Беларусь

Галоўнае багацце Кацярыны Ляснічай


Сем Герояў Сацыялістычнай Працы даў краіне калгас “Аснежыцкі” Пінскага раёна, сярод іх – і гэта сціплая вясковая жанчына
Жыве яна разам з мужам у Аснежыцах на вуліцы Аснежыцкай. Кацярына Парфіраўна Ляснічая – чалавек непублічны. Таму мой тэлефонны званок і просьба аб сустрэчы былі для яе поўнай нечаканасцю. Маўляў, з якой нагоды такі гонар? Нічога адметнага ў цяперашнім яе жыцці няма. Усё, як у пенсіянераў: дзеці, унукі ды праблемы са здароўем.
Вёска, якая, быў час, грымела на ўсю краіну, мяне не ўразіла. Шчыра кажучы, уяўляла яе гэткім суперсучасным аграгарадком, з прыгожымі дыхтоўнымі катэджамі, а на справе ўсё аказалася празаічней і прасцей. Звычайныя вясковыя хаты (ва ўсялякім выпадку, на тых вуліцах, дзе давялося пабываць), у тым ліку і на Аснежыцкай.
Дагледжаны падворак, пафарбаваная агароджа, чысціня і парадак у доме сведчылі пра тое, што жывуць тут людзі гаспадарлівыя. Дзверы адчыніла па-святочнаму апранутая невысокая жанчына. Запрасіла прайсці ў пакой.
У прасторнай светлай зале нічога лішняга: тэлевізар, канапа, мяккія крэслы…
– Вось тут мы і жывём з мужам з таго часу, як дом пабудавалі. Думалі, нехта з дзяцей застанецца з намі, але сын Васіль і дачка Валянціна, як стварылі свае сем’і, жывуць асобна. А гэта – мой Афет Васільевіч, – знаёміць гаспадыня з мужчынам, які знаходзіўся ў пакоі. – Калі замуж за яго выйшла, нібы ў рай трапіла. Ды так і пражыла ўсё жыццё ў гэтым раі…
Зусім маленькай (дзяўчынцы было ўсяго 6 месяцаў ад роду) Каця засталася сіратой. Яна не памятае ні пяшчотнай усмешкі матулі Яўгеніі, ні яе цёплых ласкавых рук. Усе клопаты пра малую ўзяла на сябе бабуля Сафія. Пад яе калыханкі дзяўчынка засынала. Бабуліны рукі песцілі яе, а вусны заўсёды ветліва ўсміхаліся.
Пасля смерці жонкі бацька ажаніўся ў другі раз. Мачаха Ганна Рыгораўна шкадавала сірату, апранала яе, а прыйшоў час – замуж аддала. Самыя добрыя і ўдзячныя словы Кацярына Парфіраўна гаворыць і пра свякруху Сцепаніду Антонаўну, разам з якой пражыла 44 гады. Менавіта гэтай незвычайнай жанчыне яна абавязана ўсімі сваімі дасягненнямі і высокім званнем Героя Сацыялістычнай Працы. Сцепаніда Антонаўна стала яе чацвёртай матуляй. Першай Кацярына Парфіраўна называе тую, што нарадзіла, другой – бабулю, якая выхоўвала, трэцяй – мачаху, якая аддавала замуж. А свякруха і яе дзецям замяніла бацькоў, якія большую частку часу праводзілі на рабоце.
Што тычыцца дарослага жыцця Кацярыны Ляснічай, дык яно непарыўна звязана з калгасам і фермай, на якую прыйшла ў 16 гадоў. Працавала сумленна. У 1952 годзе была занесена на Дошку гонару калгаса імя Сталіна. На ферме пазнаёмілася з хлопцам з дзіўным іменем Афет, які працаваў даглядчыкам-пастухом. За яго ў 1959 годзе выйшла замуж.
А на наступны дзень пасля таго, як муж прывёз маладую жонку ў бацькоўскі дом, раніцай абое адправіліся не ў вясельнае падарожжа, а на… ферму. Падменных даярак тады яшчэ не было – вось і давялося жаніцца, як гавораць, без адрыву ад вытворчасці.
Гэтак жа, без дэкрэтнага водпуску, у 1960 годзе Кацярына нарадзіла свайго першынца. І ўжо раніцай наступнага дня пасля выпіскі з радзільнага дома адправілася на работу. А праз два гады ў сям’і Ляснічых з’явілася дзяўчынка. Маленькая Валя, як і яе брацік Васіль, рэдка бачылі маму, якая цэлымі днямі прападала на рабоце: калі не на ферме, дык на пакосе, дзе разам з сяброўкамі нарыхтоўвала кармы для кароў. Усю работу тагачасным даяркам даводзілася выконваць уручную: бручку сячы ў карыце, а пасля разносіць жывёле, кароў даіць, флягі з малаком выліваць у малакавоз. Калі ж з кармамі было тугавата, дык сена для сваіх рагуль прыносілі з дому. З маленькіх цялятак самі гадавалі цялушак, якія ішлі на ўзнаўленне статка, раздойвалі пасля расцёлаў. Вынікам такога клопату асабіста для Кацярыны Ляснічай стаў надой у 7000 кілаграмаў малака ад адной каровы і ўзнагарода Радзімы за высокія дасягненні і самаадданую працу. Званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем Залатой Зоркі і ордэна Леніна жанчыне было прысвоена ў 1966 годзе. Ёй тады яшчэ і 33-х гадоў не споўнілася…
Акрамя ўзнагарод Кацярыны Парфіраўны, у сямейнай скарбонцы Ляснічых я ўбачыла яшчэ два ордэны – Леніна і Кастрычніцкай Рэвалюцыі, некалькі залатых і сярэбраных медалёў з выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Уладальнік ордэнаў – муж знакамітай даяркі. З простага даглядчыка маладняку буйной рагатай жывёлы Афет Васільевіч дарос да загадчыка фермы. Гэты сціплы працавіты мужчына не толькі паспяхова спраўляўся са сваімі абавязкамі, але паспяваў і любай жонцы дапамагаць.
– Пра гэтую сям’ю ў мяне самыя добрыя ўспаміны, – сказаў пазней у тэлефоннай размове былы галоўны аграном калгаса “Аснежыцкі” Васіль Гарошка – яшчэ адзін уладальнік Залатой Зоркі, выхадзец з гэтай гаспадаркі. – Вельмі прыстойныя людзі. Дарэчы, ці гаварыў Афет Васільевіч, што таксама быў прадстаўлены да звання Героя Сацыялістычнай Працы?
– Не.
– А ведаеце, чаму не далі яго? Таму што ў загадчыка фермы было ўсяго чатыры класы адукацыі. Вось і абмежаваліся ордэнам Леніна…
Афет Васільевіч, як і яго жонка, нічога не гаварыў пра гэты эпізод з іх жыцця. Праўда, ужо на развітанне гаспадар адкрыўся: сярод яго ўзнагарод быў яшчэ “Масквіч-412”, які прывёз з ВДНГ. Але яго прадалі.
Сціплыя па сваёй прыродзе, гэтыя людзі ніколі не казыралі высокімі ўзнагародамі, не патрабавалі і не патрабуюць да сябе нейкай павышанай увагі з боку кіраўніцтва гаспадаркі, якой прысвяцілі ўсё сваё жыццё, і мясцовай улады. Да пенсіі працавалі на ферме, трымалі асабістую гаспадарку. І зараз, пакуль яшчэ дазваляюць сілы, усё стараюцца рабіць самі. Як некалі ў маладосці будавалі свой дом…
Цяпер галоўным багаццем Кацярына Ляснічая называе сваю вялікую сям’ю. Дзеці, якіх у яе чацвёра (вядома ж, з нявесткай і зяцем!), васьмёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў – яе асноўны клопат. Жанчына не прапускае ніводнага дня нараджэння сваіх самых блізкіх і дарагіх людзей, дорыць ім падарункі і заўсёды з нецярпеннем чакае ў госці. Пра іх – усе яе думкі…
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Пінскі раён.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля