Распрацоўваць тэорыю адноснасці вялікаму вучонаму дапамагаў берасцеец Якаў Громер
Распрацоўваць тэорыю адноснасці вялікаму вучонаму дапамагаў берасцеец Якаў Громер
Сёння мала хто ведае імя першага брэсцкага доктара матэматычных навук Якава Пінхусавіча Громера. Ён нарадзіўся 10 жніўня 1879 года ў Брэсце ў веруючай яўрэйскай сям’і. У дзіцячыя гады праявіў незвычайныя здольнасці і памяць у вывучэнні свяшчэнных кніг. Маленькі Якаў павінен быў стаць равінам. Але па правілах таго часу ён таксама павінен быў узяць у жонкі дачку старога равіна. Якаў Громер з дзяцінства быў хворы на акрамегалію (прасцей кажучы, на гігантызм), і нявеста не прыняла такога жаніха. Равінам стаць не атрымалася, і тады Громер звярнуўся да матэматыкі.
Ён з’ехаў за мяжу з надзеяй праславіць сябе на новай ніве. У 1905-1913 гадах Якаў вучыцца ў вядучых еўрапейскіх універсітэтах, паралельна шмат публікуецца і піша дысертацыю.
Яго настойлівасць і жаданне не засталіся без увагі. Маладым самародкам зацікавіўся Давід Гільберт – адзін з лепшых матэматыкаў таго часу. Ён настойваў на тым, каб Якаву прысвоілі званне доктара навук. Зрабіць гэта было вельмі няпроста. І ўсё ж Гільберт свайго дамогся: берасцеец стаў доктарам матэматычных навук.
У 1915 годзе Якаў Громер пераязджае ў Берлін, дзе на працягу 13 гадоў працуе асістэнтам Альберта Эйнштэйна. Громер дапамагаў вялікаму вучонаму ва ўсім, асабліва ў распрацоўцы тэорыі адноснасці. Нашаму земляку давялося перажыць і цяжкі ваенны час, і не менш цяжкія пасляваенныя дні. Але паступова жыццё наладзілася. Якаў Громер стаў прызнаным матэматыкам, узначальваў адпаведную кафедру ў Берлінскім універсітэце. Аднак яго цягнула дадому, і ў 1928 годзе ён вяртаецца на Радзіму, уладкоўваецца ў Белдзяржуніверсітэт. З 1931 года Якаў Громер працаваў таксама ў Фізіка-тэхнічным інстытуце Акадэміі навук БССР.
З імем Громера звязана адна цікавая гісторыя. У 1931 годзе Альберт Эйнштэйн таксама вырашыў пакінуць фашысцкі Берлін. Якаў Громер спрыяў таму, каб у вялікага вучонага з’явілася жаданне перабрацца менавіта ў Мінск. Аднак кіраўніцтва СССР стала чыніць перашкоды, і ў выніку Эйнштэйн эмігрыраваў у ЗША.
Акрамегалія з’яўлялася невылечнай хваробай, таму жыццёвы шлях брэсцкага таленавітага матэматыка быў кароткі. Якаў Громер памёр 11 красавіка 1933 года. Яго імя засталося ў гісторыі, але было забыта на доўгі час.
Дзмітрый ШЫФЯРШТЭЙН,
студэнт БрДУ імя А.С. Пушкіна.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.