Аджыка: танны варыянт!
АДЖЫКА “АНТЫКРЫЗІСНАЯ” ад Інесы ПАЖАРЫЦКАЙ, галоўнага агранома ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бярозаўскага райвыканкама:
– Калі дзеці былі малыя, гатавала многа. Нават кнігу кулінарную вяла, куды запісвала новыя і цікавыя рэцэпты страў. Сямейнікам падабаліся мясныя катлеты, курыца на бутэльцы, торты. Цяпер дзеці раз’ехаліся, таму іх любімыя стравы гатую, калі яны прыязджаюць у госці. А вось закаткі розныя, асабліва па новых рэцэптах, раблю з задавальненнем. Таму і чытачам “НТ” прапаную нетрадыцыйны, але танны рэцэпт аджыкі.
Для яе прыгатавання спатрэбіцца: 3 кг кабачкоў, 3 штукі салодкага перцу, 1 – горкага перцу, 3 галоўкі часнаку, шклянка (200 г) цукру, 2 сталовыя лыжкі солі, шклянка алею, 250 г воцату.
Гародніну прапускаем праз мясарубку. У атрыманую масу дадаём цукар, соль і алей, перамешваем і варым 30 мінут. За некалькі мінут да канца варкі дадаём воцат. Гарачую аджыку раскладваем у стэрылізаваныя слоікі і закатваем.
Прыправа добра пойдзе да мясных страў, ды і проста з хлебам смачна есці.
Зрабіце – не пашкадуеце!
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.