу адукацыйную праграму?
– Так, адукацыйная частка ў гэтым годзе вялікая і іграе немалаважную ролю. Будуць праводзіцца лекцыі і гутаркі са спецыялістамі абласных і гарадскіх устаноў аховы здароўя (педыятра, псіхатэрапеўта, псіхолага, кардыёлага, стаматолага і інш). Запланаваны майстар-клас па навучанні навыкам аказання першай медыцынскай дапамогі, азнаямленне з мерамі папярэджання траўматызму. Для спецыялістаў –
два семінары па рэалізацыі праекта “Здаровы горад (пасёлак)”, які будзе арганізаваны ў кожным адміністрацыйна-тэрытарыяльным цэнтры Брэстчыны. Правядзём навучальны семінар для ўрачоў і фармацэўтычных работнікаў “Сучасныя тэндэнцыі ў лячэнні і прафілактыцы тэрапеўтычных хвароб”. Пагадзіцеся, для правільнага фарміравання здаровага ладу жыцця важна, каб гэтую работу вялі падрыхтаваныя людзі.
– Летась на выставе-кірмашы ўпершыню правялі конкурс “Здаровая сям’я”. Сёлета – працяг?
– А як жа – будзе! Пераможцам у ім стане самая здаровая і дружная сям’я, члены якой найбольш сацыяльна актыўныя, займаюцца спортам, не хварэюць на працягу некалькіх гадоў. Сям’я павінна быць таксама сацыяльна спрыяльнай, без шкодных звычак. Можна будзе пазнаёміцца з вопытам лепшых сем’яў вобласці ў сферы здаровага ладу жыцця.
– Чаго чакаеце ад сёлетняй выставы?
– Кожны год нашу выставу наведвае ўсё больш людзей, і мы спадзяёмся, што 2013-ы не будзе выключэннем. Водгукі заўсёды толькі станоўчыя. Падобная выстава – гэта ўнікальная магчымасць падзяліцца вопытам, знайсці новых партнёраў па рэалізацыі ідэй фарміравання здаровага ладу жыцця і прафілактыкі захворванняў, сучасных распрацовак, тэхналогій і абсталявання для захавання і ўмацавання здароўя.Будуць арганізаваны акцыі, конкурсы, віктарыны, гульні, тэатралізаваныя прадстаўленні і яшчэ шмат чаго цікавага. Прыходзьце!
Гутарыла Сабіна ГАРАЕВА,
студэнтка
БрДУ імя А.С. Пушкіна.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.