Выхоўвайце сябе!

Выхоўвайце сябе!

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

У Маларыцкім дзяржаўным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці на пасяджэнні “круглага стала” абмеркавалі тэму “Праваслаўе – крыніца маральнасці, патрыятызму, культуры і духоўнасці”
Выхаванне маладога пакалення было і застаецца абавязкам грамадства, якое павінна клапаціцца пра сваю будучыню. Актуальнасць гэтай праблемы не выклікае сумненняў. У свеце, дзе такі шырокі доступ да самай рознай інфармацыі, надзвычай важна даць моладзі правільныя арыенціры, дапамагчы засвоіць прынцыпы маральна здаровага грамадства, навучыць супрацьстаяць самым розным спакусам. У выхаваўчым працэсе задзейнічаны сям’я, навучальныя ўстановы, улада, грамадскія арганізацыі, актыўна далучаецца да гэтай справы праваслаўная царква.
“Круглы стол”, арганізаваны на гэтым тыдні Маларыцкім ліцэем сельгасвытворчасці сумесна з Маларыцкім благачыннем, сабраў неабыякавых да лёсу моладзі людзей – прадстаўнікоў органаў мясцовай улады і праваахоўных органаў, педагогаў і свяшчэннаслужыцеляў. Ра-зам паспрабавалі вызначыць шляхі фарміравання духоўна-маральных, патрыятычных якасцей навучэнцаў праз далучэнне іх да традыцый праваслаўнай духоўнай культуры Беларусі, абмеркавалі неабходнасць матывацыі моладзі да самаразвіцця, выхавання ўсведамлення асобаснага духоўна-маральнага ўдасканалення і выпрацавалі рэкамендацыі для педагогаў па духоўна-маральным выхаванні падрастаючага пакалення. Размова атрымалася грунтоўная, а вострыя спрэчкі пацвердзілі своечасовасць дыскусіі.
Маральнасць, патрыятызм, культура, духоўнасць – паняцці вельмі важныя: калі ў дзяцінстве, юнацтве не засвоіць іх, дык нават страшна ўявіць, у якім грамадстве будзем жыць. Намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Вадзім Шпетны падзяляе думку, выказаную некалі патрыярхам Алексіем II: “Патрыятызм несумненна актуальны… Чалавек без патрыятызму па сутнасці не мае сваёй краіны…”. Вадзім Паўлавіч заўважыў: “Сучасная моладзь хоча бясконцай свабоды і ніяк не хоча прызнаць, што свабода – гэта адказнасць за сябе, сваё цялеснае і духоўнае здароўе, незалежнасць сваёй краіны, за сваю справу, працу. Толькі так можна быць патрыётам, любіць сваю сям’ю, не рабіць людзям зла”.
Настаяцель маларыцкай Свята-Мікалаеўскай царквы іерэй Віктар Паляціла разважаў аб праваслаўных традыцыях духоўна-маральнага станаўлення чалавека, біблейскім сэнсе і змесце патрыятызму. Айцец Віктар, які кіруе Маларыцкім благачыннем, адзначыў, што грамадства пачынае ўсведамляць: без пэўных меж у паводзінах чалавека нічога добрага не будзе. “Дзе хлеб, там і радзіма – зусім непрымальная пазіцыя, – лічыць бацюшка. – Патрыятызм трэба ўмацоўваць вераю. Адраджэнне праваслаўя –
добры знак. У савецкія часы на Маларытчыне было толькі тры дзеючыя храмы, цяпер – 15.
Праваслаўныя прыходы маюць вялікі выхаваўчы патэнцыял. Закон Божы заклікае чалавека быць адказным за свае думкі, перажыванні, дзеянні. Вось гэта і трэба даносіць да моладзі”.
Пра ролю царквы ў духоўна-маральнай адукацыі моладзі гаварыў настаяцель храма Раства Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Макраны Мікалай Казінец. Ён упэўнены, што “чалавек павінен быць найперш чалавекам, і кожнаму надзвычай важна спасцігнуць сапраўдную любоў да іншых лю-дзей – толькі так можна зразумець, як “працуюць” хрысціянскія запаведзі”.
Выхаванне маладога пакалення вядзецца праз ня-дзельныя школы, якія створаны ва ўсіх прыходах Маларыцкага раёна і праз дзейнасць двух маладзёжных брацтваў. Цікавыя стасункі з Маларыцкім благачыннем мае прафесійны ліцей. Як расказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Галіна Стасюк, установа і благачынне апошнія два гады заключаюць пагадненне аб супрацоўніцтве. Падлеткі знаёмяцца з храмамі і манастырамі Брэстчыны, свяшчэннікі право-дзяць з навучэнцамі гутаркі на злабадзённыя тэмы, удзельнічаюць у канферэнцыях разам з педагогамі, бо маральна-духоўнае развіццё апошніх таксама важнае.На пасяджэнні савета прафілактыкі ліцэя запрашаюць свяшчэннікаў, як і на многія іншыя мерапрыемствы. Дырэктар ліцэя Станіслаў Ляшчук зазначае: “Моладзь у нас розная, таму і выхоўваць неабходна ўсімі магчымымі сродкамі”.
Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Строк прапанаваў умацоўваць сувязь праваслаўнай царквы і сродкаў масавай інфармацыі, актыўней выкарыстоўваць інтэрнэт-рэсурсы: “Хоць у Маларыцкага благачыння ёсць свой сайт, маюцца і рэзервы. Моладзь жа бавіць у інтэрнэце шмат часу, таму і там трэба аказваць на яе сваё ўздзеянне”.
Першы сакратар РК БРСМ Аляксей Дзямінскі выказаўся за стасункі маладзёжнай арганізацыі і праваслаўнай царквы ў справе міласэрнасці. А вось начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Лаўрэенка гаварыла аб маральных праблемах сучаснай школы: “У выступленнях ужо прагучала ключавое слова – адказнасць. Ёсць адказнасць – ёсць і маральнасць”. Пра матывацыю педагогаў разважаў намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце раённай гімназіі Мікалай Навумчык. Настаўнікі СШ №2
г. Маларыты Тамара Тарноўская і Ірына Андраюк расказалі, як ідэі духоўна-маральнага выхавання сярод малодшых школьнікаў увасобіліся ў атрад міласэрнасці “Добрыя сэрцайкі”. Вопытам выкарыстання асноў праваслаўнай маралі ў выхаваўчай рабоце з навучэнцамі ліцэя падзялілася куратар групы 279 Надзея Смаль, а вопытам супрацоўніцтва з праваслаўнай царквой – намеснік дырэктара Маларыцкага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Жанна Кібальнік.
Сваё бачанне праблемы выхавання маральнасці, патрыятызму, духоўнасці выказалі настаяцелі сельскіх храмаў раёна. Так, настаяцель царквы Лукаўскай іконы Божай Маці Сергій Бірук-Русу лічыць, што ў аснове выхавання павінны быць вечныя ісціны, а без духоўнага ўсведамлення, чаму штосьці кепска ці добра, перавыхаваць нікога не атрымаецца. Клірык Свята-Мікалаеўскага храма г. Маларыты Сергій Струнец упэўнены, што выхоўваць неабходна і дарослых, бо дзеці – іх адлюстраванне, і калі дарослы не будзе працаваць над сабой, то і дзіця не стане гэтага рабіць: “Верыць мала – трэба памятаць, што Бог дае кожнаму па думках яго і ўчынках. Духоўнасць – гэта практычная дзейнасць, накіраваная на пераробку самога сябе”.
Настаяцель прыхода святой вялікапакутніцы Параскевы Пятніцы ў вёсцы Арэхава Анатоль Дударчук адзначыў, што паразуменне паміж уладай і царквой станоўча ўплывае і на выхаванне моладзі.
У маларыцкім ліцэі 98 працэнтаў навучэнцаў і 75 працэнтаў педагогаў станоўча адносяцца да супрацоўніцтва з праваслаўнай царквой. Значыць, перспектыва ў такіх стасунках ёсць і карысць відавочная. Бо, насамрэч, толькі агульнымі намаганнямі розных грамадскіх інстытутаў можна даць маладому пакаленню  дакладныя жыццёвыя арыенціры. Але нам, дарослым, не пашкодзіць запомніць англійскую мудрасць “круглага стала”: “Не выхоўвайце дзяцей – усё роўна яны будуць падобнымі да вас. Выхоўвайце сябе!”.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
г. Маларыта.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

27 лістапада адкрыты барэльеф генерал-маёра міліцыі Валерыя Асташонка

Следующая запись

Выбары – 23 сакавіка