Нас чытаюць у Вязах

Нас чытаюць у Вязах

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

У калектыве сельскага вучэбна-педагагічнага комплексу даўно сімпатызуюць беларускамоўнаму абласному выданню

Дзяржаўны вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – пачатковая школа вёскі Вяз мае некалькі адметнасцей, на якія міжволі звяртаеш увагу. Па-першае, гэта  малакамплектная адукацыйная ўстанова, у якой хоць і невялікі калектыў дзяцей і дарослых, але вельмі дружны. Па-другое, тут ужо 7 год практыкуецца інтэгрыраванае навучанне, калі разам займаюцца і здаровыя дзеткі, і тыя, у каго ёсць пэўныя праблемы ў псіхафізічным развіцці. Вынік – цяжкасці тут умеюць пераадольваць разам, а чалавечнасць у адносінах увасабляецца ў рэчаіснасць, пачынаючы  з дашкольнага ўзросту. Між іншым, першымі ў раёне вязаўскія педагогі сталі практыкаваць дашкольнае навучанне дома, каб ніводнае дзіця не было адарвана ад соцыуму.
Трэцяя асаблівасць – дагледжаная тэрыторыя сада-школы. На ёй ёсць дзе і пагуляць, і ўрок на паветры правесці.  Традыцыі плюс крэатыў –
стыль вучэбна-педагагічнага комплексу. Не дзіва, бо кіруе ім уладальнік тытула “Кіраўнік – творчая асоба” Любоў Лінкевіч. Вось вам і чацвёртая асаблівасць. Дарэчы, Любоў Іванаўна ў свой час пераехала з сям’ёй жыць у Пінск, але вязаўскай установе адукацыі не здрадзіла – і сёння штодня ездзіць сюды на работу з горада.
Чаму ж мы пра Вязаўскую дзіцячы сад – пачатковую школу ўзгадваем у рубрыцы “Сябры “НТ”? Дык справа ў пятай адметнасці: абласную газету тут выпісваюць даўно – і па ведамаснай падпісцы, і па індывідуальнай. Чытаюць “Народную трыбуну” ўсе ў калектыве, часцяком абмяркоўваюць артыкулы. “Найперш шукаем, што напісана пра Піншчыну, – тлумачыць дырэктар Любоў Лінкевіч. – Цікава даведацца і пра справы ў калег – педагогаў з іншых раёнаў”.
Высветлілася, што комплекс працуе на беларускай мове: і з дашкольнікамі, і з вучнямі пачатковай школы гавораць па-беларуску. Так што выбар на карысць “НТ” зразумелы. Безумоўна, прыемна было даведацца аб сімпатыях да нашага выдання выхавальнікаў Ганны Пашэлюк і Галіны Козел, шэф-повара Галіны Неўдах, памочніка выхавальніка Святланы Кахавец, прыбіральшчыцы Марыі Антаноўскай, настаўніцы Таццяны Сухаверхай, загадчыка гаспадаркі Анастасіі Малашчыцкай. Разам з Любоўю Лінкевіч (на здымку – трэцяя злева) калектыў прадоўжыць сяброўства з любімым выданнем і ў 2012 годзе.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
Пінскі раён.
Фота аўтара.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Галоўнае багацце Кацярыны Ляснічай

Следующая запись

Новы год толькі пачаўся, а вада зноў забірае свае ахвяры