Беларусь

  • Главная
  • Віншуем!
  • У Доме грамадзянскіх абрадаў Брэсцкага гарвыканкама адбылася першая за апошнія 8 гадоў урачыстая рэгістрацыя трайнят

У Доме грамадзянскіх абрадаў Брэсцкага гарвыканкама адбылася першая за апошнія 8 гадоў урачыстая рэгістрацыя трайнят


Нараджэнне дзіцяці –  не толькі свята для ўсёй сям’і, але і клопат для тых, хто яго чакаў, асабліва для бацькоў, а ў першую чаргу –  для маці. Уявіце сабе, калі гэты клопат адразу множыцца ў тры разы! Але ж і радасці, і шчасця таксама ў тры разы болей!

Сям’я Пятручыкаў з Брэста ў адзін дзень стала шматдзетнай: 16 верасня ў 12-гадовай Паліны Пятручык з’явіліся адразу дзве сястрычкі і брацік. Такі шчодры падарунак мужу Аляксандру Сямёнавічу зрабіла Палініна мама, Алёна Вячаславаўна – нарадзіла трайнят.
Па прызнанні бацькоў, усе трывогі ў чаканні дзетак мінулі. Пакуль яны могуць заявіць пра сябе толькі гучным плачам, калі ім патрэбны ўвага і клопат маці. А яшчэ малыя ахвотна дораць усмешкі родным. Кім яны стануць у будучым? Які след пакінуць на зямлі? Над глабальнымі пытаннямі бацькі падумаюць пазней, а пакуль мараць выключна пра тое, каб іх трайняты падрасталі і былі здаро-вымі.
У мінулую суботу Пятручыкі, паклікаўшы на дапамогу сяброўку Алёны і дачку Паліну,  вывелі немаўлят у свет – у Доме грамадзянскіх абрадаў Брэсцкага гарвыканкама прайшла ўрачыстая цырымонія рэгістрацыі нованароджаных. Вызначыцца з імёнамі бацькам дапамагала Паліна. Шчаслівай сям’і ўручылі адразу тры пасведчанні – аб нараджэнні  Крысціны Аляксандраўны, Марыны Аляксандраўны і Сяргея Аляксандравіча. Першыя дакументы юным брастаўчанам уручыла дырэктар Дома грамадзянскіх абрадаў Зоя Дубоўская. Дарэчы, публічная рэгістрацыя трайнят тут за апошнія 8 год першая, хоць сёлета яшчэ адной сям’і выпісвалі дакументы на трох дзетак.
Прыемным сюрпрызам для Пятручыкаў стаў падарунак ад магазіна “Электрасіла”. Ведаючы, што маці немаўлятак умее шыць, супрацоўнікі гандлёвай кропкі да віншаванняў далучылі швейную машынку.
Мерапрыемства не магло працягвацца шмат часу: маленькія новыя жыхары Брэста павінны есці па раскладзе і спаць. Дарэчы, чакаючы прыезду сям’і, усе меркавалі, што будзе “плаксівая” рэгістрацыя, але дзеткі былі вельмі спакойныя і годна вытрымалі свой першы выхад у свет, нібыта адчувалі сур’ёзнасць і ўрачыстасць моманту.

Ганна ІВАШЧАНКА,
студэнтка БрДУ
імя А.С. Пушкіна.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля