Беларусь

  • Главная
  • Актуальна!
  • Абітурыенты: Піянеры новай адукацыі, або Чаму на прагноз індзейцаў лепш не разлічваць

Абітурыенты: Піянеры новай адукацыі, або Чаму на прагноз індзейцаў лепш не разлічваць


2012-ы ўжо ў самым яго пачатку можна назваць годам перамен. Яны закранулі амаль усе сферы жыцця, не абышлі бокам адукацыю. Калі перыяд выхавання і навучання ў дзіцячым садку і школе лічыць стрэсам сярэдняй цяжкасці, дык паступленне і вучоба ў вышэйшай навучальнай установе – сапраўдны іспыт для нерваў усёй сям’і. Да таго ж, дадатковым фактарам перажыванняў з’яўляюцца эксперыменты, укараненне нечага новага і неабходнасць станавіцца піянерам у той ці іншай сферы.
Магчыма, не так усё дрэнна, а пэўныя перамены толькі аблегчаць жыццё і дапамогуць сучасным абітурыентам. Паспрабуем сёння разабрацца ў некаторых з іх.
Піянеры новай адукацыі, або Чаму на прагноз індзейцаў лепш не разлічваць
АСАБІСТЫ КАНТАКТ ВЫКЛЮЧАНЫ?
Нядаўна стала вядома, што з 2013 года Беларусь паступова пераходзіць на  аўтаматызаваную сістэму падачы заяў і залічэння абітурыентаў. Шэраг ВНУ пяройдуць на новую сістэму адразу. Плануецца, што гэта будуць медыцынскія ўстановы. Поўны пераход павінен адбыцца ўжо ў 2014 годзе.
– Для таго, каб укараніць сістэму, спатрэбіцца 2-3 гады, – расказаў на анлайн-канферэнцыі Міністэрства адукацыі начальнік упраўлення вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Юрый Міксюк. – Спачатку неабходна апрабаваць сістэму, выявіць слабыя месцы, дадаткова скарэкціраваць правілы прыёму, вывучыць тэхнічныя і арганізацыйныя моманты. Вопыт работы з аўтаматызаванай сістэмай сёння мае толькі сталічны БДУІР. 90 працэнтаў яго мінулагодніх абітурыентаў засталіся задаволенымі вынікамі ўступнай кампаніі ў новых умовах.
Аднак нельга не ўлічваць нюансы, якія патрабуюць дапрацоўкі. Справа ў тым, што аўтаматызаваная сістэма не прадугледжвае здачу творчых іспытаў. Сістэма выключае фактар асабістых зносін. У краіне ўжо ёсць ВНУ, якія гатовы перайсці на новую сістэму, аднак брэсцкіх сярод іх пакуль няма.
Новая сістэма дазволіць абітурыентам максімальна выкарыстаць шансы для паступлення. Запісваючыся на цэнтралізаванае тэсціраванне, юнакі і дзяўчаты змогуць выбраць у парадку прыярытэту некалькі профільных спецыяльнасцей у розных універсітэтах. Пасля тэсціравання спецыяльная праграма вызначыць, у якую з раней выбраных устаноў яны праходзяць па набраных балах.
Удзел ВНУ ва ўступнай кампаніі зводзіцца да прыёму арыгіналаў дакументаў і выдання загадаў аб залічэнні. Ад абітурыентаў патрабуецца здаць заяву на прахо-джанне ЦТ і арыгіналы дакументаў. Акрамя таго, скарачаецца тэрмін уступнай кампаніі. Падрабязней аб гэтым можна будзе даведацца пазней.
СПЕЦЫЯЛІСТ ЗА 4 ГАДЫ
Упершыню пераход да 4-гадовай вышэйшай адукацыі ў Беларусі ажыццявіўся ў 2006 годзе па праграме пераходу на дыферэнцыраваныя тэрміны навучання. Задача па скарачэнні тэрміну падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй была пастаўлена Прэзідэнтам Беларусі на рэспубліканскай педагагічнай нарадзе ў 2011 годзе.
– Мы разглядаем розныя варыянты скарачэння тэрмінаў падрыхтоўкі па асобных спецыяльнасцях, – запэўніў на вышэй-упамянутай анлайн-канферэнцыі рэктар Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Міхаіл Дзямчук. – Безумоўна, гэта не стане фармальным скарачэннем. Яно будзе дасягнута шляхам аптымізацыі сацыяльна-гуманітарнага кампанента. Спецыялісты будуць абапірацца на прапановы саміх універсітэтаў.
Тэрміны, якія існуюць у нацыянальнай сістэме адукацыі, суадносяцца з еўрапейскімі. Для таго, каб паступіць у еўрапейскі ўніверсітэт, неабходна 12-13-гадовая агульная сярэдняя адукацыя. У нашай краіне яе эквівалент арганізаваны ў выглядзе сацыяльна-гуманітарных дысцыплін у ВНУ.
БЕЛАРУСКІЯ ДЫПЛОМЫ Ў ЕЎРОПЕ
Далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу забяспечыць прызнанне беларускіх дыпломаў у Еўропе. Неабходная дакументацыя, дыпломы еўрапейскага ўзору ўжо ёсць. Са студзеня актывізуецца работа ў гэтым кірунку.
Не варта думаць, што ўсе выпускнікі ВНУ будуць атрымліваць нейкія новыя дыпломы. На рукі, як раней, будзе выдавацца дыплом дзяржаўнага ўзору, а калі выпускніку патрэбна выехаць на работу за мяжу – атрымае дадатак еўрапейскага ўзору. Ён больш аб’ёмны, там указана веданне розных моў, месца праходжання практыкі і іншая дадатковая інфармацыя.

– Цудоўна, што ў рэшце рэшт з нашымі беларускімі дыпломамі можна будзе ўладкавацца на прэстыжную работу за мяжой, – разважае мая знаёмая, родам з Брэста, Алена Салаўёва. – Амаль тры гады жыву ў Лондане, куды прыехала з незакончанай вышэйшай адукацыяй. Тры курсы факультэта замежных моў БрДУ імя А.С. Пушкіна тут увогуле не каціраваліся. Атрымліваць англійскую адукацыю пакуль стратна для кашалька. Калі з’явіцца магчымасць атрымаць дыплом еўрапейскага ўзору, дык абавязкова зноў падам дакументы ў родную ВНУ і давучуся ў Брэсце, бо дыплом ну вельмі неабходны для далейшай кар’еры.
Беларускія вышэйшыя навучальныя ўстановы ў еўрапейскай іерархіі адносяцца да сярэдняга ўзроўню. Пэўна ж, Балонская ідэя дае магчымасць “падцягнуцца”. У перспектыве ўніверсітэты змогуць перайсці да сістэмы “бакалаўр – магістр”. Нагадаем, што зараз у Беларусі пасля першай ступені навучання выпускнік атрымлівае статус спецыяліста, а не бакалаўра. Другая ступень – магістратура.
Апошнім часам спецыялісты-практыкі ў сістэме адукацыі ўсё часцей гавораць пра стварэнне вучэбна-навуковых комплексаў і дуальную адукацыю. Гэта значыць, што, па іх меркаванні, студэнт павінен 2-3 гады вучыцца ва ўніверсітэце, а далей – на вучэбна-вытворчай базе заказчыка.
НОВЫЯ СПЕЦЫЯЛЬНАСЦІ
Штогод вышэйшыя навучальныя ўстановы пашыраюць спіс спецыяльнасцей, па якіх вядзецца навучанне. Улічваюцца запатрабаванні часу і змяненні на рынку працы.
Сёлета ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна адкрыецца скарочаная форма навучання па спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць” на геаграфічным факультэце. Таксама па скарочанай форме змогуць навучацца студэнты на спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя. Практычная псіхалогія”. І паступіць цяпер будзе лягчэй. У адрозненне ад дзённай і завочнай форм навучання, скарочаная не патрабуе ад абітурыентаў здаваць унутраныя экзамены, а толькі цэнтралізаванае тэсціраванне.
Па словах адказнага сакратара прыёмнай камісіі БрДУ імя А.С. Пушкіна Святланы Ткач, не будзе набору па некалькіх спецыяльнасцях філалагічнага факультэта, а таксама закрыецца спецыяльнасць “Гісторыя. Рэлігіязнаўства”.
У Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце адкрыецца толькі адна новая спецыяльнасць. На факультэце інавацыйнай дзейнасці, упраўлення фінансаў будзе праводзіцца набор на спецыяльнасць “Водазабеспячэнне, водаадвядзенне і ахова водных рэсурсаў” для тых, хто мае сярэднюю спецыяльную адукацыю.  Раней гэта спецыяльнасць была на факультэце водазабеспячэння і гідрамеліярацыі.
Некаторыя новаўвядзенні чакаюць і абітурыентаў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Скарочаныя формы навучання з’явяцца на спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці” інжынернага факультэта і на спецыяльнасці “Эканоміка і ўпраўленне на прадпрыемстве” факультэта эканомікі. Акрамя таго, дыстанцыйна цяпер можна будзе атрымаць адукацыю па спецыяльнасці “Маркетынг”. Па дзвюх спецыяльнасцях педагагічнага факультэта – “Да-школьная адукацыя” і “Пачатковая адукацыя” – не будзе ажыццяўляцца набораў.
ГОРАД І ВЁСКА – НА РОЎНЫХ
Поўнасцю адменены раздзе-льны конкурс для выпускнікоў сельскіх і гарадскіх школ. Улічыўшы вопыт уступных кампаній двух мінулых гадоў, у Міністэрстве адукацыі прыйшлі да высновы, што незаўжды гарадскія і сельскія студэнты знаходзіліся ў аднолькавых умовах. Асабліва гэта тычыцца паступлення ў прэстыжныя ВНУ, дзе прахадныя балы значна вышэйшыя.
Раней раздзельны конкурс праводзіўся пры ўмовах, калі прахадны бал для сельскіх абітурыентаў быў ніжэй, чым для гарадскіх. У тым жа выпадку, калі дакументы на тую ці іншую спецыяльнасць падаваў адзін вясковец, то незалежна ад набраных балаў ён залічваўся. Цяпер ніякіх прывілей абітурыенты з сельскай мясцовасці не маюць.
НА МАЯ ЛЕПШ НЕ СПАДЗЯВАЦЦА…
Уступная кампанія 2012-га вый-шла на фінішную прамую. Няважна, па якіх правілах паступаць – новых ці старых, галоўнае, каб выбар будучай прафесіі быў абдуманы і зроблены, зыходзячы з уласнага жадання і магчымасцей. Калі веды ў галаве ёсць і шэрае рэчыва функцыянуе як трэба, дык ніякія новаўвядзенні не страшныя, а калі не – хіба што спадзявацца: прагноз цывілізацыі мая аб канцы свету спраўдзіцца і паступаць нікуды не прыйдзецца.
Аднак гэта не варыянт, бо прагноз-прагнозам, а пра адукацыю гэтых мая гісторыя маўчыць, таму маглі і памыліцца. У такім разе ловім другое дыханне і з добрым настроем – на іспыты!
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Тэсты: спроба №2
На Брэстчыне праходзіць другі этап рэпетыцыйнага тэсціравання. Абітурыенты ўжо здалі тэсты  па замежных мовах, фізіцы, хіміі, сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі, матэматыцы, біялогіі, грамадазнаўстве і геаграфіі. А 29 студзеня абітурыенты змогуць праверыць свае веды па  рускай і беларускай мовах.
На другі этап традыцыйна запісалася больш жадаючых, чым на першы, а самі заданні максімальна прыбліжаны да тых, што будуць на цэнтралізаваным тэсціраванні ў чэрвені.
Усміхнёмся!
Абітурыент прыходзіць здаваць уступныя экзамены ў прэстыжную ВНУ. Старшыня прыёмнай камісіі яго пытае:
– Малады чалавек, што падштурхнула Вас выбраць наш універсітэт?
– Тата, хопіць жартаваць…
* * *
– Ну, з Днём абаронцаў Айчыны, сынок!
– Мам, ну ты што? Можа, я яшчэ паступлю!
* * *
Абітурыентак, якіх завуць Марыя Іванаўна, на педагагічныя спецыяльнасці бяруць без іспытаў…

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля