Беларусь

  • Главная
  • Актуальна!
  • З карысцю дзеці праводзяць канікулы ў загарадных аздараўленчых лагерах

З карысцю дзеці праводзяць канікулы ў загарадных аздараўленчых лагерах


Свая казка
Летнік “Лясная казка” размясціўся ў маляўнічым лесе недалёка ад ракі Мухавец у Жабінкаўскім раёне. Ужо праз некалькі хвілін знаходжання ў ім адзначаю, што тут лягчэй дыхаецца, чым у горадзе, і настрой сам па сабе падымаецца.

– А ўсё таму, што лес у нас змешаны, а хвоі валодаюць цудадзейнаю сілаю –  усе хваробы як рукой здымае, калі ўдыхаеш такое паветра, – каменціруе мае адчуванні ўрач-педыятр лагера Аляўціна  Платнiцкая.
У “Лясной казцы” дзеці адпачываюць з 1961 года. Гэта адзін са старэйшых летнікаў у вобласці. Безумоўна, хочацца большага камфорту, каб лагер адпавядаў сучасным патрабаванням, але, як высветлілася, для адпачываючых тут дзяцей гэта не самае важнае.
“У лагер я прыязджаю з 13 гадоў, зараз мне 16. На наступны год абавязкова вярнуся сюды яшчэ раз, калі “Казку” не зачыняць. Я набыў тут шмат новых сяброў, з якімі мы працягваем сябраваць і ў горадзе. Але больш за ўсё мне падабаюцца  дранікі, якія гатуюць у нашай сталовай”, – падзяліўся ўражаннямі старажыл лагера Кірыл Кафанаў.
Так, ежа ў летніку здаровая і смачная, а спецыяльнае меню з малака, мяса, тварагу, птушкі, рыбы складае дыет-сястра Валянціна Князева.
Шмат увагі ў “Лясной казцы” надаецца фізкультурна-спартыўнай рабоце. Таццяна Місан, старшы выхавальнік, распавяла аб аздараўленчым комплексе, які ўключае і традыцыйную ранішнюю зарадку, і спартыўныя спаборніцтвы, і актыўныя гульні на свежым паветры. Правільны рэжым дня, рацыянальнае харчаванне, фізкультура даюць выдатны эфект – дзеці (за летнія канікулы ў “Лясной казцы” іх адпачывае 1200 чалавек) набіраюцца сіл і ўмацоўваюць здароўе.
Жыццёвы тонус уздымае і творчая атмасфера летніка. Выхавальнікі, а гэта настаўнікі і студэнты педагагічных спецыяльнасцей, кожную змену прыдумваюць што-небудзь арыгінальнае. Напрыклад, цяпер тэматыку падказаў Год прадпрымальнасці – “Пропуск у прафесію”. З падлеткамі праводзяць прафарыентацыйную работу, а маленькім дзецям распавядаюць пра тое, што “ўсе прафесіі добрыя, усе прафесіі патрэбныя”. Удзел жа ў лагерных мерапрыемствах заахвочваецца спецыяльнымі манетамі – умоўнымі грашыма летніка. У канцы змены зробяць іх падлік, пераможцы атрымаюць салодкія прызы і бэйдж  “Лідар змены”.
Сваю казку ўжо знайшлі ў летніку юныя спартсмены з  Брэста, дзеці з Антопальскай дапаможнай школы-інтэрната, многія хлопчыкі і дзяўчынкі, якія адпачылі ў лагеры ў тры папярэднія змены. Хтосьці стаў хутчэй бегаць, камусьці ўдалося пераадолець страх і выйсці на сцэну, нехта стварыў малюнак, якім захапляліся равеснікі… Свае дасягненні будуць і ў чацвёртай змене. Хіба ёсць нешта такое, што можа радаваць дзіця больш, чым адпачынак на канікулах?!
Крысціна ЗЯЛЁНКА,
студэнтка Інстытута
журналістыкі БДУ,
Жабінкаўскі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля