Берасцейшчына: ад пятніцы да пятніцы
БРЭСТ
Маўзер сярод… смецця
Стары пісталет Mauser HSc, што знаходзіўся на ўзбраенні ў нямецкіх часцей СС і СД, знойдзены будаўнікамі сярод смецця ў падвале ў час капітальнага рамонту будынка вакзала Брэст-Цэнтральны. Маўзер добра захаваўся і пасля праверкі яго “баявога” стану экспертамі будзе перададзены ў музейныя фонды.
БРЭСЦКІ РАЁН
Ахова працы ў механізацыі
У аўторак на машынным двары СВК “За мір” прайшоў дзень аховы працы. Спачатку механізатары, вадзіцелі, слесары і спецыялісты інжынернай службы сабраліся ў вучэбным класе, дзе перад імі выступілі прадстаўнікі адпаведных ведамстваў з вобласці і раёна. У практычнай частцы ўсе наведалі вытворчыя і бытавыя памяшканні, дзе паглядзелі захаванне правіл аховы працы ў працэсе работы і рамонту тэхнікі.
БАРАНАВІЧЫ
На вытворчасць, да людзей
У сераду кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей наведаў ААТ “Баранавічхлебапрадукт”. Ён азнаёміўся з работай млына па перапрацоўцы пшаніцы, пагутарыў з работнікамі цэха. У сустрэчы прынялі ўдзел старшыня гарвыканкама Віктар Дзічкоўскі і генеральны дырэктар прадпрыемства Наталля Манько.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Памяці Сцяпана Богуша
Ва Уцёскай дзіцячым садку-школе адбыўся баскетбольны турнір памяці яе выпускніка, воіна-інтэрнацыяналіста Сцяпана Богуша. Першае месца занялі спартсмены абласнога кадэцкага вучылішча, другое – Мілавідскай сярэдняй школы, трэцяе – гаспадары. Спартсмены ўзнагароджаны прызамі ад ААТ “Уцёс”, аддзелаў адукацыі і моладзі райвыканкама, райкама ГА “БРСМ”.
БЯРОЗА
Трэція ў рэспубліцы
Калектыў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Бярозаўскім раёне па выніках работы за 2011 год заняў трэцяе месца ў рэспубліцы. Інспектары сталі лепшымі па 20-ці паказчыках у рабоце. Пераможцы атрымалі дыплом і два камплекты камп’ютарнай тэхнікі.
ГАНЦАВІЧЫ
Лыжня ў Горках
Напрыканцы мінулага тыдня ва ўрочышчы Горкі прайшла зімовая раённая спартакіяда “Ганцавіцкая лыжня-2012”. Граматы райвыканкама, падарункі і грашовыя прэміі атрымалі Арцём Амельяновіч і Лія Цялушка з Люсінскай СШ, Эдуард Пакумейка з райаддзела па надзвычайных сітуацыях, Іна Курловіч з ААТ “Модуль”, Ларыса Новік і Уладзімір Шахрай з Дзяніскавіцкай СШ, Галіна Радзюк – з Круговіцкай і Павел Сідаровіч з райвыканкама. Добрыя вынікі паказалі каманды СШ №3 г. Ганцавічы і Агарэвіцкага сельскага Савета. А ў сямейнай эстафеце не было роўных сям’і Пакумейкаў з Вялікіх Круговіч.
ДРАГІЧЫН
Як працуеш, дружыннік?
У сераду прайшло пасяджэнне раённага штаба добраахвотных дружын. Дружыннікі падвялі вынікі работы за мінулы год, абмеркавалі асноўныя прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджанне насілля ў сям’і. Падчас пася-джэння былі заслуханы справаздачы аб рабоце добраахвотных дружын Гутаўскага і Асавецкага сельскіх Саветаў.
ЖАБІНКА
Сямейнае пацяпленне
Учора ў рамках акцыі “Сям’я без насілля” супрацоўнікі міліцыі сумесна з работнікамі медыцыны, адукацыі і іншых устаноў наведалі шэраг сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Праводзімая прафілактычная работа дае станоўчыя вынікі. У параўнанні з мінулагоднім перыядам 13 сем’яў пазбавіліся сумнага статусу “неспрыяльная”.
ІВАНАВА
Пашпурляемся валёнкамі?
На базе Адрыжынскага філіяла Іванаўскай ДЮСШ прайшоў турыстычны зімовы злёт сярод работнікаў арганізацый і ўстаноў раёна. Кантрольны турыстычны маршрут, біятлонная эстафета ў сукупнасці з конкурсамі і гумарыстычнымі спаборніцтвамі кшталту шпурляння валёнка выявілі пераможцу. Ім стала каманда ПУП “Моладава-Агра”. Другое і трэцяе месцы адпаведна занялі прадстаўнікі аддзела культуры і райвыканкама.
ІВАЦЭВІЧЫ
Школьнікі не спасавалі
Па прапанове актыву пярвічнай арганізацыі БРСМ Косаўскай школы вучні разам з ваеннаслужачымі вайсковай часці №42276 пабывалі на вучэбным палігоне ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны. Прайшлі спартыўныя конкурсы. Каманда школьнікаў не спасавала перад вайскоўцамі і перамагла. “Прымірэнне” адбылося за салодкім сталом.
КАМЯНЕЦ
“Свет Міхаіла Савіцкага”
Выстава пад такой назвай адкрыта ў Камянецкай бібліятэцы імя Усевалада Ігнатоўскага. Прысвечана яна 90-годдзю з дня нараджэння народнага мастака Беларусі і СССР, члена Акадэміі мастацтваў Расіі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхаіла Савіцкага. Выстава будзе працаваць да канца лютага, таму пазнаёміцца з карцінамі мастака могуць усе аматары яго творчасці. Сярод работ – серыя палотнаў “Чорная быль”.
КОБРЫН
Генеральскі прыз
Ганаровы пераходны прыз імя генерал-маёра Валерыя Асташонка ўручаны калектыву раённага аддзела ўнутраных спраў за высокаэфектыўныя аператыўна-службовыя дзеянні ў папярэджанні і раскрыцці злачынстваў у 2011 годзе. Генерал-маёр Валерый Асташонак узначальваў упраўленне ўнутраных спраў аблвыканкама з 1961 па 1975 год і зарэкамендаваў сябе як сумленны чалавек, выдатны спецыяліст і сапраўдны прафесіянал.
ЛУНІНЕЦ
Начны выбух
У прыватным доме па вуліцы Залескай райцэнтра выбухнуў ацяпляльны кацёл. Жыхары (сям’я з трох чалавек) у выніку здарэння не пацярпелі, але ўдарная хваля разбурыла частку сцяны будынка. Прычынай выбуху ў ноч з 12 на 13 лютага магла стаць адсутнасць цыркуляцыі вады ў сістэме ацяплення.
ЛЯХАВІЧЫ
Школа-імянінніца
У гэтыя сцюдзёныя лютаўскія дні Альхоўская базавая школа адзначыла сваё 65-годдзе. На свята прыйшлі ветэраны педагагічнай працы, выпускнікі розных гадоў і вяскоўцы. Кожны – са сваім падарункам. Калі начальнік раённага аддзела адукацыі Святлана Юрлевіч падарыла імянінніцы новую мэблю для настаўніцкай, дык палкоўнік запасу Мікалай Страмавус напісаў верш-прысвячэнне роднай школе.
МАЛАРЫТА
Са сталіцы – з узнагародамі
З узнагародамі вярнуліся з V традыцыйнага конкурсу мастацтваў “Вікторыя-2012”, які праходзіў у мінскім Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў, два калектывы Маларыцкай дзяржаўнай дзіцячай школы мастацтваў. Квартэт “Con brio” ў намінацыі “Вакал” за выкананне песні “Наш сусед” адзначаны кубкам і дыпломам III ступені. А дзіцячы танцавальны калектыў “Цудоўная скарбонка” ў намінацыі “Харэаграфія” ўзнагароджаны дыпломам за танец “Вясёлыя паварчукі”.
ПІНСК
Падарункі тром багатырам
Старшыня гарвыканкама Аляксандр Гордзіч разам з прадстаўнікамі прадпрыемстваў “Днепрабугвадшлях” і “Альянс-Груп”, магазіна “Буслік” наведалі шчаслівую сям’ю Прымак, у якой нядаўна нарадзілася адразу трое сыноў, і ўручылі падарункі. Вячаслаў і Алеся спадзяюцца, што добрыя пажаданні маленькім Івану, Аляксандру і Мікалаю абавязкова спраўдзяцца. Няхай растуць хлопцы багатырамі!
ПІНСКІ РАЁН
“Серабро” пагранічнікаў
Вынікі работы за мінулы год падвялі ў Пінскім пагранічным атрадзе. У выніковай нарадзе прыняў удзел намеснік старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Шугай, які і паведаміў аб поспеху вартавым мяжы: атрад заняў другое месца ў рэспубліцы сярод пагранічных падраздзяленняў.
ПРУЖАНЫ
З асабістым пытаннем
Учора старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар наведаў ААТ “Пружанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў”, дзе пазнаёміўся са станам спраў на вытворчасці і сустрэўся з калектывам прадпрыемства. Затым у райвыканкаме кіраўнік вобласці правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях.
СТОЛІН
Вучацца артылерысты
На палігоне “Палескі” прайшлі вучэнні, у якіх прынялі ўдзел вайскоўцы з абласнога цэнтра. Салдаты 111-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады, што месціцца ў Паўднёвым гарадку Брэста, упершыню выканалі баявыя стрэльбы на далёкасць да 24 кіламетраў. У вучэннях была задзейнічана гаўбіца 2А65 “Мста-Б”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.