Беларусь

Берасцейшчына: ад суботы да суботы


БРЭСТ
Пераможны гол капітана
V Міжнародны турнір па міні-футболе, прысвечаны 20-годдзю мытных органаў Беларусі, выйгралі беларускія мытнікі. Фінальныя гульні турніру, у якім прымалі ўдзел каманды Расіі, Кыргызстана, Украіны, Латвіі і Беларусі,  праходзілі ў горадзе над Бугам. У фінале беларусы перамаглі расіян з лікам 2:1. Рашаючы гол на апошніх хвілінах забіў капітан беларускай зборнай – начальнік аддзела мытнага афармлення і кантролю Брэсцкай мытні Аляксандр Якімчук.
БРЭСЦКІ РАЁН
Лідар наведаецца ў Мухавец
17 і 18 верасня пройдуць паядынкі трэцяга тура 2 круга чэмпіяната раёна па футболе. За перамогу змагаюцца 8 калектываў, якія прадстаўляюць розныя суб’екты гаспадаркі. У суботу пройдуць матчы “Райаграсэрвіс” (в. Кавердзякі) – “За мір” (в. Страдзеч) і “Агравіта-Гершоны” (г. Брэст) – “Заходні” (в. Матыкалы). У нядзелю СВК “Чарнаўчыцы” згуляе з клейніцкім “Пагранічнікам”, а лідар сезона вістыцкі “Рассвет” наведаецца ў Мухавец, дзе сустрэнецца з аднайменнай камандай.
БАРАНАВІЧЫ
Да доктара – праз інтэрнэт
У цэнтральнай паліклініцы з’явілася новая паслуга для пацыентаў. Цяпер запісацца на прыём да загадчыка тэрапеўтычнага аддзялення і іншых спецыялістаў можна праз інтэрнэт. Віртуальны запіс вядзецца на сайце www.barep.by.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
“Баявы” сюрпрыз
Больш чым 200 артылерыйскіх снарадаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, якія знаходзяцца ў рабочым стане, знайшлі грыбнікі каля вёскі Палонка. Небяспечныя боепрыпасы абясшкодзілі спецыялісты сапёрна-піратэхнічнай групы вайсковай часці №7404.
БЯРОЗА
Больш малака!
На ААТ “Бярозаўскі сыраробны камбінат” завершаны мантаж вялікіх ёмістасцей для захоўвання малака. Мадэрнізацыя вытворчасці праходзіць у рамках праграмы развіцця малочнай галіны на 2010-2015 гады. Абноўкі знаходзяцца каля галоўнага будынка прадпрыемства і ўжо ў хуткім часе будуць уведзены ў строй.
ГАНЦАВІЧЫ
На сувязі
На гэтым тыдні ў Ганцавічах адкрыўся новы сэрвісны цэнтр РУП “Белтэлекам”. Ён максімальна набліжае паслугі да наведвальнікаў і з’яўляецца шматпрофільным. Залы сталі больш прасторнымі, створаны ўсе ўмовы, каб атрымаць кансультацыю і аплаціць паслугі. Дзейнічае ў будынку і інтэрнэт-клуб.
ДРАГІЧЫН
Слова – маладым сем’ям
Заўтра ў гарадскім Доме культуры адбудзецца штогадовы злёт маладых сем’яў раёна. У спаборніцтве прымуць удзел 14 сямейных пар – па адной з кожнага сельсавета і райцэнтра. Канкурсанты разам з дзецьмі прыдумаюць касцюм будучыні для хатняй гаспадыні, прадэманструюць візітныя карткі, паўдзельнічаюць у спартыўных і творчых конкурсах. Ацэніць іх выступленне журы, у якое ўвайшлі прадстаўнікі райвыканкама, РГА “Белая Русь”, кіраўнікі прадпрыемстваў і старшыні сельвыканкамаў.
ЖАБІНКА
Кошкам спадабаецца?
Чатыры пробныя партыі сухога корму прэміум-класа для кошак выпусціў на гэтым тыдні камбікормавы завод. Новая прадукцыя распрацавана тэхнолагамі прадпрыемства сумесна з польскімі спецыялістамі. Пасля лабараторных даследаванняў на адпаведнасць тэхналагічным і ветэрынарным нарматывам яна атрымае дазвол на масавы выпуск.
ІВАНАВА
Суполку – у партыю
На пашыраным пасяджэнні савета раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” разгледжана ініцыятыва аб пераўтварэнні гэтай грамадскай суполкі ў палітычную партыю народнага адзінства “Белая Русь”, якая ўпершыню была агучана старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатолем Рубанавым. Актывісты аб’яднання падтрымалі ідэю і выказаліся за хадайніцтва аб скліканні з’езда для пераўтварэння аб’яднання ў палітычную партыю.
ІВАЦЭВІЧЫ
Кадравая вучоба
У райцэнтры прайшоў семінар-вучоба з перспектыўным кадравым рэзервам для пасад кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый. Аб стане спраў у сацыяльна-эканамічным развіцці Івацэвіччыны расказаў намеснік старшыні райвыканкама  Аляксандр Велікаселец. Кадравы рэзерв пазнаёмілі з рэалізацыяй маладзёжнай палітыкі і расказалі, як будзе весціся падрыхтоўка будучых кіраўнікоў сельгасвытворчасці.
КАМЯНЕЦ
Ахвяраванні дзецям
У пасёлку Белавежскі па ініцыятыве жыхароў арганізаваны збор сродкаў для Пінскага дома дзіцяці. За сабраныя 1,5 мільёна рублёў набылі неабходныя дзіцячыя рэчы (многія з мясцовых прадпрымальнікаў прадалі іх па сабекошце). Акрамя гэтага дзіцячую вопратку сабралі мамы, чые дзеці ўжо выраслі. Да збору ахвяраванняў далучыліся жыхары г. Высокае, якія дапамогуць Кобрынскаму дзіцячаму дому.

КОБРЫН
Выкрадальнікі веласіпедаў
Мінулая нядзеля стала нешчаслівай адразу для некалькіх уладальнікаў веласіпедаў на Кобрыншчыне: праваахоўнымі органамі ўзбуджаны аж тры крымінальныя справы ў сувязі з выкраданнем  гэтых транспартных сродкаў. Невядомыя пакуль злодзеі ўкралі веласіпед у васьмігадовага вучня другога класа і ў 36-гадовага інжынера сельгаспрадпрыемства. А вось злачынцу, які прысвоіў веласіпед 30-гадовага вадзіцеля, аператыўнікі знайшлі па “гарачых” слядах – ім аказаўся 29-гадовы беспрацоўны жыхар горада.
ЛУНІНЕЦ
Прызнанне заслуг маці
У райвыканкаме ўрачыста ўручалі ордэны Маці. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзяржаўную ўзнагароду  за выхаванне пяці і больш дзяцей атрымалі аператар машыннага даення СВК “Азярніца” Наталля Канановіч, хатняя гаспадыня з вёскі Дзятлавічы Ніна Канапацкая і жывёлавод СВК “Гарадоцкі” Яўгенія Даўгавечная. Узнагароды ўручаў старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч.
ЛЯХАВІЧЫ
Святочныя Тальмінавічы
Жыхары Тальмінавіч адзначылі свята вёскі. Ушанавалі найстарэйшую жыхарку –  89-гадовую Валянціну Максімчык, самых маленькіх вяскоўцаў Аляксея Пастушака і Кіру Варэйка, а яшчэ – мнагадзетную  сям’ю Страковічаў, у якой выхоўваецца пяцёра дзетак, Вацлава і Галіну Асосаў, якія разам ужо 61 год. Успомнілі аднавяскоўцы Святаслава Мядзведскага, які загінуў у Афганістане. На свяце былі падведзены вынікі конкурсу на лепшы двор і кветнік. Яго пераможцамі сталі Соф’я Кятко і Галіна Коршун. Падарунак атрымаў і Іван Шпак, чый падворак яскрава сведчыць: у гаспадара – залатыя рукі.
МАЛАРЫТА
У міліцыі – наваселле
Пасля рэканструкцыі ўрачыста адкрылі будынак раённага аддзела  ўнутраных спраў. Магчымасць перарэзаць чырвоную стужку і першымі ўбачыць абноўлены аддзел атрымалі начальнік УУС аблвыканкама генерал-маёр міліцыі Уладзімір Сычэўскі і старшыня раённага выканаўчага камітэта Казімір Лапіч. Супрацоўнікі РАУС таксама ўнеслі свой уклад у рэканструкцыю, зрабіўшы ўнутраны рамонт сваімі сіламі.
ПІНСК
Падтрымалі грамадскасць
Камісія па назве вуліц, плошчаў і аб’ектаў камунальнага падпарадкавання гарвыканкама падтрымала прапанову грамадскасці назваць адну з вуліц імем нядаўна памерлага кардынала Казіміра Свёнтэка. Вырашана, што яго імя будзе насіць частка вуліцы Веры Харужай – ад вуліцы Леніна да вуліцы Дняпроўскай ваеннай флатыліі. Такім чынам горад аддасць даніну павагі вядомаму рэлігійнаму дзеячу, лёс якога быў цесна звязаны з Пінскам.
ПІНСКІ РАЁН
Вучацца ідэолагі
Аддзел ідэалагічнай работы райвыканкама арганізаваў вучобу ідэалагічнага актыву раёна. Семінарскія заняткі былі прысвечаны тэме “Ідэалогія беларускай дзяржавы ў кантэксце знешняй і ўнутранай палітыкі”. Абмеркаваны перспектывы ўзаемадзеяння дзяржаўных і грамадскіх аб’яднанняў.
ПРУЖАНЫ
Футбольныя баталіі
На гэтым тыдні Пружаны зноў жылі футбольнымі баталіямі: у райцэнтры прайшлі гульні фінальнага этапа рэспубліканскіх дзіцячых спаборніцтваў “Скураны мяч”. На стадыёне “Мухавец” адносіны высвятлялі каманды старэйшай узроставай групы. Брэстчыну прадстаўляла пружанская каманда “Мухавец”. На момант выхаду газеты ў свет уладальнік пераможнага тытула яшчэ не быў вядомы.
СТОЛІН
Прапанавана падтрымка
Цэнтр падтрымкі сельскага развіцця і прадпрымальніцтва абвясціў сярод вяскоўцаў конкурс у межах праекта ПРААН “Павышэнне ўзроўню бяспекі чалавека на тэрыторыях, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС”. Яго мэта – фінансавая падтрымка развіцця сельгасвытворчасці ў асабістых і фермерскіх гаспадарках раёна. Конкурс пройдзе па двух кірунках: падтрымка інавацыйных праектаў у галіне сельскагаспадарчай вытворчасці і праектаў па кааперацыі прыватных сельгасвытворцаў. Заяўкі ад фізічных асоб прымаюцца да 15 кастрычніка.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля