Беларусь

Кветкавае хараство ствараюць сваімі рукамі івацэвіцкія школьнікі


Вы бачылі калі-небудзь, як нараджаюцца прыгожыя штучныя кветкі? Я таксама не бачыў. Таму з задавальненнем прыняў прапанову пабываць на занятках гуртка “Пялёстак да пялёстка” ў Цэнтры дзіцячай творчасці г. Івацэвічы. Скептыкі скажуць, што час цяпер не той – кветак хапае ў магазінах, на кірмашы. Але гурткоўцы, з якімі займаецца педагог дадатковай адукацыі Алена Пліскевіч, лічаць, што сувеніры з кветак, якія зроблены сваімі рукамі, прынясуць шмат радасці  і дзецям, і дарослым.
Перад кабінетам, дзе прахо-дзяць заняткі гуртка, стаяць вялікія кампазіцыі “Сланечнікавы цуд”, “Першы гладыёлус”, “Зачараванне”. А сам пакой здаецца казачнай кветкавай  краінай. Кветкі – неабсяжная крыніца натхнення для гурткоўцаў. На ганаровым месцы – любімыя кветкі педагога, ружы. За сталамі – дзеці рознага ўзросту. Пад рукой у кожнага вучня – неабходныя прылады: папкі з накрухмаленымі абрэзкамі тканіны, нажніцы, пэндзлікі, клей, дроцікі, рознакаляровая папера, лякала і самае галоўнае – металічныя награвальныя прылады.
Пачаткоўцы робяць маленькія кветачкі, старэйшыя выконваюць работу на абласную выставу.  Цікаўлюся, якую прыдумалі назву. Адказ: “Пад вясёлкавым небам жыве Беларусь”. Тэхніка выканання – мадэляванне і канструяванне тканіны, апрацаванай жэлацінам.
Пакуль гурткоўцы заняты творчым працэсам, педагог не толькі дапамагае ім, але і расказвае пра кожную кветачку, гаворыць аб яе значэнні ў жыцці чалавека, загадвае загадкі,  чытае вершы. З цікавасцю слухаю гэта і думаю, якая творчая і самаадданая праца кіраўніка гуртка “Пялёстак да пялёстка” стаіць за гэтымі прыгожымі кветкавымі кампазіцыямі! Па ўсім відаць, што Алена Віктараўна – майстар сваёй справы. Яна гатова не толькі вучыць, але і вучыцца. Рэцэпт творчасці – ніколі не спыняцца на дасягнутым. Таму на занятках заўсёды пануе атмасфера творчасці і пошуку. Раскрываць таленты і вучыць дзяцей любіць прыгожае – вельмі высакародная справа.

Кветкі суправаджаюць чалавека ад моманту нараджэння і да смерці. Лічыцца, што іх магія здольная рабіць цуды. У гэта верыць Алена Віктараўна і яе выхаванцы. Вось і атрымліваюцца кветкі, якія дораць любоў, добры настрой, усмешкі і радасць. Нават у зімовую сцюжу душу сагрэе маленькая часцінка лета – кветкавая кампазіцыя, якую стварылі івацэвіцкія дзеці.
Улад КАПУЗА,
гурток “Шлях у журналістыку”
Цэнтра дзіцячай творчасці,
г. Івацэвічы.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля