Беларусь

Берасцейшчына: ад пятніцы да пятніцы


БРЭСТ
У бібліятэку – з сябрам
У абласной бібліятэцы імя М. Горкага стартавала акцыя “Прывядзі сябра!”. Мэта яе – далучыць да бібліятэкі як мага больш новых чытачоў, асабліва школьнікаў. Прыняць удзел у акцыі могуць не толькі дзеці, але і дарослыя. Умова простая – трэба прывесці з сабой сябра, які запішацца ў бібліятэку. За кожнага новага чытача ўдзельнік атрымае прыемны бонус, які не прадугледжаны агульнымі правіламі карыстання бібліятэкай. Працягнецца акцыя да 1 красавіка.

БРЭСЦКІ РАЁН
Усе – на лыжы!
Заўтра ў пасёлку Мухавец пройдуць раённыя  спаборніцтвы “Прыбужская лыжня-2012”. Паспрачацца за званне лепшых лыжнікаў змогуць як дарослыя, так і дзеці. Падчас спаборніцтваў адбудуцца эстафеты каманд аграгарадкоў, арганізацый і ўстаноў, сямейныя. Пераможцы лыжні будуць абараняць гонар раёна ў абласных спаборніцтвах.

БАРАНАВІЧЫ
Нашы на “Еўрафэсце”
Наталля Курава і Аляксандра Ешчанка з народнага клуба творчай моладзі “Мерыдыян” пры ГДК прымуць удзел у фінале тэлепраекта “Еўрафэст”. Дзяўчаты выступяць на сцэне разам з канкурсанткай Вікторыяй Алешка, якая выканае кампазіцыю “Dream”. Гледачы ўбачаць шоу 14 лютага на канале “Беларусь 1”.

БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Коні і полымя
Больш за 30 коней былі эвакуіраваны падчас пажару на каняферме ў вёсцы Пятрэвічы. Па папярэдняй версіі, пажар узнік з-за неасцярожнасці работнікаў падчас разагравання вады для жывёл. Коні не пацярпелі, аднак ферме нанесены значны ўрон. Праводзіцца праверка.

БЯРОЗА
Выратаваў дзяцей
У Белаазёрскім каледжы электратэхнікі прайшла ўрачыстая лінейка ў гонар аднаго з навучэнцаў. У цэнтры ўвагі – Павел Варвашэвіч. Юнак выратаваў школьнікаў на вадасховішчы каля СШ №3. Героя ўзнагародзілі граматамі і падарункамі прадстаўнікі мясцовай улады, адміністрацыя каледжа, павіншавалі сябры.

ГАНЦАВІЧЫ
“На лініі агню”
Пад такой назвай з 7 лютага працуе ў раённым краязнаўчым музеі выстава, прысвечаная воінам-інтэрнацыяналістам Ганцаўшчыны. А іх – больш за сотню, сямёра ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, у тым ліку двое, Мікалай Крысюк і Віктар Сідарэвіч, – пасмяротна, 16 ураджэнцаў раёна заслужылі медалі “За адвагу” і “За баявыя заслугі”. Як усё было там, у Афганістане, наведвальнікі даведаюцца не толькі з экспазіцыі выставы, але і фільма з успамінамі землякоў.

ДРАГІЧЫН
Чвэрць стагоддзя ў страі
У гарадскім Доме культуры адбылося святочнае мерапрыемства, прысвечанае 25-годдзю з дня стварэння раённай арганізацыі ветэранаў вайны і працы. Павіншаваць  актывістаў ветэранскага руху прыйшлі старшыня райвыканкама Васіль Хвацік і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Верамейчык. Яны выказалі ветэранам словы падзякі за іх уклад  у развіццё раёна і за актыўную жыццёвую пазіцыю, узнагародзілі граматамі.

ЖАБІНКА
Традыцыі – за мяжу
Па запрашэнні аддзела культуры райвыканкама ў раёне гасцюе доктар філалогіі, прадстаўнік Службы Старшых Экспертаў (SES) Германіі Марцін Садэк. Ён знаёміцца са скарбонкай мясцовых талентаў з мэтай аказання дапамогі ў наладжванні партнёрскіх сувязей, а таксама прапаганды мясцовых традыцый за межамі нашай краіны.

ІВАНАВА
“Італьянка” прапісалася ў райцэнтры
Піцэрыя, якая адчыніла дзверы для наведвальнікаў, удыхнула новае жыццё ў сцены былога галантарэйнага магазіна. Папулярную ва ўсім свеце італьянскую страву можна заказаць не толькі на прадпрыемстве, але і па тэлефоне з дастаўкай дахаты. Па словах Генадзя Расолава, старшыні Іванаўскага райспажыўтаварыства, з’яўленне піцэрыі – гэта працяг вызначанай у сістэме спажывецкай кааперацыі лініі па пашырэнні ў раёне гандлёвай сеткі.

ІВАЦЭВІЧЫ
Памяць жыве
Мемарыяльныя мерапрыемствы з нагоды 266-га  дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі прайшлі ва ўрочышчы Мерачоўшчына. Да памятнага знака былі ўскладзены кветкі, а на экскурсіі ў мемарыяльным музеі вядомай гістарычнай асобы разам са старшынёй райвыканкама Анатолем Ткачуком пабывалі работнікі дыпламатычных ведамстваў Расійскай Федэрацыі, Польшчы, Швейцарыі, ЗША, прадстаўнікі грамадскасці раёна.
КАМЯНЕЦ
11 лепшых
Нядаўна стала вядома, што 11 жыхароў раёна ўключаны ў вялікую міжнародную энцыклапедыю “Лепшыя людзі” – сумесны праект незалежных дзяржаў Расіі, Украіны, Казахстана і Беларусі. Сярод іх – двойчы Герой Сацыялістычнай Працы, былы старшыня калгаса “Савецкая Беларусь” Уладзімір Бядуля, генеральны дырэктар ААТ “Белавежскі” Юрый Мароз, сярэбраны прызёр Кубка свету па спартыўных танцах на калясках у 2011 годзе Ганна Сірацюк…

КОБРЫН
Горад прырос аптэкай
Яшчэ адна аптэка Брэсцкага РУП “Фармацыя” адкрылася напрыканцы мінулага тыдня ў райцэнтры. Размясцілася яна на вуліцы Інтэрнацыянальнай, 92а, ва ўніверсаме “Гермес”, і будзе абслугоўваць жыхароў новага мікрараёна, які актыўна развіваецца. Памяшканне плошчай 58 квадратных метраў аснашчана сучасным абсталяваннем, камп’ютарна-касавымі сістэмамі, плацёжнымі тэрміналамі. Асартымент складае каля 3000 найменняў прадукцыі айчынных і замежных вытворцаў. Працуе яна без выхадных.

ЛУНІНЕЦ
Гадавальнік высокай культуры
Гадавальніку Лунінецкага лясгаса ўпершыню прысвоена званне “Лясны гадавальнік высокай культуры”. Гучны тытул леснікі атрымалі ад Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі за забеспячэнне выдатнага пасадачнага матэрыялу, удалае выкарыстанне сучасных тэхналогій і высокую эканамічную эфектыўнасць. Тут вырошчваецца звыш 30 відаў саджанцаў, якія выкарыстоўваюцца для азелянення і аднаўлення лесу.

ЛЯХАВІЧЫ
Доўгачаканы рамонт
За кошт сродкаў мясцовага бюджэту памяняе сваё аблічча адна са старэйшых урачэбных амбулаторый раёна – Тухавіцкая. На працягу некалькіх месяцаў будуць заменены вокны, дзверы, электраправодка, пафарбаваны сцены… Ды, нягледзячы на рамонт, установа працуе ў ранейшым рэжыме.

МАЛАРЫТА
Гайда на каток!
Да сёлетняга года маларытчанам пра лядовую пляцоўку даводзілася толькі марыць. Затое зараз гараджане могуць пакатацца на катку, які дзейнічае пры спартыўным комплексе “Жамчужына”. Ініцыятарам яго стварэння стаў дырэктар гэтай установы Міхаіл Улезла. Канькі розных размераў можна ўзяць напракат тут жа. Гадзіна іх выкарыстання абыдзецца ў 8 тысяч рублёў. Уваход на каток свабодны.

ПІНСК
У 15 год – майстар FIDE
Майстрам Міжнароднай федэрацыі шахмат (FIDE) стаў 15-гадовы пінскі школьнік Раман Грыб. Гэта званне прысвойваецца па выніках выступленняў за некалькі год. Падлетак стаў першым шахматыстам у гісторыі Пінска, які атрымаў высокае прызнанне FIDE. Раман з 10 год прымае ўдзел у дарослых спаборніцтвах, уваходзіць у дзясятку мацнейшых шахматыстаў Беларусі.

ПІНСКІ РАЁН
Воўк зубамі “шчоўк”…
На вартаўніка фермы ААТ “Парахонскае”, калі ён вяртаўся раніцай з працы, напаў воўк. Мужчына спрабаваў змагацца з драпежнікам, але наўрад ці справіўся б, ды на дапамогу паспеў аднавясковец. Удвух яны адолелі ваўка, але атрымалі сур’ёзныя раненні. Вяскоўцы трапілі ў бальніцу, дзе, акрамя лячэння, атрымаюць курс вакцынацыі –
звер быў хворы на шаленства.

ПРУЖАНЫ
Падтрымаем Набіля!
Шасцікласніка з Пружан Набіля Зарука сёння ўбачаць не толькі аднакласнікі з гімназіі, але ўся краіна. Справа ў тым, што хлопчык, прайшоўшы сіта строгага адбору, выйшаў у фінал другога сезона тэлепраекта канала АНТ “Я спяваю!” Якраз 10 лютага ў 21.05 выходзіць у эфір тэлеверсія першага конкурснага дня праекта. Па ўмовах конкурсу тэлегледачы маюць права прагаласаваць за таго выканаўцу, які найбольш спадабаецца.

СТОЛІН
Навошта вяскоўцу ваенная тэхніка?
У аўтамабілі мясцовага жыхара знайшлі абсталяванне для бранятанкавай і авіяцыйнай ваеннай тэхнікі агульным коштам звыш 1 мільярда рублёў. 58-гадовы мужчына спрабаваў перавезці, у прыватнасці, прыборы для навядзення, кіравання агнём, тапаграфічнага арыентавання з аднаго населенага пункта ў другі. Груз, які, па запэўненнях вяскоўца, насамрэч належыць не яму, канфіскавалі. Вядзецца праверка.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля