Упэўненыя крокі “Таптышкі”

Упэўненыя крокі “Таптышкі”

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Шматгадовы партнёр сельгаспрадпрыемстваў Берасцейшчыны ААТ “Маларыцкі кансерваваагароднінасушыльны камбінат” – буйнейшы ў Рэспубліцы Беларусь пастаўшчык дзіцячага харчавання і кансерваў агульнага прызначэння

У рабочым кабінеце дырэктара прадпрыемства Таццяны Камянчук, акрамя ўзнагарод, сярод якіх – 7 крыштальных яблыкаў, атрыманых за перамогу ў розных выставах (у тым ліку і міжнародных), на спецыяльным стэндзе і на стале мноства слоікаў. Гэта ўзоры прадукцыі, якую выпускаюць маларыцкія перапрацоўшчыкі. Большасць яе – маленькія слоічкі з дзіцячым харчаваннем. Яно – галоўны брэнд камбіната.
Фруктовыя і гароднінныя сокі і пюрэ пад гандлёвай маркай “Таптышка” палюбіліся не толькі маленькім беларускім гурманам, але і дзятве з бліжняга і далёкага замежжа. Смачная прадукцыя экспартуецца ў Расію, Казахстан, ва Украіну. Зробленыя з натуральных экалагічна чыстых фруктаў і гародніны, якія вырашчаны на палях і ў садах сельгаспрадпрыемстваў Берасцейшчыны, а таксама з сабраных у лясах ягад у экалагічна чыстай шкляной тары, яны знаходзяць свайго спажыўца і сярод дарослага насельніцтва. Так-так, цяпер дзіцячае харчаванне даволі часта выкарыстоўваюць у офісах. А чаму б і не? Мода на здароўе па-ранейшаму актуальная. А экалагічныя чыстыя фруктовыя і гароднінныя сокі, пюрэ з дабаўленнем вяршкоў, ёгуртаў, тварагу – чым не здаровае харчаванне?!.
Дырэктар прадпрыемства, якая пачынала тут сваю працоўную біяграфію 31 год таму тэхнолагам, можа гадзінамі расказваць пра прадукцыю, якую, у асноўным, вырабляюць жанчыны. Іх з 200 чалавек калектыву – прыкладна 70 працэнтаў.
– Лічу, што гэта правільна, – гаворыць Таццяна Уладзіміраўна, – бо ніхто лепш, чым жанчына, не ведае дзяцей, іх густаў і запатрабаванняў. У дзіцячае харчаванне неабходна ўкладваць часцінку сваёй душы, інакш прадукт атрымаецца не з той энергетыкай. Магчыма, таму, што нашы працаўніцы робяць яго нібыта для сваіх уласных дзяцей, пюрэ і сокі атрымліваюцца такімі смачнымі і запатрабаванымі малымі. Задаволены прадукцыяй прадпрыемства і матулі, бо ім цяпер не прыходзіцца марнаваць час на прыгатаванне розных сумесяў ці кашак, і яны могуць больш увагі ўдзяліць мужу, сям’і, заняткам з дзіцём. Спажываць нашага “Таптышку” немаўляты могуць ужо з чатырох з паловай месяцаў.
А дапамагае работніцам выпускаць якаснае дзіцячае харчаванне сучаснае імпартнае абсталяванне з элементамі аўтаматызацыі і камп’ютарызацыі. Яно з’явілася на прадпрыемстве ў 2005 годзе падчас рэканструкцыі сушыльнага цэха пад цэх па выпуску кансерваў для дзіцячага харчавання. Абсталяванне гэтае дазваляе больш глыбока перапрацоўваць сыравіну, захоўваючы ўсе яе біялагічныя і пажыўныя якасці. Дзякуючы праведзенай на прадпрыемстве мадэрнізацыі, за мінулую пяцігодку аб’ёмы вытворчасці прадукцыі ўдалося павялічыць у 5 разоў. Зараз у цэху па выпуску дзіцячага харчавання за змену з канвеера сходзіць ад 40 да 50 тысяч слоікаў сокаў і пюрэ.

Усяго ж на Маларыцкім кансерваваагароднінасушы-льным камбінаце выпускаюць каля 200 найменняў прадукцыі – больш за 150 з іх прыходзіцца на сокі, пюрэ, нектары для дзяцей. Хоць напачатку тут выраблялі толькі маркоўны ды яблычны сок.
Але не толькі дзіцячым харчаваннем славяцца маларыцкія перапрацоўшчыкі. Джэмы і варэнне камбіната лічацца лепшымі ў рэспубліцы. Вырабляюцца яны ў цэху па вытворчасці кансерваў агульнага прызначэння. Тут жа з канвеера сыходзяць сокі і паўфабрыкат з гародніны, які ў выглядзе пюрэ дазваляе захоўваць яе да 1,5 года. А ў цэху асептыкі выпускаюць яблычны сок прамога адціскання. У асептычных нержавеючых ёмістасцях ён таксама можа захоўвацца да года.
Дарэчы тут будзе сказаць пра тое, што калектыў камбіната на чале з кіраўніком пастаянна працуе над абнаўленнем асартыменту выпускаемай прадукцыі. Вынікам такой творчай дзейнасці становіцца выраб новых найменняў дзіцячага харчавання, кансерваў і сокаў агульнага прызначэння –
да 20 у год. Сёлета, напрыклад, увялі новую лінію па выпуску пюрэ і сокаў, у якіх замест цукру выкарыстоўваюць фруктозу, пачалі вырабляць морсы для спаталення смагі, соусы “Дачны”, “Маларыцкі”. Другі год выпускаюць кансервы з абляпіхай і буякамі, квяцістай капустай і капустай брокалі…
Распавядаючы пра работу калектыву, Таццяна Камянчук заўсёды выказвае словы падзякі за цеснае супрацоўніцтва партнёрам акцыянернага таварыства – кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў Маларыцкага, Брэсцкага, Жабінкаўскага, Камянецкага і іншых раёнаў, якія забяспечваюць якаснай разнастайнай гароднінай: зараз у гаспадарках вырошчваюць не толькі звыклыя моркву, буракі, але і кабачкі, квяцістую капусту і капусту брокалі. Цудоўныя яблыкі пастаўляюць СВК “Астрамечава” і “Агра-сад “Рассвет” Брэсцкага раёна. Згадзіцеся, добрая сыравіна –
палова поспеху перапрацоўчага прадпрыемства.
Ну, а другую палову паспяховай работы камбіната забяспечваюць кадры. Гэта, у першую чаргу, тыя людзі, што працуюць на прадпрыемстве не адзін дзясятак гадоў. Такіх тут – 60 чалавек: іх стаж – больш за 20 гадоў. І, вядома ж, каманда дырэктара: галоўны інжынер Юрый Вітрук, намеснік дырэктара Людміла Вазнасіменка, начальнік вытворчасці Валянціна Грыгарук, галоўны бухгалтар Галіна Гар-дзеева, галоўны эканаміст Наталля Салей. Таццяна Уладзіміраўна прызналася: калі стала кіраўніком –
зразумела, што значыць добрая каманда.
І яшчэ. На прадпрыемстве не без гонару гавораць пра сямейныя дынастыі і сем’і, якія працуюць тут. А традыцыю гэтую заклаў былы кіраўнік гароднінасушыльнага завода Іван Дзянісавіч Камянецкі, які разам з жонкай-эканамістам Надзеяй Сяргееўнай аддаў прадпрыемству не адзін дзясятак гадоў. Справу бацькі працягвае сын Алег – слесар па рамонце і абслугоўванні абсталявання, і нявестка Таццяна –
спецыяліст па кадрах.
Муж і жонка, маці і дачка, браты, а часам і цэлыя сем’і – нярэдкасць на камбінаце. Таму і самыя распаўсюджаныя прозвішчы тут Бурыта, Кухарчук, Рудык, Вітрук, Дзібук, Лапін, Самасюк, Бягеза, Камянчук, Астапук, Трафімук, Салей, Русавук, Палівода. Усе яны цяпер – адна вялікая сям’я. Працоўная.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
г. Маларыта.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Не прапальвай сваё жыццё!

Следующая запись

Абвешчаны традыцыйны штогадовы конкурс “Слова маладых”