Свабода. Энергія. Агонь
Што такое танец? Якія пачуцці выказвае ў ім чалавек? Як танцор бачыць навакольны свет і людзей вакол сябе? Аб гэтым я вырашыла пагутарыць з Дзмітрыем ЛУКАШУКОМ, выхаванцам студыі сучаснага танца “MAY” (Me and you), які займаецца ў групе электрык бугі і сёлета стаў бронзавым прызёрам міжнароднага танцавальнага спаборніцтва “Кантактнае супрацьстаянне-2”.
– Дзіма, што такое танец? Спорт? Мастацтва?
– Адназначна адказаць не магу. Трэніроўкі патрабуюць фізічнай трываласці, а стварэнне танца – фантазіі, крэатыўнасці, натхнення. Для мяне гэта ўсё-такі больш мастацтва. Калі танцую, дык расслабляюся, забываю аб будзённай мітусні, магу перанесціся ў іншую рэальнасць, паказваю свае эмоцыі. Падчас танца паляпшаецца настрой. Я адчуваю сябе добра і камфортна.
Прыйшоў у студыю ў верасні мінулага года – пасля таго, як паглядзеў фільм “Крок наперад-3”. Танцавальны накірунак электрык бугі добра развіты ў Маскве, у нашай жа краіне ён толькі прыжываецца. Люблю новае, люблю эксперыментаваць. Разважыў, што, дзякуючы гэтаму стылю, буду вылучацца сярод танцуючай моладзі.
Асновай для электрык бугі з’яўляюцца хвалі. Яны кожны раз зусім розныя: плаўныя і імклівыя, фіксаваныя і амплітудныя… Электрык бугі арганічна камбінуецца з усімі сучаснымі стылямі танцаў, ствараючы пры гэтым незвычайную, непаўторную танцавальную тэхніку. Асабліва важна, што кожны з танцораў можа адшукаць індывідуальны стыль выканання.
– Раскажы падрабязней аб вашай студыі.
– У гэтым годзе нам споўнілася 2 гады. У студыі праводзяцца заняткі па розных відах танца: джаз мадэрн, брэйк-данс, танец жывата, электрык бугі, хіп-хоп, krump, tectonik, стрып пластыка, бальныя танцы, clubdance. Працуюць 10 выкладчыкаў. Хлопцаў і дзяўчат шмат: ад трохгадовых дзяцей да дарослых асоб. Мая група налічвае 11 чалавек. Самаму малодшаму – 11 гадоў, самаму старэйшаму – 24. Мы разам трэніруемся, прымаем удзел у майстар-класах, адпачываем. Удзельнічаем у такіх танцавальных спаборніцтвах, як “Independance”, чэмпіянат Беларусі па сучасных танцах, “Джэм”, “Шпулька”. Заўсёды вяртаемся з перамогамі…
У Брэсце не так ужо і шмат танцавальных школ. Мне пашанцавала, што трэніруюся ў лепшага трэнера па электрык бугі – маладога і амбіцыйнага Сяргея Германовіча (у танцавальных колах ён вядомы як Chip).
– Што змянілася пасля таго, як ты стаў займацца танцамі?
– Пластыка і тэхнічнасць, набытыя за месяцы трэніровак, даюць упэўненасць у сабе. Улетку завяршыўся он-лайн батл “Кантактнае супрацьстаянне-2”. Не ў кожнага, хто захапляецца электрык бугі, ёсць магчымасць прыехаць у Маскву на конкурс, а тут можна зняць свой танец на відэа, выкласці ў сацыяльную сетку “У кантакце” – яго ацэняць суддзі і гледачы. Сёлета ў спаборніцтве прынялі ўдзел 73 чалавекі. Сяргей Германовіч заняў другое месца, а я, дзякуючы гледачам, атрымаў трэцяе.
– Хто з’яўляецца прыкладам для цябе ў танцах? І ці звязваеш з імі сваю будучыню?
– Мой трэнер, якога я згадваў вышэй, а яшчэ незвычайны танцор Атай Амурзакаў, чыя тэхніка знаходзіцца на вышэйшым узроўні. Мне хацелася б адкрыць сваю школу танцаў па электрык бугі, папулярызаваць гэты напрамак у нас, каб нашы танцоры праславіліся далёка за межамі краіны.
Танцы – гэта жыццё, у якім свабода, энергія і агонь спалучаюцца ў дзівосныя ўзоры. Сумна не будзе! Танцуйце ўсе!
Гутарыла Ганна ІВАШЧАНКА,
студэнтка БрДУ імя А.С. Пушкіна.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.