Імгненні XXIV Міжнароднароднага фестывалю класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары”…
На мінулым тыдні завяршыўся XXIV Міжнародны фестываль класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары”
Развітанне з дарагім сэрцу фэстам прайшло ў тры этапы. Першы з іх – дзённую імпрэзу ў вялікай зале тэатра драмы – адкрыў камерны аркестр Брэсцкай абласной філармоніі пад кіраўніцтвам Аляксандра Мартыненкі. Дарэчы, таленавіты дырыжор літаральна нядаўна атрымаў яшчэ адну важкую ўзнагароду – Ганаровую грамату Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны ўклад у эстэтычнае і духоўнае выхаванне насельніцворчасць прэзентаваў кампазітар і арганіст Валерый Шмат, а ўвечары адбылася ўрачыстая цырымонія закрыцця чарговага сезона Міжнароднага фестывалю “Студзеньскія музычныя вечары”. Фінальную рысу пад самай гарачай падзеяй гэтай зімы падвялі сімфанічны аркестр Брэсцкага музычнага каледжа імя Р. Шырмы на чале з дырыжорам Людмілай Жабінскай, акардэаніст-унікум Ігар Завадскі, скрыпач Назар Федзюк, Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Р. Цітовіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Дрынеўскага і іншыя. Але так хочацца яшчэ раз перажыць настрой “Студзеньскіх музычных вечароў” хоць бы ва ўспамінах…
На старце міжнароднага форуму таксама была Музыка. Менавіта з вялікай літары. Ачышчальная і аб’ядноўваючая. Яна, як заўважыў у першы вечар кіраўнік вобласці Канстанцін Сумар, прымушае нас быць добразычлівымі і міласэрнымі, натхняе на подзвігі. Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь і яго галоўны дырыжор Аляксандр Анісімаў сваёй уверцюрай з оперы Глінкі “Руслан і Людміла”, здавалася, стварылі ў зале асаблівую атмасферу і падрыхтавалі публіку да новых музычных узрушэнняў. А іх на цырымоніі адкрыцця фестывалю было шмат.
Калі на сцэну выбегла прыгожая дзяўчынка са скрыпкай у руках, зала замілавана ахнула. Уладальніца I прэміі
XI Міжнароднага конкурсу юных скрыпачоў імя Г. Веняўскага Монэ Хатары з Японіі ў белай, амаль вясельнай сукенцы нагадвала ляльку. А з кожным гукам чароўнай мелодыі “Цыганскія напевы” кампазітара Пабла дэ Сарасатэ брэсцкія меламаны ўсё больш і больш улюбляліся ў юную артыстку.
Яшчэ адзін калядны сюрпрыз чакаў адразу пасля выканання кампазіцыі: на сцэне з’явіўся настаўнік Монэ Хатары – народны артыст Расіі, прафесар Захар Брон. І хоць яго выступлення брастаўчане чакалі на наступны дзень, такому “бонусу” ад маэстра шчыра парадаваліся.
Не падмануў чаканняў публікі і галандскі хор “Сantatrix”. Артысты разам з дырыжорам Хойтэ Пруксма выканалі месу “Трынітаціс”, прысвечаную абаронцам Брэсцкай крэпасці і крэпасці горада Кувардэн. Артыстаў, якія напярэдадні паказалі гэты твор у Свята-Мікалаеўскім гарнізонным саборы і касцёле, удзячныя слухачы прынялі на “ўра”.
Другое аддзяленне вечара распачаў лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне” – аркестр народных інструментаў імя Л. Іванова з Магілёва. Яго галоўны дырыжор Мікалай Алданаў (дарэчы, вучань Леаніда Іванова) узначальвае калектыў з 2009 года.
Зураб Саткілава выступіў на брэсцкім форуме з аркестрам. Рускія рамансы і народныя песні ў выкананні каларытнага грузіна з неверагодным голасам пад акампанемент магілёўскіх музыкантаў сарвалі самыя бурныя авацыі. Па маўклівай традыцыі, якая нарадзілася на гэтым фестывалі, Зураб Саткілава таксама прывёз вучаніцу – лаўрэата міжнародных конкурсаў і ўладальніцу пранізлівага сапрана Марыну Начкебія.
Пад заслону цырымоніі адкрыцця вядомы, бадай, кожнаму раманс “Ямщик, не гони лошадей” разам з салістам Вялікага тэатра Расіі спявала ўся зала. Мелодыя абсалютна нікога не пакінула абыякавым. І калі начальніку ўпраўлення культуры Рыгору Бысюку па статусе належыць асабіста падтрымліваць артыстаў – асабліва такім чынам, то іншых прадстаўнікоў органаў улады Брэстчыны нячаста пабачыш у падобным ракурсе. Канстанцін Сумар, яго намеснік Леанід Цупрык, старшыня абкама прафсаюза работнікаў культуры Галіна Крынец, начальнік упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама Уладзімір Сычэўскі старанна цягнулі ноты і літаральна свяціліся ад атрыманага эстэтычнага задавальнення. Як дакладна заўважыла потым Лілія Батырава, заснавальніца і мастацкі кіраўнік фестывалю, музыка – самы цудоўны спосаб яднання душ тых, хто знаходзіцца на сцэне, і тых, хто сядзіць у зале. Бясспрэчна!
Зачараваннем другога па ліку вечара стаў дуэт ужо знаёмых нам непараўнальнага Захара Брона і яго абаяльнай вучаніцы Монэ Хатары. Артысты ўзроўню Захара Нухімавіча не маюць патрэбы ў дадатковай рэкламе, бо іх фантастычнае майстэрства і ёсць найлепшая характарыстыка. Яшчэ раз пабачыць маэстра і здзівіцца прыйшлі пераважна тыя, хто паспеў моцна засумаваць па гэтым усмешлівым скрыпачу з часоў яго леташняга прыезду ў Брэст. Што ж, у брастаўчан, сапраўды, добры густ.
Настаўнік і вучаніца прэзентавалі ўпершыню выкананы ў Беларусі твор іспанскага кампазітара Пабла дэ Сарасатэ “Навара”. Зрабілі гэта настолькі шчыра, кранальна, пранізліва – публіка была ўражана. “Брава!” – вердыкт канчатковы і абмеркаванню не падлягае!
Па рэакцыі залы стала абсалютна відавочна: такое брастаўчане дакладна не змогуць забыць. Будуць яшчэ больш сумаваць па маэстра Брону і маленькай Монэ, з нецярпеннем чакаць наступнай сустрэчы. Спадзяёмся, яна абавязкова адбудзецца!
Трэці вечар распачаўся ў касцёле. Там сыграў пастаянны госць фестывалю і адзін з фаварытаў берасцейскіх меламанаў – народны артыст Беларусі, піяніст Ігар Алоўнікаў. Працяг атрымаўся не менш феерычным: на запланаваны арганізатарамі “Калядны баль” запрасілі гарадскі духавы аркестр пад кіраўніцтвам Валерыя Коваля, сімфанічны аркестр Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы (галоўны дырыжор Аляксандр Сасноўскі), заслужанага дзеяча культуры Польшчы Ганну Самсан і іншых…
Хоць учора і адгрымелі апошнія акорды “Студзеньскіх музычных вечароў”, найлепшыя ноты назаўжды застануцца ў сэрцах гасцей і гаспадароў фестывалю. А пазітыўнай энергіі, якую публіка назапасіла за гэтыя насычаныя выдатнай музыкай дні, хопіць да наступнага года, калі нам зноў сардэчна скажуць: “Запрашаем!”
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.