Ваенная тайна слупа “2014”
У Белавежскай пушчы, у рэзідэнцыі беларускага Дзеда Мароза, прайшоў казачна-ўрачысты рытуал: галоўны чараўнік краіны аддаў загад пагранічнікам забяспечыць бесперашкодны пераход Новага 2014 года з Усходу на Захад праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь
Загад выкананы дакладна. Такім чынам берасцейскія ахоўнікі мяжы ўзнавілі традыцыю, пачатак якой быў пакладзены ў 2008 годзе (дарэчы, у той жа год беларускі Дзед Мароз атрымаў чын ганаровага пагранічніка). Сёлетнія ўрачыстасці прайшлі ў рамках акцыі “Нашы дзеці”. У гэты дзень пагранічнікі запрасілі да сябе ў госці 20 хлопчыкаў і дзяўчынак з Брэсцкага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Кіраўніцтва Нацыянальнага парка, нягледзячы на перадсвяточную “перагрузку”, ахвотна падтрымала добрую ініцыятыву.
Спачатку юныя брастаўчане сталі ў карагод і песняй прывіталі самую высокую ёлку ў Еўропе. Пасля каля варот сядзібы іх добразычліва сустрэў Янка – персанаж беларускай народнай казкі “Аддай тое, што дома не пакінуў”. Дасціпны герой загадаў загадкі, расказаў хлопчыкам і дзяўчынкам пра таямнічы калодзеж, пра Беласнежку, якую тут называюць Белавежкай…
А вось і домік самога пушчанскага чараўніка. Пасля трохразовага “Дзед Мароз і Снягурка, выходзьце!” з’явіўся гаспадар сядзібы з унучкай. Не паверыце, але Дзед Мароз пазнаў аднаго са сваіх юных гасцей (“А вось гэтага хлопчыка я запомніў. Праўда, мінулы раз ён у іншай шапачцы быў!”). Хітрун Дзядуля, бо перад гэтым папрасіў падняць руку ўсіх малых, якія хоць раз да яго прыязджалі. А мо і напраўду запомніў. Пушчанскі Дзед – вопытны педагог. А яшчэ ён прызнаўся, што не вельмі паважае тых, хто думае адно толькі пра падарункі: прышліце, маўляў, мне тое, другое і трэцяе. Мудры чараўнік ідзе толькі да тых, хто імкнецца да ведаў і ўвесь час выхоўвае сябе: “Лянівага Дзед Мароз за нос шчыпле, а перад рупліўцам і сам гатовы шапку зняць”. Вось як!
А затым адбылася і сама сімвалічная дзея – адданне загаду. Дзед Мароз стукнуў аб зямлю чароўным посахам, у сярэдзіне якога “і навігатар, і камеры назірання, і МТС…” – і адразу па стойцы “смірна” застыў пагранічны нарад з верным сабакам Зурымам. Ганаровы пагранічнік абвёў прысутных поглядам:
– Загадваю: выступіць на ахову дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь…
– Ёсць выступіць на ахову!..
Скептык, магчыма, паблажліва ўсміхнецца: “Здзяцінелі!” Але варта было папрысутнічаць на самой урачыстасці, паглядзець на прыціхлых дзяцей, якія пераводзілі позіркі то на Дзеда Мароза, то на падцягнутых сяржантаў-пагранічнікаў з сапраўднымі аўтаматамі, каб пераканацца, што такая казка-няказка вельмі патрэбна 6-12-гадовым. І, хто ведае, магчыма, менавіта гэтыя моманты праз два дзясяткі гадоў нехта з будучых афіцэраў-пагранічнікаў будзе ўспамінаць як самыя светлыя дні свайго не аблашчанага лёсам дзяцінства.
Для выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра г. Брэста гэты дзень аказаўся наогул багатым на падзеі. З падарункамі і добрымі ўражаннямі ад сустрэч у рэзідэнцыі пушчанскага чараўніка яны прыехалі на заставу №2. Тут хлопчыкі і дзяўчынкі бліжэй пазнаёміліся з жыццём і бытам ахоўнікаў мяжы, падсілкаваліся, многа чаго пабачылі ўласнымі вачыма.
Наогул, у пушчы тры пагранічныя заставы, але дакладна вядома, што Новы год прайшоў па тэрыторыі другой, у пункце пропуску “Перароў”. Так як матэрыяльных каштоўнасцей ён з сабой не пераносіў, то мяжу перасёк без усялякага мытнага афармлення. Трэба думаць, што на шляху ў краіны Еўрасаюза Новы год не растраціў святочны настрой, веру ў справядлівасць і дабро. А людзі ў зялёных фуражках усяляк спрыялі яму ў гэтым.
Свята для дзяцей-сірот, якое прайшло 26 снежня, – толькі адно з шэрагу мерапрыемстваў, праведзеных у межах рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” ўпраўленнем ідэалагічнай работы Брэсцкай пагранічнай групы. Сродкі на іх, думаецца, затрачаны не такія ўжо і сімвалічныя. Дарэчы, на пытанне – колькі? – Дзмітрый Дзяватаў, начальнік упраўлення, як і належыць сапраўднаму дабра-дзею, адказаў: “А навошта Вам гэта?” Удакладніў толькі, што ў асноўным матэрыяльныя сродкі збіраліся на саміх заставах. І не толькі для гэтай дзеі. Як расказаў Дзмітрый Анатольевіч, людзі ў пагонах павіншавалі са святам хлопчыкаў і дзяўчынак Кобрынскага дзіцячага дома, іншых выхаваўчых устаноў. Не забыты і дзеці саміх вайскоўцаў – больш чым для ста з іх Дзяржаўны пагранічны камітэт наладзіў напярэдадні Новага года паездку ў сталічны цырк.
А да пагранічнага слупа з датай “2014” і гербам краіны, што з’явіўся ля самага ўвахода ў домік Дзеда Мароза, тым пераднавагоднім днём было прымацавана 20 самаробных паштовак-сувеніраў. На зваротным баку кожнай з іх – самыя запаветныя жаданні дзяцей, якія абавязкова збудуцца, як пераканаў сваіх гасцей галоўны беларускі чараўнік. Хто ведае, магчыма, у канцы свайго нялёгкага працоўнага дня ён прачытаў напісаныя няроўным дзіцячым почыркам просьбы і змахнуў з вачэй зусім не казачную слязу, бо лёгка здагадацца пра найпершае жаданне дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай ласкі.
Што да лёсу самога слупа “2014” на імправізаванай заставе, то, па словах ганаровага пушчанскага пагранічніка Дзеда Мароза, – гэта “ваенная тайна”, а тайны на тое і існуюць, каб іх нікому не выдаваць.
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”,
Белавежская пушча.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.