Спявак сусветнага маштабу…
Яго талент захапляў самых вытанчаных аматараў оперы
Геніяльны спявак Міхась Забэйда-Суміцкі нарадзіўся 14 чэрвеня 1900 года ў вёсцы Шэйпічы Косаўскага павета ў сям’і беззямельных сялян. Калі хлопчыку было паўтара года, памёр бацька. Клопат аб семярых дзецях і гаспадарцы лёг на плечы маці. Каб дапамагчы сям’і, 8-гадовы Міхась стаў працаваць падзёншчыкам у маёнтку. Праца сумяшчалася з вучобай у бліжэйшай царкоўна-прыходскай школе. Пасля яе заканчэння хлопец паступае ў настаўніцкую семінарыю ў Мала-дзечна. У гэтым горадзе і адбылося знаёмства будучага вялікага спевака з асновамі музычнай граматы.
Тым часам пачалася Першая сусветная вайна, а разам з ёй – і ха-джэнне па пакутах: з-за набліжэння фронту семінарыя была эвакуіравана ў Смаленск. Сям’ю бясконцая хваля бежанцаў закінула на Алтай, куды пасля вучобы ў 1918 годзе пераехаў на работу і Міхась. Вайна, гэтым разам грамадзянская, знайшла яго і там. Настаўнік з вёскі Усць-Калманскае зноў стаў уцекачом. Прытулак даў кітайскі Харбін. Першыя два гады заняло змаганне за існаванне на чужыне: не было ж ні жылля, ні знаёмых. У вялікім горадзе знайшлася работа па спецыяльнасці, крыху пазней было паступленне на юрыдычны факультэт мясцовага ўніверсітэта. Калі здольнаму студэнту прапануюць аспірантуру, ён адмаўляецца і замест юрыдычнай кар’еры пачынае музычную. Малады таленавіты спявак у 1929 годзе пачаў сваё ўзыходжанне на музычны алімп. Першыя авацыі за ролю Ленскага ў оперы “Яўген Анегін” пацвердзілі правільнасць зробленага выбару.
У 1932 годзе зорка харбінскай оперы пераязджае ў Мілан. Працаўладкавацца дапамагла старая знаёмая. Пазней былі канцэрты, конкурсы, фэсты, фурор…
Эйфарыю абарвала вестка пра цяжкую хваробу маці. Міхась вяртаецца дадому, ужо ў Польшчу. У 1935-1936 гадах былі канцэрты па ўсёй Польшчы (у тым ліку і ў Брэсце), у Літве, Латвіі, Чэхаславакіі. Самае першае выступленне адбылося ў Ружанах. Акрамя класікі, маэстра абавязкова ўключаў у свой рэпертуар беларускі фальклор і творы беларускіх кампазітараў.
Хрушчоўская адліга прачыніла на кароткі час дзверы ў БССР для эмігрантаў. Але, калі палітыка партыі адышла ад “залішняга” лібералізму, і гэты шлях быў зачынены. Праўда, вялікі выканаўца паспеў даць шэраг канцэртаў у Мінску, Гродна, Віцебску, Лідзе, Гомелі, Баранавічах, якія, нягледзячы на перашкоды з боку ўнутраных органаў, прайшлі з аншлагам.
Вядомасць не вырашала фінансавых праблем. Канцэрты прыходзілася сумяшчаць з камерцыйнымі ўрокамі. Здароўе зоркі оперы пагаршалася.
Ён жадаў памерці на Радзіме, але яму не дазволілі… 21 снежня 1981 года Міхась Забэйда-Суміцкі памёр. Газеты Савецкай Беларусі прамаўчалі. Пахавалі вялікага спевака на Альшанскіх могілках у Празе. На магіле паставілі сціплы помнік з надпісамі на беларускай і чэшскай мовах.
Свой багаты архіў і бібліятэку ён адпісаў Беларусі. Зараз тысячы дакументаў, звязаных з жыццём вялікага беларуса, захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва. Самым лепшым помнікам нашаму земляку стала пласцінка “Міхась Забэйда-Суміцкі – Ластаўкі ў страсе” – самы поўны збор песень на беларускай мове на дадзены момант.
Яўген ПАЛЕШКА,
студэнт 3-га курса філфака Брэсцкага дзяржаўнага
ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.