Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар правёў чарговую прэс-канферэнцыю

Старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар правёў чарговую прэс-канферэнцыю

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Традыцыйнае мерапрыемства доўжылася больш за дзве гадзіны. Цікаўнасць прэсы была задаволена поўнасцю: больш чым на 30 пытанняў адказаў Канстанцін Андрэевіч.
Размова атрымалася шматтэмнай. У старшыні аблвыканкама пыталіся пра рэалізацыю ў рэгіёне прэзідэнцкіх даручэнняў і эканоміку, развіццё прадпрымальніцтва і ўдасканаленне транспартнай інфраструктуры, сацыяльную падтрымку насельніцтва і жыллёвае будаўніцтва, работу з адоранымі дзецьмі і ўвядзенне ў строй спартыўных аб’ектаў… Прагучала пытанне і ад “НТ”: “З чым звязаны той факт, што па ўзроўні заработнай платы вобласць займае апошняе месца ў рэспубліцы?”
Канстанцін Андрэевіч сказаў:
– Трэба глядзець на структуру эканомікі. Яна не дазваляе нам мець такую ж заработную плату, якая ёсць, напрыклад, у Мінска, Гомеля, Магілёва. Брэстчына – аграрная вобласць. Тут у прамысловасці працуе 25 працэнтаў, а па рэспубліцы – 28, на Гомельшчыне і таго больш. Таму і зарплаты там іншыя. Але гэта не значыць, што мы не дапрацоўваем ці заробкі людзям зніжаем. Калі параўнаць асобныя галіны, дык зусім іншая статыстыка будзе. Так, у АПК мы не саступаем аграрыям Гро-
дзеншчыны. І ў дадатак давайце паглядзім бюджэт. У Гомельскай вобласці 70 працэнтаў яго фарміруюць пяць прамысловых гігантаў – там і зарплата вышэйшая. У нас прадпрыемстваў кшталту “Брэстгазаапарат”, якія лічацца буйнымі падаткаплацельшчыкамі, нямнога. Але мы трымаем тэмп росту і бюджэт, таму і зарплата будзе павялічвацца.
Адказваючы ўжо на іншае пытанне ад другога выдання Канстанцін Андрэевіч заўважыў:
– Занадта шмат мы сумняваемся. Не сумнявацца трэба, а старацца нешта зрабіць самім.
І ўжо ў канцы сустрэчы параіў:
– Вучыцеся самастойнаму мысленню. Трэба падаваць аўдыторыі матэрыял рэальны, а не надуманы. Да канструктыўнай крытыкі ўлада заўсёды прыслухаецца.
А нам варта прыслухацца да той аб’ектыўнай інфармацыі, якую, адказваючы на розныя пытанні, журналістам паведаміў кіраўнік вобласці.
ПРА БУДАЎНІЧЫЯ ПЛЯЦОЎКІ
“Ільготнае жыллёвае будаўніцтва захаваецца, але не ў ранейшых аб’ёмах. На льготнае крэдытаванне могуць разлічваць шматдзетныя і маладыя сем’і, людзі, якія пражылі 10 год і больш у інтэрнаце і не маюць іншага жылля. Зменіцца працэнт крэдытавання: трохі “падрасце”. Будуць змяненні і па субсідыях, каб імі можна было карыстацца і пасля здачы дома (раней субсідзіраванне вялося, пакуль дом будавалі, не паспеў яго атрымаць – права страчвалася)”.
“Даручэнні Кіраўніка дзяржавы па Баранавічах будзем выконваць. Сёлета ўжо выдаткавана больш чым 27 мільярдаў рублёў на распрацоўку будаўнічай дакументацыі і добраўпарадкаванне, больш чым 3 мільярды выкарысталі на развіццё інжынерна-транспартнай інфраструктуры, каля 22 мільярдаў – на капітальны рамонт жылога фонду. Зараз у горадзе вядуцца работы на 45 аб’ектах, а за пяцігодку ў Баранавічы будзе ўкладзена 220 мільярдаў рублёў… Горад заслугоўвае новага Дома культуры. Прафінансавана распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі. Будзем у наступным годзе пачынаць будоўлю”.
“У верасні завяршыцца першы этап рэканструкцыі чыгуначнага вакзала ў Брэсце – Маскоўскага боку. Адразу пачынаем другі – рэканструкцыю Варшаўскага боку. Трэці і чацвёрты этапы давяршаць справу. Да 2015 года рэканструкцыю выканаем”.
“Планавалі ў Бярозе Дом культуры і гасцініцу. Народ сумняваецца, што планы рэалізуем? Няхай бы правялі 3-4 суботнікі, пачалі будаваць, а там і вобласць бы дапамагла. У будучым годзе зоймемся Домам культуры. Нам жа давялося сёлета не толькі Бярозу да абласных “Дажынак” рыхтаваць, але і Ганцавічы да Дня беларускага пісьменства, куды ні многа ні мала, а 50 мільярдаў далі”.
“У Іванаве лепш пакуль ад планаў наконт спартыўнага комплексу адмовіцца, трэба будаваць дзіцячы садок. Плануем яго на 2012 год, а яшчэ ў плане – дашкольныя ўстановы ў Баранавічах, Пінску, у брэсцкім мікрараёне Паўднёвы Захад-4”.
“Пачалі будаваць фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам у Століне. Па плане ўвод – у 2013-м, але пастараемся максімальна адпрацаваць на аб’екце ў наступным годзе. Скарачаем тэрміны – таннее аб’ект”.
ПРА САЦЫЯЛЬНЫЯ ГАРАНТЫІ
“Сацыяльны пакет інвестары абавязаны выконваць: 5 год профіль прадпрыемства новыя гаспадары змяніць не могуць. І чалавека, які нармальна працуе, звольніць не могуць. Цяпер, падпісваючы інвестпраекты, сачу, каб у іх прадугледжвалася стварэнне новых рабочых месцаў, каб пры ўсіх рэканструкцыях і новых тэхналогіях колькасць працуючых не змяншалася. Вызвалілася на ранейшым месцы працоўная адзінка – чалавек пераводзіцца на новае створанае рабочае месца. Людзі павінны быць працаўладкаваны”.
“Цэны на агародніну сваёй вытворчасці будзем кантраляваць, каб наша прадукцыя была даступная для насельніцтва. Гандлёвая нацэнка – 10-15 працэнтаў, не больш. Трэба выводзіць цэны з мінусавай рэнтабельнасці і больш вырошчваць свайго. Няхай будуць сабе і дарагія заморскія бананы, але тут жа павінны быць і нашы яблыкі, і прыкметна таннейшыя”.
“Садзім бульбу, а потым думаем, куды ж мы яе будзем прадаваць. Трэба пазбаўляцца ад такога стэрэатыпу. Сур’ёзную работу павінны праводзіць нарыхтоўчыя канторы. Яны ведаюць рынак, маюць сувязі ў Расіі, ва Украіне. Каб стымуляваць работу, давялі планы па экспарце бульбы. А для сябе ставім задачу – забяспечыць максімальнае захоўванне “другога хлеба”. Сёлета павінны пабудаваць 40 бульбасховішчаў. Апошні транш на гэтыя мэты далі ў 40 мільярдаў рублёў. Зможам размясціць на захоўванне 140 тысяч тон бульбы. Астатнюю – на рэалізацыю насельніцтву, у тым ліку і на восеньскіх кірмашах без нацэнак, здачу для спіртавой прамысловасці і іншае”.
ПРА ЭКАНАМІЧНЫЯ ПЕРСПЕКТЫВЫ
“За апошнія 5 год колькасць малых прадпрыемстваў у вобласці вырасла ў чатыры разы, а занятых у сферы прадпрымальніцтва людзей стала болей у 1,5 раза. У рэспубліцы па колькасці індывідуальных прадпрымальнікаў мы –
на першым месцы. У нас у малым і сярэднім бізнесе занята больш за 130 тысяч чалавек. Іх уклад у бюджэт – кожны чацвёрты рубель. Для далейшай падтрымкі прыватнай ініцыятывы прадугледжваем немалыя сродкі. Ільготы для развіцця бізнесу не адмяняюцца. Напрыклад, у малых гарадах зніжэнне падатковай нагрузкі – 50 працэнтаў. Было б жаданне развівацца плюс ініцыятыва”.
“Перспектывы ў брэсцкага аэрапорта ёсць. Асабліва ў плане пашырэння грузаперавозак. Шукаем інвестара, зацікаўленага ў стварэнні лагістычнага цэнтра. У нас ёсць, чым гандляваць. Зацікаўлена пытанне вывучаюць італьянцы. Маем прапанову ад Катара”.
“Гарадская гаспадарка – гэта складаная гаспадарка. У Брэсце для таго, каб наладзіць работу па маршрутных транспартных перавозках, па маёй просьбе гарвыканкам з праектным інстытутам адпрацавалі схему руху пасажырскага транспарту з улікам работы прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў. Прымаючы ў разлік гэта, і будзем весці аптымізацыю маршрутаў.
ПРА КУЛЬТУРУ І ТАЛЕНТЫ
“Культура ніколі не была рэнтабельнай, але цяпер стаіць задача эфектыўнасці работы яе ўстаноў. У вобласці 510 дамоў культуры, 666 бібліятэк. Ці разумна мець у адным месцы па тры бібліятэкі? А СДК у маланаселеным сельскім пункце, дзе асноўныя жыхары – пенсіянеры? Трэба аптымізаваць структуру культустаноў, але без культуры людзей не пакінем. Можна той жа бібліобус накіраваць ці выязны клуб. Вопыт такой работы ў вобласці ёсць”.
“Стварыць спецыяльны абласны фонд па падтрымцы адораных дзяцей і моладзі? Падумаем над гэтым. Але ж і цяпер падтрымліваем. Аблвыканкам устанавіў свае стыпендыі лепшым студэнтам ВНУ Берасцейшчыны. З 2006 года ўручаем прэміі педагогам і таленавітым вучням – іх ужо атрымалі 71 навучэнец і 64 настаўнікі. І творчыя фестывалі фінансуем – гэта ж таксама падтрымка. Здольнымі людзьмі трэба даражыць”.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Для вас гатуе Дзяніс МАРУК, галоўны рэдактар партала “Рэальны Брэст”

Следующая запись

Маладзёжны мерыдыян