Беларусь

Непрыдуманыя гісторыі: чужое шчасце


Яны жылі ў адным доме, хадзілі ў адзін дзіцячы садок і вучыліся ў адным класе. Тры лепшыя сябры – Іван, Паліна і Зіна. Шумнай кампаніяй  бесклапотна бегалі, каталіся на веласіпедах, а зімой – на каньках, разам рабілі ўрокі. Але Ваня стараўся больш часу праводзіць з Зінай, нават узяўся “падцягнуць” яе па алгебры. А яна толькі рада была.  Дзяўчына першай зразумела, што ніякага сяброўства быць ужо не можа. Слухае настаўніка, а як паглядзіць на Івана – пра ўсё забывае.
Свой дзень нараджэння Зіна вельмі чакала. Сэрца падказвала: менавіта ў гэты дзень Іван прызнаецца ёй у каханні. У марах ужо тысячу разоў уяўляла сабе гэты момант, прадумвала, як сябе павесці з хлопцам…
Такога вясёлага і запамінальнага дня нараджэння ў яе яшчэ не было. Усе жартавалі і смяяліся. У адзінаццаць, калі сябры паразыходзіліся, Іван застаўся. Ён сеў насупраць, у руках нервова круціў відэлец. “Разумееш, мне… Ну, трэба пагаварыць”, –  ён запнуўся. Зінка глядзела на яго  і ледзь стрымлівалася, каб самой не крыкнуць: “Так, я таксама цябе кахаю!”
Цяжка ўздыхнуўшы, хлопец працягнуў: “Разумееш, мне вельмі Паліна падабаецца. Я нават іншы раз падысці да яе баюся. Праўда, смешна? Выраслі разам, а я баюся. Можа, ты з ёй пагаворыш пра мяне?”
Усю ноч Зіна праплакала ў падушку…
Пасля школы ўсе трое паступілі ў інстытут. На трэцім курсе Іван і Поля ажаніліся. А праз год у іх нарадзіўся хлопчык  Дзімка. Іван перавёўся на завочнае і пайшоў працаваць на будоўлю. Грошай усё роўна не хапала, і Поля таксама пайшла працаваць. Зіна, чым магла, дапамагала сваім сябрам. Увесь вольны час яна прысвячала іх сыну. Шмат хлопцаў да яе заляцаліся, але яна кахала толькі Івана.
Так працягвалася 15 гадоў. Аднойчы ўвечары Паліна пазваніла сяброўцы і папрасіла прыехаць. Яна сядзела на кухні і нервова курыла. На падлозе валяліся пабітыя талеркі. “Мы з Іванам разыходзімся, у яго – іншая”, – сказала яна.
Зіна вярталася дамоў, і слёзы цяклі з вачэй. У галаве круціліся розныя думкі. Яна спачувала сяброўцы, перажывала за Дзімачку: як ён цяпер без бацькі? Але больш за ўсё ёй было шкада сябе. Усю сваю маладосць яна аддала чужому шчасцю. Ёй ужо 35, мужа і дзяцей няма і, напэўна, ніколі не будзе…
Машыну, якая выехала з-за вугла, Зіна не заўважыла. Апрытомнела ў няўтульнай палаце, дзе непрыемна пахла лекамі. Яна ведала, што хадзіць ужо не зможа. Патрэбна вельмі дарагая аперацыя. Спецыялісты ёсць толькі за мяжой.
Канстанцін, вадзіцель той машыны, наведваў Зіну  часта. Прасіў прабачэння.  Ён быў адзінай яе надзеяй. Даставаў дарагія і рэдкія лекі. Нават прадаў машыну, каб ёй аперацыю зрабілі. Але хадзіць яна так і не змагла.
Спачатку Канстанцін клапаціўся пра жанчыну з-за пачуцця віны, што збіў яе машынай. Пазней зразумеў, што ўвогуле не хоча страціць Зіну. Яна ў рэшце рэшт  даравала Канстанціну. Цераз паўгода яны ажаніліся.
Канстанцін КАРНЯЛЮК,
г. Віцебск.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля