Без сацыяльнага напружання…
… прайшоў мінулы год для насельніцтва Брэстчыны
Вынікі работы органаў і арганізацый абласнога камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў 2011 годзе падвёў яго старшыня Міхаіл Аксяневіч. У сваёй справаздачы ён дэталёва, па пунктах, прааналізаваў кожны кірунак шматграннай дзейнасці камітэта. У прыватнасці, Міхаіл Сцяпанавіч адзначыў, што галоўны курс дзяржаўнай палітыкі, скіраваны на падтрымку насельніцтва, летась вытрымліваўся. Аказвалася матэрыяльная дапамога сацыяльна неабароненым грамадзянам. У прыватнасці, на адрасныя сацыяльныя выплаты выдаткавана 11,4 мільярда рублёў.
На працягу года праводзіліся праверкі па ахове працы, месячнікі бяспекі ў сельскагаспадарчых і будаўнічых арганізацыях, агляды-конкурсы на лепшую арганізацыю работы па ахове працы. Як вынік: на 21 працэнт скараціліся выпадкі вытворчага траўматызму. Не дапушчана ў вобласці масавага скарачэння працуючых, палепшылася сітуацыя з выплатай зарплаты, знізілася дзіцячая смяротнасць, выканана праграма “Безбар’ернае асяроддзе”.
У справаздачы прагучала яшчэ нямала лічбаў і прыкладаў работы камітэта, якія былі скіраваны на павышэнне ўзроўню дабрабыту насельніцтва. Нароўні з імі былі акрэслены праблемныя пытанні, над якімі належыць працаваць. Сярод іх – рост смяротнасці насельніцтва ад алкагольнага атручвання, недастатковая прафілактычная работа на месцах па папярэджанні смяротнасці на транспарце. У многіх раёнах не аказваюцца надомныя паслугі, а ў Ганцавіцкім – не хапае сацыяльных работнікаў, што стварае праблемы ў абслугоўванні адзінокіх састарэлых людзей…
Дапоўнілі старшыню камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ўдзельнікі калегіі. Гучалі прапановы аб паляпшэнні якасці работы. Так, Ірына Сяменчанка, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Лунінецкага райвыканкама, прапанавала пашырыць практыку правядзення выязных семінараў-кансультацый, а Уладзімір Сычэўскі, начальнік упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама, – даваць больш сацыяльнай рэкламы аб аказанні псіхалагічнай дапамогі грамадзянам, што апынуліся ў крытычнай сітуацыі…
Між тым, на Брэстчыне самы дрэнны паказчык у рэспубліцы па вытворчым траўматызме, самы высокі працэнт малазабяспечанага насельніцтва. Пра гэта гаварыла на калегіі намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Валянціна Каралёва. Магчыма, людзі не ведаюць пра тое, што існуе адрасная дапамога, таму і не звяртаюцца за ёй?
Свае меркаванні наконт дзейнасці камітэта і яго службаў у мінулым годзе выказаў і намеснік старшыні аблвыканкама Мікалай Крывецкі. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што год, і сапраўды, быў цяжкі, але, дзякуючы мерам з боку кіраўніцтва краіны і мясцовай улады, удалося не дапусціць сацыяльнага напружання. Шмат прыйшлося папрацаваць і сацыяльным работнікам, якім даводзілася даваць людзям тлумачэнні па многіх пытаннях. Дзеля павышэння дабрабыту насельніцтва зроблена нямала, але не менш належыць зрабіць. І па павелічэнні зарплаты берасцейцаў, і па развіцці безбар’ернага асяроддзя для інвалідаў, і па аказанні матэрыяльнай дапамогі малазабяспечаным грамадзянам з мясцовых бюджэтаў…
Надзея ЯЦУРА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.