Беларусь

Ён мерае час стагоддзямі


Неверагодныя факты з гісторыі Леаніда Несцерчука
Любімы герой – Тадэвуш Касцюшка, паэт – Адам Міцкевіч, музычны твор – “Развітанне з радзімай” Агінскага, помнік – Ружанскі палац. І пра гэта ён можа гаварыць натхнёна і з веданнем справы гадзінамі. Аўтар 10 манаграфій, 140 навуковых публікацый, кандыдат гістарычных навук, даследчык і краязнавец, больш вядомы ў чытацкіх колах як стваральнік “тоўстых” кніг пра Напалеона Орду і Тадэвуша Касцюшку – і ўсё гэта адзін чалавек, Леанід Несцярчук.
А яшчэ – старшыня Брэсцкага грамадскага аб’яднання імя Тадэвуша Касцюшкі, якое займаецца папулярызацыяй гісторыка-культурнай спадчыны. У 2011-м Леанід Міхайлавіч адзначаў 15-годдзе свайго старшынства, і за гэты прамежак часу справа не стаяла на месцы. Будучы галоўным спецыялістам па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўпраўлення культуры аблвыканкама і ўваходзячы ў адпаведны каардынацыйны савет, ён у свой час нястомна даводзіў: “альтэрнатыва” рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры – іх поўны заняпад і разбурэнне. А гэтага нельга дапусціць.
Дом-музей Тадэвуша Касцюшкі, палац Бутрымовіча ў Пінску, сядзіба Напалеона Орды на Іванаўшчыне – усяго каля 40 аб’ектаў дачакаліся ці ў чарзе на рэстаўрацыю… Няўрымслівы даследчык перакананы, што кожны беларус, дзе б ён ні быў – ля помніка Тадэвушу Касцюшку ў Вашынгтоне ці ў Версалі – адчуваць павінен гордасць за свайго земляка, згадваць беларускі Версаль – Ружанскі палац і цаніць сваю спадчыну, захоўваць яе.
Плёнам жа актыўнай даследчыцкай дзейнасці Леаніда Міхайлавіча ў 2011 годзе стала манаграфія “Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Манарх, асветнік, мецэнат” – дарэчы, ён першы так поўна раскрыў асобу апошняга караля Польшчы і вялікага князя ВКЛ у сваім творы-даследаванні, хроніцы-партрэце магната і манарха Станіслава Панятоўскага. Кніга пад сваёй вокладкай змяшчае грунтоўны, навукова вывераны аповяд аб нашым славутым земляку, шмат сапраўды ўнікальных матэрыялаў, сабраных аўтарам у замежных камандзіроўках.
Гэты якасны інтэлектуальны прадукт яшчэ і годна аздоблены: больш за 220 ілюстрацый, густоўны дызайн – абсалютная неадпаведнасць стэрэатыпным пыльным тамам сумных манаграфій. Такую кнігу хочацца ўзяць у рукі – і, як вынік, прачытаць.
Таму не дзіўна, што адбылася парадаксальная рэч: на момант прэзентацыі цяжка было знайсці ў крамах “віноўніцу ўрачыстасці” для аўтографа. Улічваючы тое, што прадстаўленню брэсцкаму чытачу папярэднічаў і сталічны “выхад у свет”, дзе кніга прагучала і займела рэзананс, цікавасць да яе толькі расце. Прычым не выключна ў навуковых і калянавуковых колах. Дапоўніць дамашнюю бібліятэку такім выданнем – значыць, прадэманстраваць добры густ, эрудыцыю і прыхільнасць да якаснай літаратуры.
Не паспелі сціхнуць водгукі на кнігу, як нястомны Леанід Міхайлавіч загарэўся новай тэмай: вайна 1812 года на Беларусі. Хаця ўсё ж не зусім новай. Справа ў тым, што яна сугучная тэме дысертацыі, якую абараніў… біёлаг-хімік Леанід Несцярчук. Неверагодна, аднак факт: не маючы спецыяльнай падрыхтоўкі, ён здолеў прадстаўнічай камісіі ў Акадэміі навук Беларусі здаць тры экзамены экстэрнам, каб атрымаць пасведчанне аб базавай гістарычнай адукацыі. Прычым у такой паслядоўнасці: спачатку абарона дысертацыі, а пасля – уласна іспыты.
На заканамернае пытанне – адкуль з’явілася цікавасць да гісторыі ўвогуле і падзей вайны 1812 года ў прыватнасці? – Леанід Міхайлавіч адказаў проста: вёска Харкі на Пружаншчыне, адкуль ён родам, багатая на падзеі, звязаныя менавіта з гэтым перыядам. Спачатку з’явілася цікавасць, потым яна перарасла ў захопленасць, далей – стала справай усяго жыцця…
У планах – наведаць мясціны, звязаныя з вайной 1812-га, завяршыць манаграфію, матэрыялы для якой ён збіраў у лістападзе 2011 года ў Парыжы. А яшчэ ўзнікла думка: гінулі і вайскоўцы-беларусы, і мірнае насельніцтва падчас вайны з Напалеонам. Чаму б не ўвекавечыць іх памяць? Рэалізацыяй гэтай ідэі зараз і займаецца гісторык.
І ўсё ж, падводзячы рысу пад 2011-м, самымі ўзрушальнымі падзеямі Леанід Міхайлавіч назваў не поспех кнігі ці паездку ў Парыж, а нараджэнне ўнука Рамана і не менш значную падзею – унучка Аляксандра пайшла ў першы клас. І хоць гісторыкаў лічаць людзьмі, якія мераюць час стагоддзямі ды не зважаюць на гады, Леанід Міхайлавіч пажадаў чытачам “НТ” цаніць кожнае імгненне, у добрым настроі і са спакоем на душы сустракаць святы і жыць з верай у лепшае.
Алёна САЦУТА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля