Для вас гатуе Дзяніс МАРУК, галоўны рэдактар партала “Рэальны Брэст”
ЗАКУСКА “НА ХУТАРЫ”
ад Дзяніса МАРУКА, галоўнага рэдактара сацыяльнага партала “Рэальны Брэст”:
– Гатаванне – гэта сімбіёз добра вядомых рэцэптаў, асабістых пераваг і таго, што ёсць пад рукой ці ў халадзільніку. Часцей за ўсё даводзіцца кулінарыць на прыро-дзе. Падчас адной з паездак за горад быў прыдуманы рэцэпт закускі “На хутары”.
Для прыгатавання нам спатрэбяцца: 12 шампіньёнаў (неабходна ўзяць вялікія), 2 сярэднія цыбуліны, 2-3 зубкі часнаку, 100-150 г маслін (таксама вялікія і без костачак), 150-200 г крэветак, 150 г сыру, смятана, маянэз, паніровачныя сухары, соль і спецыі на смак.
Шампіньёны мыем і сушым. Акуратна выразаем ножкі, каб не пашкодзіць шляпкі. Выкладваем шляпкі на рашотку для запякання, пры гэтым солім унутры. Гатуем начынку: здрабняем цыбулю і ножкі грыбоў, смажым іх на алеі. Затым дадаём смятану, маянэз і паніровачныя сухары. Даём гэтай сумесі крыху ахалонуць. Сыр надзіраем на сярэдняй тарцы і палову дадаём да начынкі. Перамешваем і выкладваем начынку ў шляпкі шампіньёнаў. У сярэдзіну маслін загадзя змяшчаем крэветкі і таксама адпраўляем на шляпкі. Здрабняем часнок, дадаём у нашу страву. Зверху пасыпаем сырам. Запякаем 15-20 хвілін на мангале. Не пераварочваем!
Думаю, такая альтэрнатыва традыцыйным шашлыкам прыйдзецца да смаку нават самым вытанчаным гурманам. Плюс такой закускі – гатаваць проста, дапоўніць новымі кампанентамі яшчэ лягчэй. Спрабуйце, эксперыментуйце. У любым выпадку атрымаецца арыгінальна, смачна і непаўторна.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.