Душой багатыя банкіры

Душой багатыя банкіры

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

У Бярозаўскім аддзяленні ААТ “Белаграпрамбанк” душэўны мікраклімат і камфортную атмасферу для кліентаў ствараюць крэатыўныя старажылы і “залатая” моладзь

Апынуўшыся каля будынка Бярозаўскага аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк”, адразу становіцца зразумела, чаму адной з традыцый у райцэнтры стала прыязджаць сюды на шлюбную фотасесію. Сапраўды, казачны і адначасова сучасны дызайн сумежнай з банкам тэрыторыі радуе вока. Дарэчы, створана гэта прыгажосць рукамі работнікаў банка – вельмі натхнёных і неардынарных людзей, а таксама Прафесіяналаў з вялікай літары.
Пра сваіх работнікаў кіраўнік гаворыць вельмі цёпла. Генадзь Бугаеў хоць і ўзначальвае аддзяленне адносна нядаўна, з 2011 года, аднак паспеў ужо адчуць, што калектыў тут – як адна сям’я. Дружная і зладжаная каманда –  так прадставіў Генадзь Аляксандравіч сваіх работнікаў падчас сустрэчы з вядомым беларускім пісьменнікам і членам рэспубліканскай інфармацыйнай групы Уладзімірам Сітухам. А на думку літаратара, у Бярозаўскім аддзяленні яшчэ і неверагодныя прыгажуні працуюць.  Пэўна, так яно і ёсць, бо ад кліентаў, якія давяраюць ім свае фінансы, адбою няма. А да прыгажосці знешняй можна дадаць яшчэ і багаты ўнутраны свет кожнага з банкіраў.
– У нас усе спяваюць, – расказвае намеснік кіраўніка па курыраванні карпаратыўнага блока Маргарыта Кухарчук. – Артысты, гумарысты, рамеснікі – такія нашы супрацоўнікі! Прычым  здзівіць сваімі хобі ды захапленнямі могуць як вопытныя старажылы, так і моладзь.
Аб дасягненнях і поспехах бярозаўскіх банкіраў яскрава расказваюць шматлікія дыпломы, граматы і кубкі ў кабінеце кіраўніка. Перамогі ў валейболе, футболе, мастацкай самадзейнасці, добраўпарадкаванні і, безумоўна, у прафесійнай сферы – заслуга яшчэ і папярэдняга кіраўніка Святланы Кошаль. Цяперашні лідар працягвае добрыя традыцыі.
Вядома ж, для таго, каб увесь час падтрымліваць творчы запал і энергічнасць работнікаў, неабходны спецыфічная душэўная атмасфера і спрыяльны мікраклімат. Менавіта такія ўмовы і стварыў Генадзь Бугаеў у калектыве.
– У аснове паспяховай дзейнасці –
не толькі нармальныя эканамічныя адносіны, але і чалавечыя, – разважае Генадзь Аляксандравіч. – Грошы варта ўкладваць туды, дзе ёсць аддача. Такога ж прынцыпу прытрымліваюся і з людзьмі. Да чалавека трэба адносіцца так, як ён да цябе.
Яшчэ нядаўна ён узначальваў Маларыцкае аддзяленне “Бел-аграпрамбанка”, а цяпер “прыкіпеў” да Бярозаўшчыны. І калектыў, і кліенты заўважылі, што кіраўнік аддае перавагу чалавечым якасцям і адказнаму падыходу да справы.  Магчыма, немалая заслуга ў гэтым бацькоў. Маці 20 гадоў кіравала банкам, бацька працаваў у праваахоўных органах, а сястра – эканамістам. Адказнасці, людскасці і ўменню жыць сярод людзей у згодзе вучацца і дзве любімыя дачушкі Генадзя Аляксандравіча. Малады кіраўнік скончыў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт у 2001 годзе, таму памятае, як цяжка прыходзіць на першае працоўнае месца.
У банку навічкам дапамагаюць супрацоўнікі са стажам. А моладзь не расчароўвае, наадварот – праяўляе ініцыятыву. Напрыклад, спецыяліст аддзела актыўных банкаўскіх аперацый Вольга Шымчук  па першай адукацыі – педагог, дасканала валодае нямецкай мовай. Вось і давяраюць ёй замежных кліентаў.
Нядаўна Бярозаўскае аддзяленне ААТ “Белаграпрамбанк” перамагло ў абласным конкурсе па афармленні банкаўскіх дворыкаў. Немалая заслуга ў гэтым спецыяліста аддзела актыўных банкаўскіх аперацый Надзеі Варанчук-Шаўкаловіч. Яна захапляецца пляценнем з лазы і прызналася, што ідэй для дэкору ў яе шмат, а калегі такія эстэтычныя метамарфозы толькі вітаюць.
Моладзь у банку называюць “залатой” – значыць, добрай, працаздольнай, ініцыятыўнай, гатовай вучыцца і самаўдасканальвацца.
Сёння ў Бярозаўскім аддзяленні (разам з падначаленым разлікова-касавым цэнтрам у Драгічыне) звыш 120 спецыялістаў.
– Працаваць з людзьмі тут лёгка і надзвычай прыемна, – прызнаецца галоўны спецыяліст па кіраванні чалавечымі рэсурсамі Святлана Якубовіч. – Калектыў вельмі творчы. Як кажуць, што ні птушачка – дык пявучая.
Яскравае пацвярджэнне гэтаму знаходзіцца за суседнім сталом. Юрысконсульт Мікалай Вайтуховіч па прыкладзе многіх калег цудоўна спраўляецца не толькі з прафесійнымі абавязкамі, а яшчэ і захапляецца відэаздымкай. Сам жа прыярытэтнымі ў рабоце называе добры калектыў і стабільнасць. Ды, як паказвае практыка, адно з другім непарыўна звязана.
Адданыя старажылы банкаўскай справы складаюць касцяк калектыву. Гэта работнікі, чые адносіны з банкам налічваюць амаль 40 гадоў. Сярод іх – галоўны бухгалтар Людміла Колас, спецыяліст аддзела ўнутрыбанкаўскіх аперацый Раіса Злотка, актывістка-гумарыстка Марыя Філюта з аддзела разлікаў, бестурботныя супрацоўніцы аддзела актыўных банкаўскіх аперацый Валянціна Грыневіч, Людміла Бушля, Таццяна Новік… Словам, пералічваць можна бясконца, бо такіх у банку –
пераважная большасць.
Бліжэй пазнаёміцца менавіта з Таццянай Новік прымусіла яе ўнікальная гісторыя. Жанчына адметная не толькі багатым прафесійным стажам, але і тым, што з’яўляецца выдатнай прадстаўніцай сапраўднай банкаўскай дынастыі. Муж Таццяны Іванаўны працуе ў інкасацыі, дачка – у касе, а сын атрымліваў эканамічную адукацыю ў Брэсце. У свой час старанная жанчына нават узначальвала аддзел актыўных банкаўскіх аперацый. Аднак без ваганняў саступіла пасаду, бо знайшла годную пераемніцу – сённяшнюю начальніцу Людмілу Самуту.
Таццяна Новік прызнаецца: яна ганарыцца сваім банкаўскім мінулым. Прафесія –
любімая і зусім не сумная, насуперак распаўсюджанаму стэрэатыпу. Жанчына з усмешкай узгадвае перамены, сведкай якіх давялося быць. Ці ж не жарт: трапіла ў банк яшчэ ў 1975-м! З таго часу ўстанова не толькі прырасла новымі кліентамі, паслугамі і магчымасцямі, але нават паспела змяніць “прапіску”. Разам з ёй у новы ўтульны будынак пераехала і Таццяна…
У надзённых клопатах час ляціць незаўважна. На рабоце сядзець без справы не дазваляюць шматлікія наведвальнікі, а дома кожная вольная хвілінка дэмакратычна размяркоўваецца паміж хатнімі турботамі, гародам і ўнукамі. Апошніх, дарэчы, няўрымслівая жанчына лічыць самым любімым хобі. Нешта падказвае, што і яны – маленькія гарэзы – у якасці прыкладу для пераймання абяруць менавіта бабулін вопыт.
А вось у Людмілы Самуты, той самай паслядоўніцы Таццяны Новік на пасадзе начальніка аддзела, выбар прафесіі насіў выпадковы характар. Жанчына зусім не збіралася ў банкіры і марыла стаць настаўнікам, але лёс склаўся інакш. Сёння яна ўмела кіруе цэлым падраз-
дзяленнем, у складзе якога – 9 чалавек, і не шкадуе, што ўсё здарылася менавіта так. Гэта ж прафесія выбрала яе – і нікуды тут не дзенешся!
Між іншым, таленавітая моладзь Бярозаўскага аддзялення “Белаграпрамбанка” з кожным новым днём прыбаўляе ў прафесійным майстэрстве. Гэтаму, як нельга лепш, спрыяе яшчэ адна цудоўная традыцыя ўстановы – выхаванне ўласных кадраў. Так, сёння шэсць чалавек атрымліваюць вышэйшую адукацыю ў Палескім дзяржаўным універсітэце, Белдзяржуніверсітэце, Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце.
Перспектыўныя навічкі актыўна ўдзельнічаюць у прафесійных конкурсах і, што асабліва радуе, вяртаюцца адтуль з разнастайнымі трафеямі ды тытуламі. Нядаўна на падобных галіновых спаборніцтвах сярод аддзяленняў “Бел-аграпрамбанка” перамогу здабыла Алеся Люсцібер. Дзяўчыну прызналі лепшым у Беларусі спецыялістам па абслугоўванні прыватных кліентаў і ўзнагародзілі пуцёўкай у Турцыю. Мэтанакіраваная Алеся на дасягнутым не спынілася: яна прыкладае максімум намаганняў, каб заваяваць яшчэ адну катэгорыю наведвальнікаў банка – юрыдычных асоб. Дзяўчына змяніла вектар дзейнасці: перайшла ў аддзел актыўных банкаўскіх аперацый, у якім, сцвярджае, асабліва падабаецца камунікацыйны аспект. Ды на пытанне пра любімых кліентаў абаяльны спецыяліст адказвае даволі сціпла, затое сумленна: з сімпатыямі пакуль не вызначылася, бо ўсе наведвальнікі аднолькава добразычлівыя. Можа, таму і першы дзень у Бярозаўскім аддзяленні таксама ўзгадваецца без напружання. А ён, дарэчы, здарыўся не так даўно – два гады таму.
– Быў канец рабочага тыдня, усе мітусіліся, даводзілі да ладу справы, – расказвае Алеся Люсцібер. – Ды мяне сустрэлі вельмі гасцінна, пазнаёмілі з калектывам і працоўнымі абавязкамі. Адразу кінулася ў вочы тое, што людзі тут, сапраўды, рады навічкам. Здавалася, мяне не проста ўзялі на працу, а прынялі ў дружную сям’ю. Зрэшты, так яно і атрымалася. Таму ў прафесіі больш за ўсё цаню менавіта гэтых людзей, а яшчэ – нядрэнныя перспектывы кар’ернага росту. Сярод захапленняў, не звязаных з фінансамі, перавагу аддаю… рыбалцы – як бы дзіўна гэта ні гучала.
У працяг тэмы кар’ернага росту варта заўважыць, што ў Бярозаўскім аддзяленні старанныя і працаздольныя заўжды знаходзяць сваё месца пад сонцам. За пацвярджэннем і хадзіць далёка не прыйдзецца: неабходна толькі завітаць у аддзел унутрыбанкаўскіх аперацый. Літаральна месяц таму адна з яго супрацоўніц –
Алена Мшар – прайшла атэстацыю ў Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь і са спецыяліста II катэгорыіі “вырасла” да пасады намесніка галоўнага бухгалтара.
Аддзелу інфармацыйных тэхналогій банка таксама ёсць чым пахваліцца. Ён прадстаўлены сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы: начальнікам Дзмітрыем Коўцікам, яго вернымі паплечнікамі Андрэем Мацвейчыкам і Сяргеем Верамчуком, а таксама маладзенькай прадстаўніцай прыгожай паловы чалавецтва Марыяй Ліцвінец, якая пасля заканчэння Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта вярнулася ў родную Бярозу.
Сапраўднай мужчынскай тэрыторыяй з’яўляецца сектар забеспячэння на чале з кіраўніком Аляксандрам Шаровым. Затое ў аддзела разлікаў, як і ў мноства іншых у банку, пераважна жаночы твар. Амаль на 80 працэнтаў ён складаецца з найбольш вопытных спецыялістаў галіны, якія прысвяцілі любімай прафесіі па 30 і болей гадоў. Падраздзяленнем колькасцю ў 11 чалавек кіруе Галіна Макарэвіч, а замяшчае яе Ірына Мшар. Доўгая праца разам, вядома ж, наклала свой адбітак не толькі на характары, але і на знешняе аблічча калег. Прыгожыя, ветлівыя, з нязменнымі ўсмешкамі на вуснах – так жанчыны сустракаюць кожнага без выключэння кліента.
Па суседстве месціцца сектар уліку аперацый рознічнага бізнесу, які ўзначальвае Алена Янчук – дачка патомных банкіраў. Яе маці Галіна Стэльмашук правяла ў бела-аранжавых сценах 40 непаўторных гадоў жыцця, у тым ліку працавала і на паса-дзе намесніка кіраўніка. Сама ж Алена пачынала кар’еру ў Жабінцы, але, як кажуць, жыццёвыя шляхі ўсё роўна прывялі дадому. У роднай Бярозе жанчына паспяхова рэалізавалася ў любімай прафесіі.
Крыніца мудрасці і вопыту –
прыкладна так можна ахарактарызаваць адну з вядучых кліентаарыентаваных структур банка – аддзел кліенцкага менеджменту, які мае справу з юрыдычнымі асобамі. Яго ўзначальвае вопытная Тамара Куліна, якая знаходзіцца ў эпіцэнтры грамадскага жыцця ўстановы. Менавіта Тамары Яўгенаўне трэба падзякаваць за арыгінальныя сцэнарыі для шматлікіх конкурсаў мастацкай самадзейнасці.
– Важнае месца ў банкаўскай структуры займае і аддзел рознічных паслуг, без якога знаёмства з фінансавай установай было б няпоўным, –
лічыць намеснік кіраўніка па розніцы Марына Хутко. –
Аддзел спецыялізуецца на абслугоўванні фізічных асоб, а ўзначальвае яго Віктар Мядзведзь. Прыкладна тое ж – і ў кампетэнцыі аддзела касы, за руль якога моцна трымаецца Юлія Галета – прыгажуня і спецыяліст высокага класа.
Энергічныя бярозаўскія фінансісты настолькі звыклі працаваць плячо ў плячо і падтрымліваць адзін аднаго ў складаных сітуацыях, што сумеснае існаванне даўно ператварылася ў своеасаблівае мастацтва. Хоць яго асноўныя прынцыпы – узаемаразуменне, узаемапавага, узаемадапамога – не выкладаюцца на занятках па эканоміцы, тут яны сталі абавязковымі нормамі карпаратыўнай этыкі. І гэта, сапраўды, падстава для гонару!
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”,
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”,
г. Бяроза.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь правядзе прыём у Брэсце

Следующая запись

Падарунак камунальнікам