Беларусь

Запыт ёсць? Значыць, запатрабаваны!


Дырэктар Сяргей Лобач дэманструе вучэбны клас

Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў аблвыканкама ў Чарнаўчыцах Брэсцкага раёна, у якім штогод атрымліваюць спецыяльнасць і павышаюць кваліфікацыю больш за 2 тысячы чалавек, запрашае на вучобу

Біяграфія Цэнтра налічвае не адзін дзясятак гадоў. Таму дакладную лічбу таго, колькі чалавек за гэты час тут набылі спецыяльнасць, прайшлі перападрыхтоўку і павысілі кваліфікацыю, наўрад ці хто назаве. Адназначна толькі: многа! Напачатку гэта былі механізатары, вадзіцелі, жывёлаводы, спецыялісты сельскай гаспадаркі. Зараз у Цэнтры можна набыць яшчэ прафесію машыніста аўтамабільнага крана, электрагазазваршчыка, стропальшчыка, вадзіцеля аўтапагрузчыка, вальшчыка лесу, рамшчыка, станочніка, машыніста аўтагрэйдара і іншыя. Найбольш запатрабаваныя спецыяльнасці – вадзіцель (усіх катэгорый) і трактарыст катэгорыі F – для работы на пагрузчыках і экскаватарах.
– За 10 месяцаў сёлета на бюджэтнай аснове ў нас прайшлі навучанне і павысілі кваліфікацыю 669 чалавек, яшчэ 1247 – за ўласныя сродкі, – распавядае дырэктар Цэнтра Сяргей Лобач. – А ўвогуле на працягу года ў нас атрымліваюць спецыяльнасць і павышаюць кваліфікацыю больш за 2 тысячы чалавек з усіх рэгіёнаў вобласці. Для таго, каб была напаўняльнасць (працаваць даводзіцца ва ўмовах вялікай канкурэнцыі – толькі ў Брэсце налічваецца 7 падобных камбінатаў), вывучаем і аналізуем рынак адпаведных паслуг, зніжаем кошт навучання тым, хто займаецца на платнай аснове.
Сяргей Іванавіч узначаліў Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў абл-выканкама ў Чарнаўчыцах тры гады таму. Да гэтага доўгі час працаваў галоўным інжынерам аграсада “Рассвет” Брэсцкага раёна. Дадам, што інжынерная служба гаспадаркі, дзе ва ўсім быў парадак, тады пастаянна знаходзілася на вышыні, пра што сведчаць прызавыя месцы ў раённым і абласным аглядах-конкурсах машынных двароў. Ніколькі не прымяншаючы таго, што зроблена яго папярэднікамі (кожны з кіраўнікоў унёс у дзейнасць навучальнай установы нешта адметнае), сваю работу на новай пасадзе Сяргей Лобач пачаў з рамонту ў будынку Брэсцкай базы, якая ўваходзіць у склад Цэнтра. Дарэчы, першы паверх тут ужо адрамантаваны. На наступны год запланавана мадэрнізацыя кацельні і абсталяванне камп’ютарнага класа. Каб выкладчыкам і майстрам было прыемна працаваць, а навучэнцам – займацца (улічваючы, што большасць з іх вучыцца на платнай аснове). Летась, напрыклад, Цэнтр аказаў паслуг  на 1,5 мільярда рублёў.
У цяперашні час для правя-дзення тэарэтычных заняткаў у вучэбным корпусе абсталяваны цудоўныя класы з поўным наборам неабходнай літаратуры і асноўнымі тэхнічнымі вузламі, метадычны кабінет, лабараторыя. У планах дырэктара – стварэнне сапраўднага камп’ютарнага класа, бо той, што маецца, не зусім задавальняе кіраўніка.
Аснашчаны Цэнтр і ўсёй неабходнай тэхнікай. Тут ёсць грузавыя аўтамабілі для навучання вадзіцеляў на катэгорыі С і Е, тры аўтобусы для навучання на катэгорыю D, легкавыя аўтамабілі для навучання на катэгорыю B, трактары, экскаватары, пагрузчыкі для навучання трактарыстаў-машыністаў усіх катэгорый. А яшчэ – два аўтадромы, на якіх навучэнцы праходзяць ваджэнне.
Цэнтр укамплектаваны вопытнымі выкладчыкамі і майстрамі вытворчага навучання з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай тэхнічнай адукацыяй. Заняткі па перападрыхтоўцы кадраў і павышэнні кваліфікацыі праводзяцца з улікам пажаданняў прадпрыемстваў аблсельгасхарчу. Бюджэтныя групы фарміруюцца з разліку не менш за 25 чалавек, а гасразліковыя – па меркаванні ўстановы адукацыі: ад 15 да 25 чалавек.  Навучанне ў Цэнтры вядзецца круглы год. Перападрыхтоўка кадраў для сельскай гаспадаркі (за выключэннем камбайнераў, якія на катэгорыю D перавучваюцца перад жнівом) праводзіцца пасля завяршэння масавых работ.
Іншагароднім навучэнцам на час вучобы даецца інтэрнат. Да паслуг навучэнцаў – прадуктовы магазін у вучэбным корпусе. А што яшчэ трэба чалавеку? Адно – жаданне ўдасканаліць свой прафесіяналізм…
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Брэсцкі раён.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля