З дабрачыннай місіяй Брэстчыну наведалі члены Міжнароднага жаночага клуба
Нядаўна з дабрачыннай місіяй Брэстчыну наведалі члены Міжнароднага жаночага клуба, які аб’ядноўвае жонак паслоў, дыпламатаў, консулаў, акрэдытаваных у Беларусі
Абдзеленыя – не значыць забытыя
У кобрынскім Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі гасцей чакалі. І хваляваліся. Яно і зразумела: не кожны дзень да іх прыязджаюць жонкі паслоў і дыпламатаў. Дырэктар Ірэна Румянцава разам з настаўнікамі зноў і зноў абходзілі класы і пакоі, у якіх займаюцца і бавяць час дзеці, удакладнялі, што паказаць і пра што расказаць гэткай высокай дэлегацыі. Узрушанымі выглядалі і дзеці: ім належала выступаць з канцэртам, які яны падрыхтавалі для гасцей са сталіцы.
…Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў Кобрыне створаны ў 1998 годзе на базе існаваўшага цэнтра медыка-сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў “Альфа” Беларускага таварыства інвалідаў. З 2005 года працуе на базе былога дзіцячага сада. Мэта стварэння ўстановы – аказанне комплекснай дыягностыка-карэкцыйнай і рэабілітацыйнай дапамогі дзецям, якія маюць праблемы псіхафізічнага развіцця. Тут аказваецца дапамога хлопчыкам і дзяўчынкам, якія не могуць наведваць дзіцячы сад і школу.
– Мы працуем пад дэвізам “Шчаслівае дзяцінства – кожнаму”, – расказвае кіраўнік установы Ірэна Румянцава. – А галоўная наша задача – вучыць дзяцей звычайных і “асаблівых” (з праблемамі псіхафізічнага развіцця) разам гуляць у адной пясочніцы. Іх нельга выдзяляць у асобную катэгорыю. Гэтыя дзеці, як і ўсе астатнія, маюць права на дзяцінства. Не іх віна, што яны нарадзіліся такімі. І пакутуюць ад гэтага звычайна бацькі, таму што такія дзеці не разумеюць сваёй непаўнацэннасці.
У цяперашні час цэнтр наведваюць 33 хлопчыкі і дзяўчынкі. Узрост іх – самы розны: ад некалькіх месяцаў (немаўляты ў цэнтры знаходзяцца разам з мамамі) да паўналецця. У дашкольных групах дзеці навучаюцца да 8 гадоў, пасля чаго пераводзяцца ў школьныя. Займаюцца з імі выхавальнікі і настаўнікі-дэфектолагі. Даглядаць за дзецьмі дапамагаюць памочнікі выхавальнікаў. Разам з педагогамі яны робяць жыццё наведвальнікаў цэнтра хоць крышачку прыбліжаным да жыцця іх равеснікаў.
Дапамагаюць калектыву цэнтра ў гэтай высакароднай справе валанцёры, якія прыходзяць да дзяцей на святы. Вось толькі спонсараў пастаянных, хоць дабрачыннасць у апошні час становіцца ўсё больш папулярнай і ў нашай краіне, у цэнтра няма. А яны так патрэбныя: у класах і пакоях, дзе займаюцца дзеці, неабходна яшчэ замяніць 6 старых вокнаў на еўрапакеты. Ірэна Рамуальдаўна спадзяецца, што знойдзецца добры чалавек і дапаможа ім вырашыць гэту праблему…
Калі доўгачаканыя госці нарэшце прыехалі, усё ў цэнтры ажыло. Члены клуба, які аб’ядноўвае жанчын больш за 30 краін, накіраваліся ў актавую залу, дзе іх чакалі дзеці са сваімі настаўніцамі і выхавальніцамі. Прадстаўніцы Украіны, Арменіі, Пакістана, Ірана, Малдовы, Літвы ўважліва слухалі песні ў выкананні дзяцей, дружна пляскалі ў далоні, калі выхаванцы цэнтра з дапамогай настаўнікаў выконвалі танец на калясках. А колькі радасці было ў вачах дзяцей, калі жанчыны дарылі ім падарункі!
Віцэ-прэзідэнт клуба па дабрачыннасці, жонка саветніка Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Наталія Сухавецкая расказала пра дзейнасць клуба, якому ўжо 20 гадоў, пра місію, з якой жанчыны (многія – са сваімі дзецьмі) прыехалі на Брэстчыну, падзякавала калектыву за тое, што займаецца такой няпростай, але неабходнай дзецям і іх бацькам справай. А Ірэне Румянцавай яна падарыла кнігу “Кулінарная дыпламатыя”.
Кожны куточак дыхае цяплом…
Чакалі гасцей са сталіцы і ў доме сямейнага тыпу ў вёсцы Вялікая Турна Камянецкага раёна. Ён быў адчынены ў жніўні мінулага года. Гаспадарамі яго сталі Таццяна і Дзмітрый Якавукі з Высокага і іх дзеці – двое сваіх і сямёра прыёмных…
– Якія змены за гэты час адбыліся ў вашым вялікім сямействе? – пацікавілася ў гаспадыні, калі Таццяна Анатольеўна разам з мужам запрасіла на кухню выпіць з марозу гарачага чаю і прадэгусціраваць піражкі і іншую апетытную выпечку, якую яна напякла, каб пачаставаць прадстаўнічую дэлегацыю.
– Ульяна, Сяргей і Таіса пайшлі ў дзіцячы сад, Давід, Мадэст і Кірыл – у першы клас, – расказвае жанчына пра цяперашняе жыццё сваёй сям’і. – Павел працягвае займацца ў музычнай школе, іграе на баяне. Вучоба даецца яму няпроста, затое ён незаменны памочнік па гаспадарцы. Галя вучыцца добра. Муж па-ранейшаму працуе на “Белавежскіх сырах”, туды ж уладкавалася старэйшая дачка – яе ўзялі на маё месца.
– А як адчуваеце сябе ў ролі шматдзетнай матулі? – пытаюся.
– Камфортна. Дзеці добрыя, ласкавыя, асабліва дзяўчынкі. І дом цудоўны. Ды мне хацелася б, каб ён знаходзіўся ў Высокім. Там многае засталося: родныя, сябры, работа ў мужа і дачкі. Вось і даводзіцца мне ездзіць туды-сюды. То Паўла пасля заняткаў у музычнай школе забіраць на машыне, то мужа з работы. Ды і дзецям там вельмі падабаецца, асабліва ў бабулі, якая душы ў іх не чуе…
Камфортна, па ўсім бачна было, адчуваюць сябе ў гэтай сям’і і дзеці. Дагледжаныя, сагрэтыя мацярынскай і бацькоўскай любоўю, яны ахвотна ішлі на кантакт, знаёміліся, паказвалі свой дом.
Утрымліваць такую вялікую сям’ю няпроста. Тых грошай, што атрымліваюць Якавукі на дзяцей, вядома ж, мала. Маленькая куртачка, гаворыць Таццяна, каштуе паўмільёна, столькі ж – боцікі на трохгадовае дзіця. Сям’я атрымала гуманітарную дапамогу, ды толькі адзенне гэтае прыдатнае для дома, у школу ў такім не адправіш.
Жанчына не скардзілася. Яна проста гаварыла пра будні шматдзетнай сям’і. А яшчэ дзякавала кіраўніцтву “Белавежскіх сыроў”, што ўсяляк дапамагае ім, прадстаўнікам “Беларусбанка”, якія, нібы хросныя бацькі, заўсёды прыязджаюць з падарункамі…
З падарункамі прыехалі і сталічныя госці. Як толькі вялікі аўтобус пад’ехаў да двухпавярховага дома на ўскрайку Вялікай Турны, усе дзеці Якавукоў аказаліся ля акна. Хлопчыкі і дзяўчынкі шчыра радаваліся іх прыезду і дружна махалі рукамі. Калі ж жаночая дэлегацыя са шматлікімі паклункамі зайшла ў дом, цесна стала не толькі ў прыхожай, але і ў зале. Наталія Сухавецкая паведаміла пра мэту візіту: члены Міжнароднага жаночага клуба знаёмяцца з Рэспублікай Беларусь, вывучаюць яе культуру і звычаі, займаюцца дабрачыннасцю. У межах апошняй яны завіталі і да іх. Гаспадыні ў падарунак прывезлі швейную машынку, якая, па словах Таццяны, вельмі дарэчы, каб абшываць вялікую сям’ю, старэйшым дзецям – два веласіпеды “Салют”, а малодшым – цацкі.
Поўныя ўражанняў ад убачанага, з салодкімі гасцінцамі ад гаспадароў жанчыны пакінулі дом Якавукоў, а хлопчыкі і дзяўчынкі доўга яшчэ махалі рукамі ўслед ад’язджаючаму далей і далей аўтобусу…
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
г. Кобрын – в. Вялікая Турна,
Камянецкі раён.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.