Беларусь

Падведзены вынікі XVI Міжнароднага тэатральнага фестывалю ў Брэсце


Тэатр і каханне
На дзіва кантрасны фэст, прысвечаны каханню, раскрыў, здаецца, самыя патаемныя ноткі гэтага пачуцця. Было ўсё: ад вясёлых вулічных відовішчаў да містычнага нямецкага сюррэалізму, а класічныя сюжэты чаргаваліся з бульварнымі.
Кантраснасць, нават часам узаемавыключальнасць назіраліся і ў сімпатыях публікі. Адны працяглымі авацыямі падтрымалі музычную камедыю “Мірандаліна” Марка Разоўскага, разлічаную на самую разнамасную аўдыторыю. Іншыя не шкадавалі кампліментаў у адрас больш сур’ёзных форм: монаспектакля “Свет Кафкі” нямецкай трупы “Theater am Sachsenring” ці бліскучых пастановак “Унія Тэатра Неверагоднага” з суседкі Польшчы.
Па-сяброўску сустрэлі і артыстаў Горкаўскага тэатра з Мінска, якія два гады таму запомніліся брастаўчанам п’есай  “Жаніхі”. Пасля сталічнай прэм’еры іх “Эдзіпа” прафесіяналы і аматары адзінагалосна вынеслі вердыкт: вось ён – сапраўдны спектакль! У горадзе над Бугам рэакцыя аказалася амаль ідэнтычнай. Галіну Канарскую, крытыка з Украіны, у прыватнасці падкупіла незвычайная ўнутраная прыгажосць акцёраў, якой яна не бачыла ўжо вечнасць. Ды і аскетызм рэжысуры, на думку тэатразнаўцы, не сапсаваў трагічную гісторыю Алены Мінчуковай, а дадаў ёй асаблівай вастрыні і пікантнасці.
Каменем спатыкнення стаў “Войцэк” Харкаўскага дзяржаўнага ўкраінскага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Т.Р. Шаўчэнкі. Спектакль з ліку тых, якія адразу прымаеш або не прымаеш увогуле, без усялякіх кампрамісаў. У аснове твора – няскончаная п’еса Георга Бюхнера, а ён, у сваю чаргу, запазычыў сюжэт з крымінальнай хронікі.
Рэфарматар украінскай сцэны Лесь Курбас спрабаваў паставіць п’есу напрыканцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Праз працяглы час адданыя паслядоўнікі ажыццявілі-такі запаветную мару заснавальніка свайго тэатра, а ў якасці рэжысёра дэбютаваў акцёр Аляксандр Коўшун.
“Войцэк” атрымаўся надзвычай экспрэсіўным, насычаным таямнічымі сімваламі і знакамі. Гэта спектакль-узрушэнне, дзе нямецкая эстэтыка непарыўна пераплялася з хаатычным украінскім балаганчыкам. Да самага фіналу эмацыянальная акцёрская ігра і шалёная энергетыка трымалі ў напрузе. А драму небаракі, які жыве ці то ў стане вайны, ці то ў стане міру, ад таго губляе розум і забівае каханую жанчыну, выдатна паказаў акцёр Андрэй Борыс.
На жаль, пранізлівая гісторыя маленькага чалавека, звар’яцелага ад жорсткасці свету і ўласнай душэўнай разгубленасці, знайшла няшмат аднадумцаў у Брэсце. Што ж тут зробіш – нефармат! Ды неадназначная рэакцыя публікі яшчэ больш пацвердзіла ўнікальнасць і эксклюзіўнасць украінскага спектакля. Ён падобны да рэдкай экзатычнай стравы, якая часта застаецца некранутай, бо госці не ведаюць, як да яе падступіцца. Але варта толькі пакаштаваць – і ўжо ніколі не забу-дзеш гэтага незвычайнага смаку.
Дыскусія разгарэлася і вакол сентыментальнай трагікамедыі “Маньяк” Дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў рускага драматычнага тэатра імя К.С. Станіслаўскага. Гледачам пастаноўка спадабалася. Крытыкі аднак на кампліментах спектаклю вырашылі сэканоміць, затое на папрокі ў залішняй меладраматычнасці не паскупіліся. Тым не менш, рэжысёр і мастацкі кіраўнік тэатра Аляксандр Грыгаран умела адбіў усе камяні ў свой гарод.
Так, у рэпертуары артыстаў ёсць месца забаўляльным камедыям становішчаў, але яны гарманічна суіснуюць з творамі класікаў – Гогаля, Астроўскага, Чэхава. У прыватнасці “Гора ад розуму” Аляксандра Грыбаедава калектыў іграе пры поўным аншлагу. Спектакль – асаблівая гордасць армян, бо ўпершыню п’есу паставілі менавіта на ерэванскай сцэне, ды яшчэ і ў прысутнасці аўтара. Ну, а смешная, месцамі наіўная гісторыя кахання на мяжы апантанасці і самаахвярнасці пад назвай “Маньяк” заўсёды будзе ў фаворы. Яна выдатна выконвае запатрабаванні часу на радасць гледачам, якія прыходзяць у тэатр адпачыць і забыцца пра надзённыя клопаты. “Маньяк” і яму падобныя – найлепшая панацэя для такіх мэт.
Своеасаблівым маленькім цудам стала пастаноўка “Шлюб” Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Артысты ўвасобілі на сцэне ідэі польскага авангардыста Вітольда Гамбровіча. Больш таго, за складаны філасофскі твор узяўся малады рэжысёр Аляксандр Янушкевіч. Акцёр-лялечнік з 10-гадовым стажам сёлета скончыў рэжысёрскі факультэт акадэміі мастацтваў, а “Шлюб” – яго дыпломная работа. Ёсць усе падставы трымаць за спектакль кулачкі, бо гэта важкая прэтэнзія на перамогу ў конкурсе. Неверагодна вытанчаная гісторыя наглядна прадэманстравала: тэатр – жывы, дыхаючы арганізм, падпарадкаваны толькі законам натхнення. Акцёры, здаецца, каранямі прараслі ў свае персанажы і стварылі з імі адзінае цэлае. А лялькі тут не проста інструмент для дасягнення большай мастацкай выразнасці: адчуваецца, што іх моцна любяць артысты.
Тая ж Галіна Канарская прызналася: бачыла шмат інсцэніровак Гамбровіча, але гэта другі спектакль у яе жыцці, які падышоў да сутнасці пісьменніка максімальна блізка. Салідарным з украінскай госцяй аказаўся і мэтр айчыннага тэатразнаўства Рычард Смольскі. Ён ахрысціў “Шлюб” сур’ёзнай спробай далучыць гледача да пакуль яшчэ нязведанай для беларусаў з’явы Гамбровіча.
І галоўнае – каманда журы на чале з народнай артысткай Украіны Ларысай Кадыравай назвала імёны пераможцаў.
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
P.S. Усё ж без лыжкі дзёгцю бочка мёду здаецца няпоўнай. Наймацнейшым расчараваннем сталі… гледачы. Вельмі крыўдна, што некаторым творчым калектывам прыходзілася дайграваць спектакль у напаўпустой зале. Прычым асобныя “спрынтары” з ліку прыхільнікаў Мельпамены пакідалі свае месцы яшчэ да антракту. А што, калі б незадаволеныя публікай артысты таксама пускаліся наўцёкі? Парадокс? Так і ёсць! І справа зусім не ў розных густах ці прыналежнасці да масавай культуры, якую прынята вінаваціць ва ўсіх сацыяльных хваробах. Справа ў элементарнай культуры паводзін…

ВЫНІКІ ЎЗНАГАРОДЖВАННЯ:
За лепшы спектакль малых форм – “Эдзіп”, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага (рэжысёр – Барыс Луцэнка), Мінск – Беларусь
За паслядоўнасць рэжысёрскага эксперымента – “Войцэк”, Харкаўскі дзяржаўны украінскі акадэмічны драматычны тэатр імя Тараса Шаўчэнкі (рэжысёр – Аляксандр Коўшун), Украіна
За перспектыўнасць рэжысёрскага мышлення —  “Шлюб”, Беларускі  дзяржаўны  тэатр  лялек  (рэжысёр – Аляксандр Янушкевіч), Мінск – Беларусь
За лепшую мужчынскую ролю – Дэвід Кох – спектакль “Свет Кафкі”, Тэатр  на Захзэнрынг , Кёльн – Германія
За лепшую жаночую ролю – Галіна Дзягілева – спектакль “Пяюць начлежнікі”, Беларускі  паэтычны тэатр аднаго акцёра “Зніч”, Мінск – Беларусь
За лепшую сцэнаграфію — “Шлюб”, Беларускі  дзяржаўны  тэатр лялек  (мастак – Таццяна Нэрсісян), Мінск-Беларусь
За  філасофскую неверагоднасць тэатральнай мовы – Унія Тэатр Неверагодны,  Варшава – Польшча
За высокую тэатральную культуру – Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы
За  адданасць грамадзянскай тэме – Роберт Акапян – спектакль “Да вас звяртаюся, спадарыні і спадары!”, Ерэван – Арменія
За невербальную выразнасць тэатральнай мовы —  “Зар”, Тэатральная группа  JAM  (рэжысёр – Махамед Хатамі Рад), Тэгеран-Іран
За будучыню ў акцёрскім мастацтве – тэатр-студыя імя Еўсцігнея Міровіча Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў за спектакль“Дарагая Алена Сяргееўна (педагог-рэжысёр  —  Людміла Кучарэнка, мастацкі кіраўнік курса  – Уладзімір Мішчанчук) , Мінск – Беларусь

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля