Беларусь

Срэбраны сюрпрыз


У час сустрэчы з вядучымі спартсменамі і трэнерамі Брэстчыны старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар пажадаў ім упэўненых перамог, каб прынесці краіне больш “жоўтага металу”

Сустрэча ў аблвыканкаме даўно стала адной з лепшых спартыўных традыцый вобласці. Разам з падвядзеннем вынікаў у іншых сферах эканомікі і грамадскага жыцця немагчыма не ўзгадаць тыя высокія дасягненні ў спорце, якія стабільна дэманструюць брэсцкія атлеты. Без іх агульная карціна была б няпоўнай.
Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар на сустрэчы з вядучымі трэнерамі і спартсменамі Брэстчыны адзначыў: у вобласці заўжды надаецца вялікая ўвага спорту, не стаў выключэннем і мінулы год. Летась на развіццё дадзенай сферы было накіравана каля 354 мільярдаў рублёў, 60 працэнтаў ад гэтай сумы выдаткаваў абласны бюджэт. Штогадова спартыўныя арэны Брэстчыны становяцца сведкамі звыш 500 відовішчных баталій абласнога і рэспубліканскага ўзроўню, а за апошнюю дзесяцігодку ў вобласці з’явілася каля 150 новенькіх фізкультурных аб’ектаў. Самыя “свежыя” з іх – стадыён па хакеі на траве ў Баранавічах, ФСК “Аквамарын” у Століне, сучасны фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Альшанах Столінскага раёна, пабудаваны, дарэчы, па спецыяльным даручэнні Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі.
Немалаважным з’яўляецца і той факт, што летась упершыню за 10 гадоў берасцейскія спарт-смены сталі першымі па выніках рэспубліканскіх спаборніцтваў “Алімпійскія дні моладзі”. З 58 медалёў, заваяваных атлетамі Брэстчыны ў разнастайных спартыўных дысцыплінах у 2013 годзе, 10 – найвышэйшага гатунку.
–  Вашы перамогі даюць падставы гаварыць аб краіне ў пазітыўным рэчышчы, – падкрэсліў Канстанцін Сумар. – Часам спартыўныя дасягненні з’яўляюцца нават больш дзейснымі, чым дзясяткі дыпламатычных перагавораў.
Старшыня аблвыканкама пажадаў маладым, але перспектыўным спартсменам усяго таго, што прынята жадаць у падобных выпадках: моцнага здароўя – каб яно не станавілася перашкодай на шляху да новых трафеяў, цярплівасці – бо толькі гэта якасць дазваляе дасягаць патрэбных вынікаў, і шанцавання, без якога не абыходзіцца, бадай, ні адзін чэмпіянат. У спорце, як вядома, значэнне маюць нават долі секунды.
Можна смела меркаваць, што ўсімі пералічанымі рысамі валодаюць якраз тыя, каго сёлета запрасілі на традыцыйны прыём да кіраўніка вобласці. Таленавітыя спартсмены і іх трэнеры за свае дасягненні атрымалі з рук Канстанціна Сумара граматы і каштоўныя падарункі ў выглядзе срэбраных зліткаў. Наконт таго, чаму прыз выглядае менавіта так, а не інакш, губернатар пажартаваў: маўляў, сюрпрыз з намёкам, каб сёлетнія выступленні атлетаў прынеслі вобласці паболей “жоўтага металу”. За значны ўклад у развіццё спорту была таксама ўзнагароджана алімпійская чэмпіёнка Юлія Несцярэнка. Яна ў сваю чаргу падзякавала за цёплы прыём, бо, як вядома, падобныя сустрэчы практыкуюцца далёка не ў кожным рэгіёне Беларусі. Як і падтрымка мясцовага кіраўніцтва – на Брэстчыне яна адчуваецца надзвычай моцна, а гэта ўжо пэўным чынам абавязвае і натхняе прадстаўнікоў вялікай спартыўнай сям’і працаваць на вынік.
Маладыя спартсмены і іх трэнеры мелі таксама ўнікальную магчымасць агучыць найбольш трапяткія на сёння пытанні. Некаторыя ахвотна скарысталіся прадстаўленым шансам. Напрыклад, Ганна  Сірацюк, бронзавы прызёр чэмпіянату свету па спартыўных танцах на калясках, узняла праблему, якая хвалюе не толькі спартсменаў,  – стварэнне безбар’ернага асяроддзя для інвалідаў-калясачнікаў у медыцынскіх установах вобласці. Алена Копец, уладальніца “срэбра” першынства Еўропы па штурханні ядра, выказалася наконт будаўніцтва новага інтэрната для вучылішча алімпійскага рэзерву. Былі закрануты пытанні ўмацавання базы цэнтра алімпійскага рэзерву па конным спорце – у прыватнасці, будаўніцтва новай стайні. І, як узгадаў хтосьці з прысутных, сімвал года па кітайскім календары – Сіні Конь – павінен як мага лепш гэтаму паспрыяць.
Тамара ВАСІЛЬКОВА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля