Навіны рэгіёнаў
БРЭСТ
Забароненыя кнігі
Сёння ў абласной бібліятэцы імя М. Горкага адкрываецца выстава “100 забароненых кніг свету”. Усе яе экспанаты, якія, дарэчы, потым сталі сусветнай літаратурнай спадчынай, у свой час былі забаронены ў розных краінах свету па палітычных, рэлігійных і іншых матывах. Сярод аўтараў – Барыс Пастарнак, Андрэй Платонаў, Джэймс Джойс, Гарыет Бічэр-Стоу… Асобны раздзел займаюць кнігі беларускіх аўтараў – Цішкі Гартнага, Максіма Зарэцкага, Сяргея Грахоўскага, Максіма Лужаніна.
БРЭСЦКІ РАЁН
Зімовыя сустрэчы
У клубе “Zio pepe” прайшлі “Зімовыя сустрэчы” раённых і гарадскіх актывістаў ГА “БРСМ”. У нефармальнай абстаноўцы юнакі і дзяўчаты падвялі вынікі работы пярвічных арганізацый прадпрыемстваў і ўстаноў горада і раёна. У завяршэнне сустрэчы адбылася вечарынка ў італьянскім стылі.
БАРАНАВІЧЫ
Электронныя білеты. Упершыню
Райцэнтр стане першым горадам у краіне, дзе будзе ўведзена сістэма адзіных электронных білетаў на ўсе віды грамадскага гарадскога транспарту. Білет будзе ўяўляць сабой пластыкавую картку, якую неабходна прыкладваць да электроннага кампосцера. Грошы будуць спісвацца аўтаматычна ў залежнасці ад працягласці і часу паездкі. Пілотны праект плануецца ўкараніць цалкам да канца 2013 года.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
У тапках па… марозе
Кур’ёзны выпадак адбыўся ў гарадскім пасёлку Гарадзішча. 37-гадовы мясцовы жыхар паспрачаўся са знаёмым, што здолее прайсці 25 кіламетраў у дамашніх тапках па марозе. Па дарозе ён замёрз і трапіў у бальніцу з абмарожаннем ступняў 2-й і 3-й ступені. На якім кіламетры мужчына сышоў з дыстанцыі, дакладна невядома, але спрэчку ён прайграў.
БЯРОЗА
“Папяровыя дзівосы” – узорныя
Студыя выцінанкі “Папяровыя дзівосы” атрымала званне “ўзорнай”. Такое рашэнне прынята калегіяй Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Кіруе аб’яднаннем Жанна Ліпская. Пад яе кіраўніцтвам дзеці робяць з паперы ўнікальныя вырабы і карціны, развіваючы тым самым від народнай творчасці, які раней быў распаўсюджаны на Бярозаўшчыне.
ГАНЦАВІЧЫ
Больш ініцыятывы і адказнасці!
У мінулую суботу ў гарадскім ДК з удзелам кіраўніка спраў аблвыканкама Антона Стэльмаха прайшоў сход гаспадарчага актыву. У сваім выступленні старшыня райвыканкама Аляксандр Саланевіч зрабіў акцэнт на існуючых праблемах – найперш у аграпрамысловым комплексе. Каб вырашыць іх і справіцца з даведзенымі прагнознымі паказчыкамі, на яго думку, неабходна перагледзець падыходы да работы, праяўляючы больш ініцыятыўнасці і адказнасці.
ДРАГІЧЫН
За кансультацыяй – ва ўнівермаг
Новыя формы работы з насельніцтвам укараняюць супрацоўнікі раённай інспекцыі па падатках і зборах. Так, нядаўна на першым паверсе ўнівермага яны абсталявалі невялікі мабільны офіс. У ім у выхадныя дні дзяжурыць падатковы інспектар, які праводзіць прыём грамадзян і дае ім неабходныя кансультацыі па пытаннях афармлення і падачы дэкларацый, платы падаткаў на зямлю, нерухомасць і іншыя.
ЖАБІНКА
Паэзія і музыка гучалі…
У пятніцу па запрашэнні педагогаў і вучняў у ліцэі адбылася прэзентацыя дзвюх кніжак – “Нічога больш” і “Прыадхінуты небасхіл” – мясцовага паэта, лаўрэата літаратурных прэмій Алеся Каско. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел зямляк паэта Яўген Сергіеня і паэт-бард Алесь Паплаўскі, які выканаў пад гітару свае песні і творы іншых аўтараў Брэстчыны.
ІВАНАВА
Абмеркаваны вынікі, вызначаны задачы
Днямі тут прайшоў сход раённага актыву, на якім абмеркаваны вынікі работы ў 2011 годзе і вызначаны задачы на бягучы год ва ўсіх галінах народнагаспадарчага комплексу. З дакладам перад яго ўдзельнікамі выступіў старшыня райвыканкама Юрый Бісун. У рабоце сходу прыняў удзел намеснік старшыні аблвыканкама Мікалай Крывецкі.
ІВАЦЭВІЧЫ
Залатая каманда
Каманда дзюдаістаў райцэнтра заняла першае месца на спаборніцтвах у рамках Алімпійскіх дзён моладзі ў Брэсце. У асабістым заліку пераможцамі сталі Канстанцін Падаляка і Анастасія Глушэня з СШ№3, Інэса Барташэвіч з СШ №4, а таксама навучэнка брэсцкага вучылішча алімпійскага рэзерву, ураджэнка Івацэвіч Дзіяна Бахмат.
КАМЯНЕЦ
Фермерская крама
Фермерская гаспадарка Мікалая Астапука, якая знаходзіцца ў вёсцы Рэчыца, займаецца вырошчваннем бычкоў. А напрыканцы зімы яна плануе адкрыць свой магазін у Тэўлях Кобрынскага раёна, дзе пражывае сям’я Астапукоў. Цяпер тут вядуцца падрыхтоўчыя работы да адкрыцця крамы, у якой будзе рэалізоўвацца ўласная прадукцыя гаспадаркі – мяса (ялавічына). Не выключана, што з часам гандлёвая кропка Астапукоў з’явіцца і на Камянеччыне.
КОБРЫН
Ад праекта да аб’екта…
Пачалася распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на рэканструкцыю 20 малочнатаварных ферм у сельскіх гаспадарках раёна. Сёлета ў ААТ “Кісялёўцы”, СВК “Кутузаўскі”, “Каралеўскі”, “Верхалескі” і іншых яны будуць пераўтвораны ў сучасныя жывёлагадоўчыя комплексы, на якіх плануецца перавесці жывёлу на беспрывязное ўтрыманне, пабудаваць даільныя залы, а ў выніку павысіць прадукцыйнасць працы, павялічыць пагалоўе дойнага статка і значна нарасціць вытворчасць малака.
ЛУНІНЕЦ
На “Граніце” – новая лінія
Пятая тэхналагічная лінія на РУП “Граніт” у Мікашэвічах здадзена ў эксплуатацыю. Пакуль што тут працягваюцца работы па наладцы абсталявання, на якіх задзейнічаны супрацоўнікі Мікашэвіцкага ўчастка “Спецрамонт”. У поўным аб’ёме лінія запрацуе толькі вясной, за яе тэхнічнае абслугоўванне будуць адказваць 20 спецрамонтнікаў.
ЛЯХАВІЧЫ
Домік для паляўнічых. Першы на маршруце
Дзве новыя экалагічныя сцежкі, у Савейках і Нетчыне, з’явяцца на турыстычнай карце раёна ў першай дэкадзе лютага. На гэты ж час запланавана і адкрыццё ў Мыслабажы доміка для паляўнічых з 4-х нумароў. А ці з’явяцца новыя – пакажа час: калі турыстычны аб’ект будзе прыносіць прыбытак, дык, па словах дырэктара мясцовага лясгаса Міхаіла Свістуна, пабудуюцца і іншыя.
МАЛАРЫТА
Праверылі веды
У раённай гімназіі прайшоў міжнародны конкурс па інфарматыцы “Байцік”, ініцыятарам правядзення якога стаў настаўнік інфарматыкі Ігар Гардынец. Свае веды падчас яго правяралі не толькі вучні 5-10 класаў раёна і Брэстчыны, але і школьнікі з Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей, а таксама з Разані Расійскай Федэрацыі. 10 лепшых знаўцаў з кожнай групы прымуць удзел у чарговым туры, які адбудзецца вясной.
ПІНСК
Без кандуктара!
З гэтага месяца мясцовы аўтапарк пераводзіць частку гарадскіх маршрутаў на абслугоўванне без кандуктара. Цяпер у аўтобусах №№ 1, 1А, 3, 3А, 7, 8, 8А, 9, 15, 16, 23 замест чалавека ў сіняй камізэльцы з’явіцца кампосцер. У сувязі з гэтым у продаж паступяць адпаведныя білеты на грамадскі транспарт. А каб пазбегнуць блытаніны і непрыемных сітуацый, транспартныя сродкі будуць абсталяваны спецыяльным указальнікам “Без кандуктара”.
ПІНСКІ РАЁН
У калонію – на экскурсію
Цяжкія падлеткі Піншчыны пазнаёміліся з папраўчымі ўстановамі ў суседніх Івацэвічах. З мэтай прафілактыкі злачынстваў сярод моладзі і была наладжана міжрэгіянальная экскурсія ў месцы не такія аддаленыя. У прыватнасці, маладым людзям паказалі калонію №5. Ініцыятарамі і арганізатарамі акцыі выступілі Пінскі і Івацэвіцкі раённыя камітэты БРСМ.
ПРУЖАНЫ
Танк… са снегу
Танк мадэлі КВ-5 у натуральную велічыню з’явіўся ля вёскі Шубічы. Аўтарамі гэтага цікавага праекта сталі 8 пружанскіх аматараў анлайн-гульні “World of Tanks”. На гульнявым форуме быў аб’яўлены конкурс на лепшы танк, зроблены са снегу. На выраб цяжкага танка КВ-5 было патрачана два дні і ўвесь снег у радыусе 70 метраў ад баявой машыны. Даўжыня снежнага танка – 4,8, вышыня – 1,8, шырыня –
2,2 метра. Вынікі конкурсу будуць паведзены 5 лютага.
СТОЛІН
Ад крадзенага не пасыцееш…
У панядзелак раённым аддзелам следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа супраць повара адной з мясцовых школ за прысваенне прадуктаў харчавання. На мінулым тыдні жанчыну затрымалі, калі яна выйшла са сталовай. У яе сумцы супрацоўнікі дэпартамента аховы знайшлі “казённыя” прадукты агульным коштам у 735 тысяч рублёў.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.