Беларусь

Берасцейшчына: ад пятніцы да пятніцы


БРЭСТ
Трэці фірменны
Напярэдадні Новага года на вуліцы Маладагвардзейскай у былым памяшканні піўнога бара пасля яго рэканструкцыі адкрыўся фірменны (ужо трэці па ліку ў горадзе) магазін ААТ “Белавежскі”. У ім можна купіць любую прадукцыю гэтага вядомага на Берасцейшчыне сельскагаспадарчага прадпрыемства: каўбасы, мясныя вырабы, паўфабрыкаты. У дзень адкрыцця магазіна сярод першых пакупнікоў былі разыграны прызы, у тым ліку парася “па-белавежску”.

БРЭСЦКІ РАЁН
Новая паслуга
З 1 студзеня 2012 года ў дзяржаўнай установе “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Брэсцкага раёна” з’явілася новая паслуга – сядзелка за непрацаздольнымі грамадзянамі, якія не могуць сябе абслугоўваць. Паслуга гэта платная. Гадзіна сядзелкі, якая працуе з 6 гадзін раніцы да 22 вечара, абыдзецца для заказчыка ў 3300 рублёў.

БАРАНАВІЧЫ
З жаночай душэўнасцю
У выставачнай зале адкрылася экспазіцыя пад назвай “У сваю творчасць уклаў я душу”. На ёй дэманструюцца карціны, вышытыя крыжыкам. Працягнецца выстава, аўтарамі якой з’яўляюцца выключна жанчыны,  да Старога Новага года. Увесь час наведвальнікі могуць галасаваць за лепшую работу і выбіраць лепшую майстрыху.

БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Тут дапамогуць
У вёсцы Каўбавічы Падгорнаўскага сельсавета ўрачыста адкрылі сацыяльны пункт. Цяпер тут будзе ажыццяўляцца дыферэнцыраваны падыход да тых, каму неабходны падтрымка і дапамога. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, а канцэртную праграму  падрыхтавалі артысты Падгорнаўскага сельскага Дома культуры.

БЯРОЗА
Зорачкі на лёдзе
У чацвер у Лядовым палацы адбылося выступленне лепшых мясцовых юных фігурыстаў, якія перамаглі напярэдадні Новага года ў першынстве раёна па фігурным катанні. Сапраўдную казку на лёдзе паказалі 30 будучых зорачак. Таксама ў лядовым шоу прынялі ўдзел брэсцкія фігурысты, пераможцы розных спаборніцтваў.

ГАНЦАВІЧЫ
Хіт-парад талентаў
У гарадской СШ №3 прайшла традыцыйная сустрэча кіраўніцтва раёна з адоранымі школьнікамі. Галоўных удзельнікаў урачыстасці – 38 пераможцаў алімпіяд, лаўрэатаў творчых конкурсаў, прызёраў спартыўных спаборніцтваў – вітаў старшыня райвыканкама Аляксандр Саланевіч. А падарункі ўручылі, вядома ж, Дзед Мароз і Снягурка. Да таго ж, у школьным фае працавала выстава васковых фігур з Чудзінскай СШ. Узняло настрой юным талентам і выступленне ансамбля дзіцячай музычнай школы мастацтваў.

ДРАГІЧЫН
Рашаючыя гульні
На калядны турнір па міні-футболе сярод школьнікаў 1997 года нараджэння і маладзейшых, які стартаваў учора, у Ліпінскую СШ з’ехаліся каманды з усіх школ Драгічыншчыны. А сёння  ў спартыўнай зале прахо-дзяць заключныя гульні,  у якіх і вызначацца мацнейшыя. Каманда-пераможца атрымае памятны кубак і дыплом. Дыпломамі будуць адзначаны і прызёры турніру, а лепшыя ігракі – памятнымі сувенірамі.

ЖАБІНКА
У пашане – прафесіяналы
На камбікормавым заводзе прайшоў конкурс “Лепшы ў прафесіі” сярод прадаўцоў асноўнай прадукцыі, слесараў і апаратчыкаў. Лепшым прадаўцом прызнана Надзея Данілюк з вёскі Залуззе, слесарам – Анатоль Казлоў, апаратчыкам – Людміла Барадзей. Пераможцы, а таксама прызёры конкурсу  будуць атрымліваць штомесячную даплату да тарыфнай стаўкі ад 10 да 20 працэнтаў.

ІВАНАВА
За выхаванне патрыятызму
На ўрачыстым пленуме раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, прысвечаным 20-годдзю яе ўтварэння, старшыні раённага Савета дэпутатаў Святлане Майсейчык і намесніку старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК “Дружылавічы” Таццяне Бушкевіч уручаны памятныя медалі ў гонар 300-годдзя з дня нараджэння выдатнага расійскага вучонага і патрыёта Міхаіла Ламаносава. Гэтай узнагароды яны ўдастоены за выхаванне ў насельніцтва патрыятызму і грамадзянскасці, падтрымку таленавітай моладзі.

ІВАЦЭВІЧЫ
“Дзівакі” на “Фактары смеху”
Вучні Косаўскай сярэдняй школы Антон Харужы і Аляксандр Пархоменка ў выдатным настроі пачалі новы год. Падставай стаў выйгрыш у фінале тэлешоу канала АНТ “Фактар смеху”. За гумарыстычны дуэт “Дзівакі” тэатральнага калектыву “Авасок” прагаласавала больш за 3 тысячы тэлегледачоў.

КАМЯНЕЦ
Казка для Дзеда Мароза
Падведзены вынікі конкурсу “Белавежская казка” на лепшы выраб у падарунак беларускаму Дзеду Марозу, які стартаваў яшчэ ў кастрычніку мінулага года. Са 150 вырабаў, дасланых з усіх рэгіёнаў Беларусі, першае месца прысу-джана калектыўнай рабоце  “Вожык” і “Вавёрка песенькі спявае ды арэшкі ўсё грызе”  выхаванцаў дызайн-студыі  “Праменьчык” Камянюцкіх ясляў-сада. Малышы ўдастоены галоўнага прыза – фотаальбома пра Белавежскую пушчу “Зямля сілы” і бясплатнага наведвання Музея прыроды, вальераў Нацыянальнага парку і сядзібы Дзеда Мароза.

КОБРЫН
Пад дзве машыны
36-гадовая жыхарка райцэнтра напрыканцы мінулага тыдня трапіла адразу пад дзве машыны. Дарожна-транспартнае здарэнне адбылося на вуліцы Паўночнай. Жанчына пераходзіла вуліцу, калі яе зачапіў аўтамабіль ВАЗ. Ад удару кабрынчанка ўпала і не паспела падняцца на ногі, як трапіла пад другую машыну – “Аўдзі”, вадзіцель якой выязджаў заднім ходам са свайго двара. З цяжкімі траўмамі пацярпелая дастаўлена ў бальніцу.

ЛУНІНЕЦ
Год пачынаецца з… чалавека
Раённы выканаўчы камітэт прымае заяўкі на конкурс “Чалавек года-2011”. Прэтэндаваць на гэтае званне могуць людзі, чые рэалізаваныя ідэі і задумы далі значны эканамічны, сацыяльны, культурны эфект, а таксама тыя, хто дабіўся істотных вынікаў у спорце, сельскай гаспадарцы, грамадскай дзейнасці і іншых сферах. Дакументы на ўдзел у конкурсе прымаюцца да 10 студзеня, а цырымонія ўзнагароджання адбудзецца ў лютым 2012-га.

ЛЯХАВІЧЫ
“Малышок” ідзе ў народ
Новы год мікс-тэатр “Малышок”, створаны пры Свяціцкім СДК, адкрыў прадстаўленнем па казцы “Чырвоная Шапачка і Воўк”, якое з задавальненнем паглядзелі вяскоўцы. А ў бліжэйшых планах маленькіх артыстаў і іх кіраўніка Кацярыны Буйкевіч – падрыхтоўка спектакля да Міжнароднага дня кнігі.

МАЛАРЫТА
Прыклад для маладых
Па добрай традыцыі  ў СВК “Хаціслаўскі” ў апошнія дні снежня  вызначылі 12 лепшых працаўнікоў гаспадаркі па выніках работы за мінулы год. Ушанаванне адданых справе людзей праходзіла падчас святочнага “агеньчыка” з удзелам маладых спецыялістаў сельгаскааператыва, а таксама  лепшых вучняў Мельніцкай базавай і Хаціслаўскай сярэдняй школ.  Механізатарам, жывёлаводам і спецыялістам уручаны граматы,  грашовыя прэміі, а іх партрэты  змешчаны на Дошку гонару СВК.

ПІНСК
Не мінайце “Кужалёк”!
Адкрытае акцыянернае таварыства “Пінскі гарадскі камбінат бытавога абслугоўвання” адкрыў яшчэ адну гандлёвую кропку – магазін “Кужалёк”. Ён размясціўся ў Доме быту, што на вуліцы Першамайскай, 109. Адметнасцю магазіна з’яўляецца вялікі асартымент прадукцыі Аршанскага льнокамбіната.

ПІНСКІ РАЁН
У падарунак – трэнажоры
Лагішынская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа агульнай фізічнай падрыхтоўкі пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Пінскрайаграсэрвіс” атрымала падарунак ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі – сертыфікат на 25 мільёнаў рублёў. На гэтыя грошы набыты 5 спартыўных трэнажораў, якія вельмі патрэбныя для трэнірочнага працэсу.

ПРУЖАНЫ
Радасць дзецям
5 студзеня вучні гімназіі і актывісты БРСМ раённага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь правялі акцыю “Цуды на Каляды”. Сабраныя з іх дапамогай у дарогу Дзед Мароз і Снягурка наведалі дома хворых дзетак, падапечных грамадскага аб’яднання “Дзеці ў бядзе”.
Віншаванні і салодкія падарункі прыйшліся да месца і парадавалі хлопчыкаў і дзяўчынак, якія мужна змагаюцца з анкалагічнымі хваробамі.

СТОЛІН
Заслужылі!
Народнаму хору “Крыніца” (мастацкі кіраўнік Алена Аўсянік) прысвоена званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. Па рашэнні калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2011 года артысты адзначаны за дасягненні ў развіцці аматарскай мастацкай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, высокае выканальніцкае майстэрства і актыўную канцэртную дзейнасць. На Століншчыне хор стаў другім па ліку, хто мае падобны тытул, і 8-м – у вобласці.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля