У Брэсце прайшла калегія ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама
Спорт высокага класа патрабуе адпаведных умоў, а турыстычная сфера – новых ідэй і зацікаўленасці людзей на месцах
У пасяджэнні калегіі ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама прынялі ўдзел міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Алег Качан, намеснік старшыні аблвыканкама і старшыня Прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці Леанід Цупрык, а таксама кіраўнікі абласных службаў, камітэтаў і ўпраўленняў. На парадку дня былі вынікі работы ў мінулым годзе і задачы на сёлетні год.
– Практычна ўсе паказчыкі выкананы, – расказаў намеснік начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама Іван Шкутнік. – Высокіх вынікаў дасягнулі вясляр Алег Юрэня, гімнастка Любоў Чаркашына, лёгкаатлетка Надзея Астапчук. Сярод задач для спартыўнага кіраўніцтва асобна вылучу стварэнне ўмоў і вырашэнне сацыяльных пытанняў для таго, каб і далей развіваць спорт вышэйшага класа. Сканцэнтравацца неабходна на падрыхтоўцы да ХХХ летняй Алімпіяды ў Лондане. Дарэчы, 12 ліцэнзій ужо заваяваны, а ў 2012-м плануем атрымаць яшчэ 15-18. На жаль, даўно не радуюць поспехамі прадстаўнікі фехтавання, бокса, стральбы з лука, а таксама гульнявых відаў спорту. Правальным можна лічыць выступленне каманды вобласці на рэспубліканскай алімпіядзе школьнікаў.
Па словах Івана Шкутніка, дзіцячы спорт павінен выйсці на больш высокі ўзровень, таму кіраўнікі школ разам з намеснікамі павінны зрабіць адпаведныя вывады і правесці ўсю неабходную работу для гэтага. На “здавальняюча” былі ацэнены развіццё масавай фізкультуры і спорту, а таксама пазабюджэтная дзейнасць спартыўных арганізацый.
Абмяркоўвалася таксама сітуацыя з развіццём турызму ў рэгіёне, выкананнем галіновых праграм і праектаў.
– Запаведнікі і паляўнічыя гаспадаркі вобласці становяцца ўсё больш прывабнымі для турыстаў, – адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама Мікалай Глушэня. – У мінулым годзе ў 2,5 раза больш турыстаў наведалі Брэстчыну, чым у 2010-м. Развіваецца агратурыстычная сфера. Адкрыты 9 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, 44 аграсядзібы. У рамках мерапрыемстваў па развіцці турызму ў вобласці на 2011-2015 гады, зацверджаных рашэннем аблвыканкама, да 2016 года турыстычную інфраструктуру рэгіёна плануецца павялічыць больш чым на 300 аб’ектаў. Прыярытэтнае значэнне захаваюць раёны Прыпяцкага Палесся, а таксама важнейшыя аўтамагістралі – траса
М1/Е30 і аўтадарожны абход Нацыянальнага парку “Белавежская пушча”.
Алег Качан засяродзіў увагу на тым, што людзі, якія ў раёнах адказваюць за развіццё турыстычнай сферы, павінны быць зацікаўлены ў гэтым. Ад стымулу, на яго думку, залежыць і плён. Летась лідарамі ў турсферы з’яўляліся Івацэвіцкі, Пружанскі, Брэсцкі раёны, а вось Ганцавіцкі, Ляхавіцкі і Маларыцкі раёны – аўтсайдары.
Леанід Цупрык падкрэсліў, што неабходна актыўна развіваць інфраструктуру: прыдарожны сэрвіс, пункты грамадскага харчавання ў гарадах, будаўніцтва гасцініц, магчымасць ажыццяўляць валютныя плацяжы. Інакш замежных турыстаў зацікавіць не атрымаецца – а гэта значыць, і зарабіць грошай.
Падагульняючы вынікі калегіі, прысутныя прыйшлі да высновы, што не ўсё магчымае робіцца для таго, каб на Брэстчыне належным чынам развіваліся спорт і турызм, а да працы многім адказным асобам неабходна адносіцца больш сур’ёзна і са стапрацэнтнай аддачай. Перад спартыўным кіраўніцтвам вобласці пастаўлены новыя задачы, якія патрабуюць новых ідэй, падыходаў і метадаў іх выканання.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.