Беларусь

Прадуктовая ліхаманка, або Есці трэба з розумам і ведаць меру


Наведаўшы ў мінулую нядзелю магазін ля свайго дома, стоячы ў чарзе да касы, звярнула ўвагу на дзвюх жанчын, якія перада мной разлічваліся за прадукты. Нічога незвычайнага, ды ў кошыку адной пакупніцы было тры пакеты малака, а ў другой – аж 5 плюс столькі ж у паўлітровых тэтрапакетах. Міжволі падумалася: чарговая прадуктовая ліхаманка захапіла ў палон нашых людзей.
Помніце, перад гэтым дзясяткамі пачкаў народ хапаў сметанковае масла. Летась мужчыны і жанчыны актыўна назапашвалі соль, цукар, соду, воцат, курэй. Яшчэ крышку раней зграбалі з паліц грэчку, рыс, проса, макароны. А спатрэбілася тады мне сода – немагчыма было купіць адзін-адзінюткі пачак. Калі ж неўзабаве яна паступіла ў магазіны па новай цане, вышэйшай, дык адразу перастала быць дэфіцытам. Тое самае здарылася са сметанковым маслам, якое бралі кілаграмамі. Гледзячы на гэта, я асабіста, як гаспадыня, дзівілася: якую ж трэба вялізную мець сям’ю ці колькі ўжываць таго масла штодня, каб прадукт не прапаў, стаўшы ёлкім?!.
Ну, а калі напачатку снежня мы з мужам адправіліся ў Ратна да сяброў юнацтва з нагоды 30-годдзя іх сумеснага жыцця, мне многае стала зразумелым. Так, і мы ехалі не з пустой сумкай – везлі падарунак, беларускую каўбаску, пляшку брэсцкай гарэлкі “Шлюбная” ці “Вясельная” (не памятаю), яшчэ тое-сёе. Затое 99 працэнтаў пасажыраў дызель-цягніка Брэст – Забалацце ледзь валаклі сумкі ў асноўным з малочнай прадукцыяй – дзясяткамі пачкаў смятаны, масла, сыру і бляшанак са згушчонкай ды тушонкай. Бясспрэчна, столькі на мяжы не прапусцілі б прадуктаў, таму людзі загадзя рассоўвалі ўсё па кішэнях, хавалі пад калошынамі штаноў, мацавалі да цела – і скотчам, і стужкай… А калі суседзі даведаліся, што ў нас з мужам няма малочных прадуктаў – проста вымушалі ўзяць і правезці для знаёмых смятану і масла: маўляў, вам на дваіх па 10 пачкаў аднаго і другога прадукту дазваляецца везці. Але мы адмовіліся, бо ехалі летась упершыню і захваляваліся, гледзячы на тое, што адбываецца наўкола.
З той памятнай паездкі для мяне стала відавочна як дзень і ноч, чаму напрыканцы леташняга года, ды і цяпер, не заўсёды ў магазінах знойдзеш прадукты, якія карыстаюцца попытам у суседняй Украіне. Да вышэйзгаданых варта дадаць цыгарэты, яшчэ аўсяныя шматкі, сухія сняданкі і гэтак далей.
Я чула, як пасажыры дызеля абураліся тым, што ў гандлі не заўсёды купіш згушчонку – трэба пабегаць за ёй. Яны расказвалі адзін другому, дзе заўсёды можна набыць тлустую смятану ці каўбасу “Колобки с сыром”, да якой ласыя ўкраінцы… Гэтыя людзі крыўдавалі на дзяржаву: чаго ўзнікаюць перабоі з прадуктамі, якія трэба ім для… вывазу і перапродажу ў суседняй краіне. А я пераканана: крыўдаваць трэба не на ўладу. Нярэдка мы самі сабе “дорым” праблемы, якія ўзнікаюць на роўным месцы. Хапаючы тую ж малочку кілаграмамі і дзясяткамі ўпаковак, тым самым ствараем ажыятаж, не даючы магчымасці іншаму купіць мінімум неабходнага прадукту.
Іншым часам думаю: не дай Бог, здарылася б што – няўжо кожны ратаваў толькі сябе, пераступаючы слабых? І суцяшаю: не, пэўна, да такога мы, беларусы, не дойдзем. І ўзгадваю трагічныя падзеі, звязаныя з выбухам у мінскім метро. Вось і раблю суцяшальны вывад: людзі ўсё ж у нас добрыя, спагадлівыя…
Але вернемся да малака, а дакладней – ажыятажу вакол так званага сацыяльнага, за 2200 рублёў. Сапраўды, яго чакаюць і, ведаю па расказах сваёй суседкі-пенсіянеркі, разбіраюць ледзь не ў імгненне вока. Хто? Як правіла, людзі сталыя, пажылыя. Але ці патрэбна яго столькі піць, колькі, мяркуючы па малочнай ліхаманцы, ужывае наша насельніцтва? Я сама маю медыцынскую адукацыю – няхай і не вышэйшую, сын таксама ўрач, працуе ў сталіцы, муж – ваенны пенсіянер. У сям’і даволі часта ўзнікаюць пытанні наконт здаровага ладу жыцця і, у прыватнасці, здаровага харчавання. Таму ў “Народнай трыбуне” мы заўжды з інтарэсам чытаем тэматычны выпуск “Лінія здароўя”, асабліва парады дыетолагаў, цікавімся рэцэптамі “Смакаты ад “НТ”, знаходзячы шмат страў з агародніны, з той жа таннай капусты ці буракоў, бульбы…
Я згодна: малако – крыніца здароўя, гэтак лічылі здаўна нашы продкі. Ды і кожны з нас пачынаў сваё жыццё з мацярынскага малака, з якім мы набіраліся сіл. Але ці такое ўжо каштоўнае і карыснае тое малако, што прадаецца ў нашых магазінах? Мы з мужам гадаваліся ў вёсцы. І добра помнім смак вясковага малака ад сваёй каровы. А ў прамысловым маштабе змешваецца малако тысяч рагуль, якое потым праходзіць пастэрызацыю для павелічэння тэрмінаў захоўвання. Таму стэрылізаванае ці ўльтрапастэрызаванае малако ў тэтрапакетах (няхай і каштуе даражэй за плёначнае) можа хоць тыдзень стаяць у халадзільніку, не губляючы сваіх уласцівасцей. І калі спатрэбіцца яно ў чай, каву або для заціркі – заўжды пад рукой…
Ды толькі, як часта паўтарае наш сын Максім, у сталым узросце асабліва захапляцца малаком не варта, нават самым якасным. І вось чаму. Неразведзенае малако багатае тлушчамі, яно надзвычай каларыйнае. “Ты ж, мама, сочыш за фігурай, адмаўляйся ад малака, – раіць сын. – Лепш штораніцы гатуй сабе кашу на вадзе, дадаючы ў яе разынкі, сухафрукты ці кавалачкі свежых яблык, апельсіна. Не прагадаеш!” Ад малочных жа насычаных тлушчаў можа адбыцца закупорка крывяносных сасудаў. Частае ўжыванне малака садзейнічае і адкладанню тлушчавых назапашванняў. Акрамя таго, многія людзі, самі таго не падазраючы, дрэнна перапрацоўваюць лактозу (малочны цукар) – яна ёсць у малацэ, што прыводзіць да праблем са страваваннем і сур’ёзных ускладненняў страўнікавых хвароб.
Але ж малако ў сваім складзе мае шмат кальцыю, фосфару, іншых спажыўных рэчываў, якія актыўна ўдзельнічаюць у пабудове клетак галаўнога мозга, садзейнічаюць нармалізацыі работы нярвовай сістэмы чалавека. Лічыцца, што вітаміны групы В, якія ўваходзяць у малако, здымаюць стому, абнаўляюць скуру, а вітамін А неабходны для добрага зроку…
Тым не менш, і вучоныя, і дыетолагі называюць малако даволі супярэчлівым прадуктам: у ім ёсць свае плюсы і свае мінусы. Дык чаго ж больш? Я паспрабавала разабрацца з дапамогай кніг, газет і інтэрнэту. І скажу наступнае: тут ужо многае залежыць ад кожнага канкрэтнага арганізма. Знойдуцца людзі, якім далёка за 30, а яны п’юць малако – і нічога, няблага сябе адчуваюць, для іншых штодзённае ўжыванне малака можа абярнуцца бядой.
Не так даўно мы з мужам прачыталі, што ў 2005 годзе прафесар Ларэн Кардайн з універсітэта Каларада (ЗША) праверыў уплыў выпітага малака на змяненні ў крыві. І прыйшоў да вываду: малако аказвае на ўтрыманне інсуліну такое ж уздзеянне, як і кавалак белага хлеба. На думку гэтага вучонага, тым, хто пакутуе ад дыябету, атлушчэння, артэрыяльнай гіпертэнзіі ці каранарнай хваробы сэрца, варта адмовіцца ад ужывання значнай колькасці малака.
Яшчэ адзін красамоўны прыклад з “Медправды”. Вучоныя з універсітэта Дзюка ў Паўночнай Каліфорніі высветлілі, што кальцый, які ўтрымліваецца ў малочных прадуктах, можа негатыўна паўплываць на мозг. Для гэтага спецыялістамі ў вобласці харчавання былі праведзены экспе-рыменты на валанцёрах ва ўзросце 60-68 гадоў. Некалькі месяцаў частка добраахвотнікаў-аматараў малака ўжывалі ў ежу вялікую колькасць любімых прадуктаў, астатнія – як звычайна, рэдка п’ючы малако. Узятыя ў пажылых людзей аналізы паказалі, што ў мозгу ўдзельнікаў, якія спажывалі шмат малака, аказалася значна больш пашкоджаных зон, чым у астатніх. Эксперты патлумачылі, што залішняя колькасць кальцыю адкладваецца на крывяносных сасудах, а гэта змяншае прыток крыві ў мозг і прыводзіць да парушэнняў разумовай дзейнасці.
А намеснік дырэктара па навуковай рабоце расійскага НДІ харчавання, прафесар Міхаіл Гапараў адзначаў, што малако ўтрымлівае лактозу, якую не могуць засвоіць страўнікі 15-17 працэнтаў дарослага насельніцтва. Праўда, заўважыў ён, існуюць сучасныя метады расшчаплення малочнага цукру, якія дазваляюць вырабляць кісламалочныя прадукты для такіх людзей…
Зыходзячы з усяго сказанага, я хачу праз газету звярнуцца да нашых людзей. Давайце не будзем самі сабе ўскладняць жыццё, ствараючы чарговую прадуктовую ліхаманку. Усё ж такі павышаюцца і пенсіі, і зарплаты, якія дазваляюць нам купляць не толькі сацыяльнае малако. Давайце разважым: ці столькі нам трэба таго малака, колькі некаторыя з нас яго бяруць, па 3-5 пакетаў? Я проста ўпэўнена: есці трэба з розумам і ведаць меру. Як па малацэ, цукру, так і па астатніх прадуктах.
Надзея КЛЯЎЧЭНЯ,
г. Брэст.
P.S. Буду ўдзячная, калі меркаваннямі наконт карысці і шкоды малочных прадуктаў для розных узроставых катэгорый насельніцтва падзеляцца брэсцкія медыкі. А муж хацеў бы больш даведацца пра імбір – кажуць, у яго незвычайныя лячэбныя ўласцівасці…

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля