Тры краіны і адно Палессе
Толькі сумеснымі намаганнямі магчыма захаваць прыроднае багацце ўнікальнага рэгіёна
Кажуць, што загаданыя ў навагоднюю ноч жаданні абавязкова спраўджваюцца. Хоць удзельнікі першага пасяджэння Каардынацыйнага савета з нагоды стварэння трансгранічнага біясфернага рэзервата “Заходняе Палессе” падзяліліся сваімі жаданнямі амаль на тыдзень раней, чым куранты адлічылі пачатак Новага 2014-га, хочацца спадзявацца, што яны таксама стануць рэальнасцю. Дэлегацыі трох краін – Беларусі, Украіны і Польшчы – сустрэліся ў Брэсце, каб абмеркаваць дэталі работы над сумесным планам кіравання трансгранічным біясферным рэзерватам. Нашу дэлегацыю ўзначальваў Ігар Качаноўскі, намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, украінскую –
Віктар Канцурак, дырэктар Дэпартамента запаведнай справы Міністэрства экалогіі і прыродных рэсурсаў, польскую – Зыгмунт Кржэмінскі, саветнік міністра навакольнага асяроддзя.
Палессе здаўна лічылася адным з самых унікальных рэгіёнаў на планеце, слынных за кошт захаванасці флоры і фаўны, у тым ліку і лясоў. Зараз гэтай тэрыторыі эколагі адводзяць вельмі важную ролю: яна прадэманструе, як павінны жыць у сяброўстве прырода і соцыум, лічыць Мікалай Лукашук, дырэктар ландшафтнага заказніка “Прыбужскае Палессе” – беларускай часткі рэзервата “Заходняе Палессе”. Іншымі словамі, ёй наканавана стаць своеасаблівым індыкатарам экалагічнай культуры насельніцтва, дасведчанасці наконт таго, як патрэбна сябе паводзіць у прыродным асяродку. Аднак, у адрозненне ад асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, рэзерват павінен садзейнічаць не толькі захаванню біялагічнай разнастайнасці, але і стварэнню аптымальных сацыяльна-эканамічных умоў для развіцця гаспадарчай дзейнасці мясцовага насельніцтва. Тым не менш, апошняе павінна быць арганізавана такім чынам, каб не перашкаджаць ахове прыроды. А стварэнне трансгранічнага рэзервата на тэрыторыі трох краін, як аказалася, адкрывае яшчэ больш пляцовак для канструктыўнага экалагічнага дыялогу з бліжэйшымі суседзямі і яшчэ больш кропак судакранання.
Захаваць натуральную
прыгажосць Палесся ў трансгранічным кантэксце, па словах Ігара Качаноўскага, магчыма толькі сумеснымі намаганнямі. Тым больш што польскія і ўкраінскія суседзі таксама надаюць важнае значэнне дадзенаму пытанню, а прыродныя экасістэмы, як вядома, не маюць дзяржаўных меж.
Дарэчы, гісторыя аб’яднання трох краін з мэтай захавання непаўторнай аўтэнтычнасці палескага рэгіёна вядзе адлік з 1991 года. Менавіта тады Украіна і Польшча ўсур’ёз задумаліся пра супрацоўніцтва, але прыродаахоўныя службы Беларусі доўгі час не выказвалі зацікаўленасці праектам стварэння трохбаковага рэзервата. Без Беларусі, слыннай “палескай дзяржавы”, ідэя, вядома ж, не магла быць рэалізавана належным чынам. Аднак палякі і ўкраінцы, пэўна, вырашылі: лепш сініца ў руках, чым жораў у небе – а таму распрацавалі навуковае абгрунтаванне стварэння рэзервата пакуль што ў межах дзвюх краін. Геаграфічна ён пашыраўся на Шацкае паазер’е з украінскага і на Ленчынска-Уладаўскае паазер’е з польскага бакоў, а таксама на частку ракі Буг паміж імі. Наша краіна далучылася да суседзяў толькі ў 2002-м.
Спачатку на Брэстчыне
быў створаны Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Прыбужскае Палессе”, плошча якога зараз налічвае каля 8 тысяч гектараў. А праз некаторы час на свет з’явіўся і яго знакаміты цёзка – аднайменны біясферны рэзерват, але значна шырэйшы па сваіх габарытах: яго ўгоддзі складаюць больш за 48 тысяч гектараў. Перспектыўны навічок у даволі кароткі тэрмін, але па праве быў ганараваны статусам біясфернага рэзервата ЮНЕСКА, у першую чаргу дзякуючы сваім лясным экасістэмам, якія па ўзросце, узроўні захаванасці і разнастайнасці можна параўнаць хіба што з пышнымі масівамі Белавежскай пушчы.
Афіцыйна трансгранічны біясферны рэзерват быў абвешчаны ў 2012 годзе: генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ірына Бокава ўрачыста ўручыла прадстаўнікам Беларусі, Украіны і Польшчы сертыфікаты міжнароднага ўзору. З гэтага часу “Заходняе Палессе” лічыцца чацвёртай у свеце і другой у Еўропе трохбаковай ахоўнай прыроднай тэрыторыяй. Яго плошча налічвае 263 тысячы гектараў, 48 тысяч з іх, як ужо адзначалася, прыходзіцца на долю Беларусі, 75 тысяч займае Украіна і самы вялікі працэнт належыць Польшчы – 140 тысяч гектараў. Кожны з біясферных рэзерватаў існуе асобна і прыцягвае спецыялістаў у галіне экалогіі неверагоднай прыроднай прывабнасцю. У суседзяў, сапраўды, атрымалася захаваць і нават прымножыць багатую экалагічную спадчыну Палесся, набыць міжнароднае прызнанне. А дэвіз трохбаковага трансгранічнага біярэзервата гучыць хоць і сціпла, але ж надзвычай дакладна: “Тры краіны – адно Палессе”.
У новым годзе тры краіны па-ранейшаму будуць клапаціцца аб сваім Палессі. У кожнага з бакоў ёсць планы кіравання біясфернымі рэзерватамі ў сябе на радзіме: на сустрэчы ў Брэсце іх агучылі прадстаўнікі ахоўных прыродных тэрыторый у складзе “Заходняга Палесся”. На думку Пятра Юрчука, дырэктара Шацкага нацыянальнага парка, украінскі вопыт варты ўвагі і вывучэння, у будучым ён нават можа стаць адным з асноўных элементаў сумеснай кіраўнічай стратэгіі. План уключае ў сябе некалькі важных этапаў як кіравання самім рэзерватам, так і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў, што там працуюць.
У палякаў сітуацыя больш
складаная: частка “Заходняга Палесся” з іх боку мае розны статус аховы. Яна складаецца з невялікіх па памерах аб’ектаў, самы буйны з якіх – Нацыянальны парк “Палескі”, адпаведна яму належыць і самы высокі ахоўны рэжым.
– Землі парка ўваходзяць таксама ў сетку еўрапейскіх прыродаахоўных тэрыторый “Натура 2000”, – адзначыў Яраслаў Шыманскі, дырэктар Нацыянальнага парка “Палескі”. – Гэта форма аховы пэўных відаў жывёл, раслін, а таксама асяроддзя іх пасялення ў краінах Еўрасаюза. Для нас вельмі важна, каб агульныя стратэгіі кіравання трансгранічным рэзерватам “Заходняе Палессе”, якія будуць выпрацаваны ў будучым, не пярэчылі праекту “Натура 2000”.
У новым годзе тром краінам прыйдзецца знайсці кампраміс не толькі ў дадзенай сферы. Міжнародны статус ЮНЕСКА накладвае адпаведныя абавязкі на трансгранічны рэзерват, ігнараваць якія проста немагчыма. Па-першае, краіны-ўдзельніцы павінны своечасова прадставіць сумесную картаграфію “Заходняга Палесся”, а па-другое, вызначыцца нарэшце з планам кіравання – таксама сумесным, бо ўласныя дакументы будуць мець значэнне толькі для пэўнай краіны. Да таго ж, тое, што прыйдзецца даспадобы ў плане аховы прыроды, напрыклад, Украіне, можа не спадабацца Польшчы ці Беларусі і наадварот.
Зараз украінскія, беларускія і польскія спецыялісты ў галіне экалогіі разважаюць над тым, што павінен уяўляць сабой сумесны план кіравання трансгранічным біясферным рэзерватам “Заходняе Палессе”: мэтазгодна зрабіць з яго дэтальны дакумент, які патрабуе шмат часу, цярпення і фінансавых сродкаў, ці лепш засяродзіць увагу на стратэгіі і вызначыць, у якім кірунку рухацца далей. У прыватнасці, Наталля Рыбянец, намеснік старшыні Беларускага нацыянальнага камітэта праграмы
ЮНЕСКА “Чалавек і біясфера”, пераканана, што сумесны план кіравання павінен больш нагадваць рамачную стратэгію, але да працэсу яе стварэння краінам варта падысці з усёй адказнасцю – яна павінна быць насычанай і змястоўнай. Тым больш што ў падобных стратэгіях апошнім часам мяняюцца акцэнты: калі раней асноўнае значэнне надавалася менавіта ахоўнай дзейнасці, дык зараз на першы план выходзіць забеспячэнне ўстойлівага эканамічнага развіцця рэгіёна і ўцягванне насельніцтва.
Для эфектыўнага выканання задач па сумеснай ахове “Заходняга Палесся”, пастаўленых перад трыма суседкамі, прыйшлося стварыць рабочую групу, у склад якой трапілі прадстаўнікі Украіны, Беларусі і Польшчы. Наконт жа сустрэч, падобных на тую, што адбылася ў снежні ў Брэсце, бакі дамовіліся праводзіць іх адзін раз у год, калі ўзнікне неабходнасць – дык сустракацца часцей. Мяркуецца, што ў наступны раз пасяджэнне Каардынацыйнага савета гасцінна прыме ўкраінскі Шацк, дзе прысутныя зноў пагавораць пра сваё Палессе – самабытнае, неверагодна прыгожае, але такое далікатнае ў плане аховы.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
Даведка “НТ”
На планеце налічваецца больш за 530 біясферных рэзерватаў, мэта якіх – захаваць у натуральным стане ландшафтна-біялагічную разнастайнасць Зямлі. Біярэзерваты ЮНЕСКА маюць высокі прыярытэт у міжнародным экалагічным праве, абавязковым да выканання членамі
ЮНЕСКА. Да ліку такіх дзяржаў належыць і Беларусь. На яе тэрыторыі налічваецца некалькі біясферных рэзерватаў у статусе міжнародных: запаведнік “Бярэзінскі”, Нацыянальны парк “Белавежская пушча” і “Прыбужскае Палессе”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.