Беларусь

  • Главная
  • Вертыкалі ўлады
  • Што павінны зрабіць органы самакіравання для павышэння камфортнасці пражывання насельніцтва…

Што павінны зрабіць органы самакіравання для павышэння камфортнасці пражывання насельніцтва…


… высвятлялі дэпутаты абласнога Савета на выязной сесіі ў Брэсце і Брэсцкім раёне
Падчас выязнога пасяджэння старшыня аблсавета Сяргей Ашмянцаў не раз звяртаў увагу народных выбраннікаў на актуальнасць вынесенага на разгляд пытання: “Вельмі важна, каб людзі адчувалі сябе камфортна. Трэба аб’ектыўна ацаніць уплыў органаў самакіравання на працэс навядзення парадку. Усе хочуць жыць прыгожа, але ці хочуць людзі ўдзельнічаць у стварэнні прыгажосці ў сваім пад’ездзе, двары, на вуліцы, у горадзе ці вёсцы, дзе яны жывуць?”
Перш чым рабіць нейкія вывады, дэпутаты ўважліва пазнаёміліся з работай на месцах. Яны зацікаўлена вывучалі дзейнасць КУП “ЖРЭУ г. Брэста”. Начальнік прадпрыемства Павел Заграй праінфармаваў дэпутатаў, што робіцца для захаванасці жыллёвага фонду,
змяншэння затрат на яго эксплуатацыю, добраўпарадкаванне. У Брэсце гэтым займаюцца 13 ЖЭСаў. Летась праведзена комплекснае добраўпарадкаванне 149 дваровых тэрыторый, а за 8 месяцаў сёлета – 123 двароў. Выкананы работы па капітальным рамонце жылога фонду і яго цеплавой рэабілітацыі на 84 аб’ектах. Заменены 28 ліфтаў.
Затраты вялікія, але адзначаецца іх зніжэнне за кошт таго, што прыцягваюцца сродкі насельніцтва. Заўважана: людзі беражлівей ставяцца да захаванасці таго, у што былі ўкладзены іх грошы. Напрыклад, з 1999 года ў горадзе такім чынам адрамантавана больш за 2000 пад’ездаў, на 97 працэнтаў выканана праграма “Зачынены пад’езд” па ўсталяванні металічных дзвярэй з дамафонамі. Прадуктыўна праходзяць месячнікі па добраўпарадкаванні. Толькі ў гэтым годзе вясною было пасаджана 412 дрэў, 2019 кустоў, разбіты дзясяткі клумб. А яшчэ вядзецца работа па раздзельным зборы смецця. Сёлета ЖРЭУ абласнога цэнтра прымала ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Па максімальнай здабычы другасных матэрыяльных рэсурсаў з камунальных адходаў”, у якім заняло 3-е месца.
Дапамагаць камунальнікам закліканы грамадскія фарміраванні: дамавыя і вулічныя камітэты, саветы ЖЭСаў і іншыя. Іх у Брэсце створана 784, але дэпутаты крытычна ацанілі лічбу, бо, як высветлілася, па-сапраўднаму дзейснай работай можа пахваліцца хіба што палова органаў самакіравання. Тлумачэнне такой сітуацыі даў начальнік ЖЭС-10 Аляксандр Краўчук: “Усё залежыць ад зацікаўленага стаўлення людзей. Ёсць талковы старшыня дамкама – будзе эфектыўная работа”.
Што так насамрэч і ёсць, дэпутаты ўпэўніліся, пабываўшы ў доме №82 па вуліцы Пушкінскай. Камфортны дом, чыстыя пад’езды, дагледжаны двор – жыхары лічаць, што іх выдатна арганізуе старшыня дамавога камітэта Мікалай Гаршчарык. Выслухаўшы Мікалая Маркавіча, Сяргей Ашмянцаў заўважыў: “Усе павінны працаваць разам – камунальнікі, людзі, дэпутаты. Прыемна ж паглядзець, калі дом і двор дагледжаныя”.
Агульнасць інтарэсаў удзельнікі сесіі адзначылі пасля наведвання і цяплічнай гаспадаркі ДУВП “Брэстзелянбуд”, і новага смеццеперапрацоўчага завода, і КВУП “Брэстводаканал”. “Зелянбудаўцы” расказалі, што гатовыя аказаць паслугі па ландшафтным афармленні і азеляненні не толькі па заяўках гарадскіх улад, але і арганізацый, прыватных асоб. На смеццеперапрацоўчым заводзе з другаснай сыравіны атрымліваюць цеплавую і электрычную энергію. На “Брэстводаканале” дэпутаты задавалі шмат пытанняў пра якасць вады, яе эканомію і ўвядзенне сістэмы кантролю спажывання. Высветлілася, што на дэпутацкіх прыёмах выбаршчыкі часта цікавяцца менавіта водазабеспячэннем.
З падыходам органаў мясцовай улады да рашэння пытанняў стварэння камфортных умоў пражывання ў вёсцы ўдзельнікі сесіі пазнаёміліся ў Чэрнінскім сельсавеце. Паглядзелі вясковыя вуліцы, высока ацанілі добраўпарадкаванне на тэрыторыі дзіцячага садка ў Чэрнях, пазнаёміліся з добраўпарадкаваннем у шматкватэрных дамах. І зноў гаварылі, што вызначальным застаецца чалавечы фактар, стаўленне насельніцтва да месца пражывання.
На пленарным пасяджэнні выступіў генеральны дырэктар БАУП “Упраўленне ЖКГ” Сяргей Лабанаў. Ён падкрэсліў: “Сярод зваротаў грамадзян у розныя органы ўлады лідзіруюць пытанні, якія тычацца работы камунальшчыкаў, а значыць – камфортнасці жыцця. Службы імкнуцца паляпшаць умовы пражывання. Напрыклад, за апошнія 15 год перакладзена 735 кіламетраў труб цепласетак, але ж іх у рэгіёне – больш за 2200 кіламетраў. Стаіць задача да 2017 года поўнасцю замяніць цеплатрасы. А яшчэ – сотні кіламетраў водаканалізацыйных сетак! Але ёсць праблемы ў фінансаванні некаторых відаў работ і рацыянальнасці размеркавання сродкаў”. На думку Сяргея Лабанава, патрабуецца маштабная работа з насельніцтвам. Пакуль што часта назіраюцца выключна спажывецкія адносіны: час ужо “дайце нам” змяніць хоць бы часткова на “мы зробім самі” ці “давайце зробім разам”.
Абмяркоўваючы пытанне, дэпутаты зыходзілі з вопыту сваіх выбарчых акруг. Так, старшыня Пінскага гарсавета Ніна Кахновіч расказала пра ўзаемадзеянне дэпутатаў, камунальных службаў і грамадскіх фарміраванняў праз правядзенне свят двароў, конкурсаў па добраўпарадкаванні. Старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Палышанкоў запэўніў дэпутатаў, што камфортнасць людзям у Брэсце будзе забяспечана. У горада ёсць распрацаваныя праграмы, у прыватнасці, па водаадвядзенні, рамонце дарог, развіцці транспартнай інфрастртаршыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў: “Зроблена многае, але не ўсё. Трэба актыўней працаваць з людзьмі і дабівацца іх удзелу ў паляпшэнні ўмоў жыцця”.
Па разгледжаным пытанні сесія прыняла адпаведнае рашэнне. Сярод вызначаных задач – умацаванне інфармацыйна-растлумачальнай работы з насельніцтвам. Здолеем змяніць адносіны людзей – дасягнем эфектыўнасці, якая выльецца ў станоўчы вынік.
Дэпутаты абмеркавалі шэраг іншых пытанняў. Яны зацвердзілі “Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Брэсцкай вобласці на 2011-2015 гады”. Разгледзелі абласную праграму “Кадры” да 2015 года і “Праграму дэмаграфічнай бяспекі Брэсцкай вобласці” на бліжэйшую пяцігодку. Прынята рашэнне аб змяненні меж Брэста, Іванава, Маларыты за кошт выдзялення ім зямель для новай жыллёвай забудовы.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля