Беларусь

  • Главная
  • Навiны
  • 27 лістапада адкрыты барэльеф генерал-маёра міліцыі Валерыя Асташонка

27 лістапада адкрыты барэльеф генерал-маёра міліцыі Валерыя Асташонка


У будынку абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў 27 лістапада адбылося ўрачыстае адкрыццё барэльефа генерал-маёра міліцыі Валерыя Асташонка

Валерый Паўлавіч нарадзіўся ў 1922 годзе, з мая 1942-га – актыўны ўдзельнік партызанскага руху ў Беларусі, камісар партызанскага атрада. Пасля Вялікай Айчыннай вайны да лютага 1980 года працаваў у міліцыі на розных пасадах, у тым ліку начальнікам упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама. За мужнасць, гераізм і адданасць Радзіме ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені, Знак Пашаны, Чырвонага сцяга, медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, а таксама польскім ордэнам “Віртуці Мілітары”. У 1959 годзе ўдастоены ганаровага звання “Заслужаны работнік Міністэрства ўнутраных спраў СССР”.
У Брэсце на фасадзе дома, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар Валерыя Асташонка. Штогод лепшым райаддзелам унутраных спраў вобласці, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў па папярэджанні і раскрыцці злачынстваў, уручаецца пераходны прыз імя В.П. Асташонка. У музеі брэсцкай міліцыі экспануюцца матэрыялы, звязаныя з яго кар’ерай, у тым ліку форменнае абмундзіраванне і асабістыя рэчы.
На цырымоніі адкрыцця барэльефа начальнік УУС аблвыканкама генерал-маёр міліцыі Іван Саўчыц сказаў:
– Сёння мы аддаём даніну ўдзячнасці чалавеку, які больш за 14 гадоў узначальваў міліцыю Брэстчыны. Людзі, што служылі пад яго кіраўніцтвам, і цяпер памятаюць высокія прафесіянальныя і чалавечыя якасці Валерыя Паўлавіча.
Аўтарамі барэльефа сталі брэсцкія скульптары, муж і жонка Павел Герасіменка і Алеся Гуршчанкова. Гэта іх трэцяя работа, прысвечаная супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Акрамя барэльефа
В.П. Асташонку, на іх рахунку –
мемарыяльны знак воінам 132-га батальёна войск
НКУС у Брэсцкай крэпасці і памятны знак супрацоўнікам органаў унутраных спраў Брэсцкай вобласці, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку.
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця барэльефа прынялі ўдзел начальнік упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці палкоўнік юстыцыі Аляксандр Рахманаў, старшыня Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў Генадзь Масько, дачка Валерыя Паўлавіча Лілія Валер’еўна Асташонак. Яна выказала словы ўдзячнасці кіраўніцтву УУС, супрацоўнікам, ветэранам органаў унутраных спраў за тое, што шануюць памяць яе бацькі:
– Чалавек жывы, пакуль жыве памяць аб ім. А барэльеф – гэта даніна памяці не толькі Валерыю Паўлавічу, але і ўсім супрацоўнікам, якія перажылі вайну, хто заўсёды сумленна нёс міліцэйскую службу.
У гэты знамянальны дзень ва ўрачыстай абстаноўцы шэраг супрацоўнікаў атрада міліцыі асобага прызначэння палка патрульна-паставой службы міліцыі ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама былі адзначаны заслужанымі ўзнагародамі. Так, загадам міністра ўнутраных спраў  нагрудным знакам  “За выдатную службу” ўзнагароджаны камандзір роты старшы лейтэнант міліцыі Анатоль Агіевіч, знакам “За адзнаку” – камандзір групы лейтэнант міліцыі Мікалай Мацкевіч, Ганаровай граматай МУС – намеснік камандзіра роты маёр міліцыі Ігар Гапоненка і камандзір узвода старшы лейтэнант міліцыі Уладзімір Зямлянаў, нагрудным знакам  “За самаадданую службу” I ступені – камандзір групы малодшы лейтэнант міліцыі Руслан Гніцэвіч.
Аляксандра ЗАХАРАВА,
інспектар
аддзялення інфармацыі
і грамадскіх сувязей
УУС аблвыканкама.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля