У Брэсцкай абласной бальніцы ўвялі ў эксплуатацыю блок А
Першы этап рэканструкцыі Брэсцкай абласной бальніцы завершаны ўвядзеннем у эксплуатацыю блока А
эты будынак узвялі 38 год таму. Ён старэў, але працягваў служыць людзям. У рэшце рэшт стала відавочна: касметычныя рамонты ўжо не дапамагаюць, 6-месныя палаты і агульны на паверх санвузел састарэлі нават не на 100 – на ўсе 200 працэнтаў. Узводзімыя ў раёнах установы аховы здароўя ні ў якое параўнанне не ішлі з карпусамі абласной бальніцы. Паліклінікі, бальніцы, нават амбулаторыі на перыферыі сталі сучасней і камфортней, чым галоўная бальніца вобласці. І было прынята рашэнне – рэканструяваць!
У 2007 годзе аблвыканкам зацвердзіў праграму рэканструкцыі абласной бальніцы. З таго часу ў медустанове «прапісаліся» будаўнікі. Пры велізарных маштабах работ яе не закрывалі, хоць і ў абмежаваных умовах, але працягвалі лячыць людзей.
Так, пэўныя нязручнасці меліся і для пацыентаў, і для медперсаналу, але атрыманы вынік пераканаўча засведчыў: цярпенне было таго вартае. Блок А – будынак у 7 паверхаў – шыкоўна адрамантавалі. Пераразанне чырвонай стужкі (у прыемнай працэдуры на гэтым тыдні прыняў удзел старшыня абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар – на здымку крайні справа) сімвалізавала не толькі наваселле ў абноўленым корпусе, але і завяршэнне першага этапа рэканструкцыі галоўнай медыцынскай установы вобласці. На гэта было затрачана больш чым 18 мільярдаў рублёў, у тым ліку звыш 7 мільярдаў – на тэхналагічнае і медыцынскае абсталяванне.
– Мы максімальна наблізілі ўмовы знаходжання пацыентаў і супрацоўнікаў бальніцы да патрабаванняў санітарных норм, – расказаў галоўны ўрач абласной бальніцы Аляксандр Карпіцкі. – Поўнасцю заменена электра-, вода-, цеплазабеспячэнне і вентыляцыя, павялічана колькасць палат і санітарных пакояў, адкрыты новыя перавязачныя і працэдурныя кабінеты, а самае галоўнае – зменена колькасць ложкаў у палатах: яны разлічаны максімум на 4 чалавекі.
Адрамантаваны блок А з задавальненнем абжываюць 1-е ўралагічнае і ЛОР-аддзяленні, 1-я хірургія і апёкавае, аддзяленні гнойнай хірургіі і хірургіі сасудаў. У кожным з іх было што паказаць гасцям урачыстай цырымоніі.
Напрыклад, у апёкавым – адзіным у вобласці аддзяленні такога профілю – цяпер для якаснага лячэння створана выдатная база. Яго загадчык Аляксандр Семянюк тлумачыць:
– У нас ёсць палаты інтэнсіўнай тэрапіі, стэрыльныя боксы для пацыентаў, якія знаходзяцца ў цяжкім стане і маюць вялікую плошчу пашкоджання скуры.
– Мы стараемся зрабіць усё для таго, каб стварыць камфортныя ўмовы для медыкаў, але самае галоўнае – для пацыентаў, – зазначыў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар. – Вызначаную Прэзідэнтам Беларусі праграму па мадэрнізацыі медыцынскай галіны вобласць выконвае. Летась на рамонт і рэканструкцыю ўстаноў аховы здароўя на Брэстчыне было накіравана каля 150 мільярдаў рублёў. Больш за 105 мільярдаў запланавана выкарыстаць на медыцыну ў 2012 годзе. Здароўе занадта дорага абыходзіцца не толькі дзяржаве, але і чалавеку, таму яго ахова і перадавая медыцынская дапамога будуць мець належную падтрымку.
Канстанцін Сумар агледзеў абноўлены блок, застаўся задаволены работай СПМК-1. У апёкавым аддзяленні Канстанцін Андрэевіч уручыў падарункі самым маленькім пацыентам. Іх мамы былі крануты ўвагай кіраўніка вобласці.
У бліжэйшыя тры гады працягнецца рэканструкцыя абласной бальніцы. Другое нараджэнне чакае блок Б. Вядзецца рэканструкцыя інфекцыйнага аддзялення, якое значна пашырыцца за кошт дадатковых будынкаў, падрыхтавана праектная дакументацыя для новага хірургічнага корпуса. Сёлета таксама прадоўжацца работы ў абласных радзільным доме, дзіцячай бальніцы, анкалагічным дыспансеры.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.