Беларусь

Маладзёжны мерыдыян


ПЕРШЫ БЛІН НЕ КАМЯКОМ
10 дзён вучань 11 класа гімназіі горада Ганцавічы Аляксей Кірыковіч, які на працягу апошніх двух гадоў станавіўся пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, абараняў гонар краіны на V Міжнароднай школьнай алімпіядзе па навуках аб Зямлі.
Інтэлектуальнае спаборніцтва праходзіла ў Італіі, у горадзе Мадэна, а ўдзельнічалі ў ім юныя разумнікі з 34 краін свету. Гэта была першая спроба ўдзелу нашай рэспублікі ў такой алімпіядзе. Закончылася яна паспяхова: Аляксей і яшчэ два хлопцы – з Бабруйска і  Наваполацка – вярнуліся дамоў з бронзавымі медалямі.
У СВЕЦЕ РОБАТАЎ
З 16 верасня па 3 кастрычніка ў выставачнай зале на Савецкай у Брэсце праходзіць персанальная выстава Аляксандра Гадуна.
Гэты малады брастаўчанін не першы раз радуе нас сваімі работамі, створанымі з былых дэталей камп’ютараў і іншай тэхнікі, апраў акуляраў і самых розных падручных матэрыялаў. У экспазіцыі – каля 100 вырабаў, сярод іх – робаты, якія рухаюцца і размаўляюць, а таксама самалёты і караблі.
СТУДЭНТЫ АБЯЦАЮЦЬ…
Валанцёры атрада “Элпіс”   БрДУ імя А.С. Пушкіна на пляцоўцы перад уваходам у галоўны корпус правялі акцыю “Ліст-абяцанне”.
Заклік  “Пачні з сябе! Дай абяцанне абараніць сябе ад ВІЧ дзеля будучыні!” быў змешчаны на стэндах, а валанцёры прапаноўвалі студэнтам напісаць свой ліст-абяцанне, прымацаваць яго да паветранага шара з папяровым голубам і адпусціць у неба. Акцыя праводзілася ў рамках праекта “Любоў і вернасць супраць СНІДу”.
БЕЛАРУСЬ У ПАЗЛАХ
У Івацэвічах прайшоў раённы чэмпіянат па збіранні пазлаў сярод  устаноў адукацыі, арганізаваны райкамам БРСМ.
У спаборніцтве прынялі ўдзел каманды Івацэвіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, агульнаадукацыйнага ліцэя горада Івацэвічы, сярэдніх школ №№1, 3, 4. Канкурсанты збіралі фрагменты малюнкаў Нацыянальнай бібліятэкі, спартыўнага комплексу “Вікторыя”, карты Рэспублікі Беларусь… Перамагла каманда агульнаадукацыйнага ліцэя.
Ганна ІВАШЧАНКА,
студэнтка
БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля