Нетрадыцыйны гараскоп: якія каштоўнасці падабаюцца Дракону…
Каштоўныя вырабы з чорных жэмчугу і апалу на працягу ўсяго года Дракона будуць вашымі сябрамі- талісманамі, прынясуць шчасце, удачу і здароўе
Камяні-самацветы настолькі прыгожыя, што часта іх называюць каляровымі вачыма Зямлі. А 2012 год па ўсходнім календары лічыцца годам чорнага вадзянога Дракона. І змяніў ён белых кітайскага Ката і японскага Труса 23 студзеня (надыход года па ўсходнім календары і па прывычным нам еўрапейскім не супадае).
Дракон – істота хоць і міфічная, аднак надзеленая велізарнай жыццёвай сілай, актыўнасцю, імкненнем да дасканаласці. Горды і адкрыты, нецярпімы да дробязнасці і крывадушнасці, ён хоча пакрасавацца і патрабуе, каб усе яго любілі. Сам жа вельмі лёгка захапляецца, але ніколі і нікому не дазваляе ўзвысіцца над сабой. І чалавек, народжаны ў год Дракона, як бы атрымлівае ў спадчыну ўсе гэтыя якасці.
А калі Дракон у 2012 годзе будзе не толькі чорным, але і вадзяным, дык і камяні-самацветы павінны быць не толькі чорнымі, але і ўтварацца ў вадзе ці ўтрымліваць у сваім складзе ваду. Такія патрабаванні сёлетняга года.
Чорных самацветаў у прыродзе шмат: гэта і самародны чорны алмаз-муасаніт, і вокіслы гематыт і марыён, і сілікаты стаўраліт і шчармаліт, і нават карбанатнага складу чорны онікс. Аднак умовы іх утварэння не водна-марскія і ў іх хімічным складзе адсутнічае вада. Значыць, у год Дракона яны не стануць у кагорту самых модных упрыгажэнняў.
І ўсё ж прырода дала нам шанс у выглядзе чорнага жэмчугу, які ўтвараецца ў марскіх глыбінях, і чорнага апалу – прыроднага цвёрдага аксіду крэмнію з утрыманнем вады ў пераменных колькасцях. Прычым абодва самацветы сустракаюцца ў прыродзе ў белых, крэмавых, серабрыста-белых і светла-блакітных танах, аднак толькі чорныя іх разнавіднасці – самыя вытанчаныя, самыя прыгожыя і самыя дарагія. Напрыклад, чорныя жамчужыны з металічным бляскам вельмі рэдкія і каштуюць вельмі дорага, а знакамітым чорным апалам з Аўстраліі месца толькі на музейных стэндах, асабліва ўзорам з чырвонымі і сінімі блікамі.
Увогуле, з пункту гледжання колератэрапіі чорны колер – гэта колер рэалізму і грунтоўнасці, кансерватызму, стабільнасці, патрабавальнасці, прынцыповасці і сумленнасці. Аматараў чорнага тону вылучаюць стойкасць, суровасць, ашчаднасць. Яны любяць уладу, імкнуцца да яе. Цвёрда стаяць на нагах, не губляюць галавы ў любых сітуацыях, заўсёды гатовы да барацьбы, ідуць наперад і нярэдка напралом.
Ну, а цяпер аб героях дня – жэмчугу і апале. Першы з пункту гледжання паходжання назвы – шматнацыянальны. У Кітаі – гон-чу, у Манголіі – чжэнь-джу, у арабаў – зеньчуг, туркаў – інджу, грэкаў – маргарыт, французаў – перл, славян – бурніцкае зерне. Жэмчуг – гэта камень дасканаласці, чысціні і высокіх якасцей. Ён садзейнічае даўгалеццю, росквіту і дабрабыту.
Назва другога – апал – паходзіць ад санскрыцкага “упала” – каштоўны камень. Гэта самацвет бліскучай чароўнасці і вясёлкавых надзей. Ён сімвалізуе вернасць, узмацняе творчую фантазію, прыносіць спакой і прымірэнне.
Альберт БАГДАСАРАЎ,
прафесар геалогіі,
г. Брэст.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.