Беларусь

Навагоднія і калядныя тэмы натхнілі юных брастаўчан на творчасць


Традыцыя вырабу калядных упрыгажэнняў сваімі рукамі захавалася. Гарадскі фестываль дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Святло Каляднай Зоркі”, які штогод ладзяць у Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі горада Брэста, пацвярджае гэта. Творчая імпрэза садзейнічае развіццю мастацкай творчасці навучэнцаў і стымулюе даследаванне народных традыцый свайго рэгіёна.

І зноў выстава ў рамках фестывалю атрымалася захапляльнай і займальнай. На ёй можна было адчуць усю паўнату свята і акунуцца ў яго казачную атмасферу. Гэта экспазіцыя, як нітачка, злучыла старадаўняе і будучае. Дзеці і падлеткі паказалі лепшыя свае работы ў розных жанрах: вышыўка, лепка з салёнага цеста, аплікацыя, выцінанка. Упершыню да каляднага конкурсу далучылася ткацтва, іншыя віды выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Усе работы атрымаліся яркімі і маляўнічымі. Кожная з іх адрознівалася незвычайнасцю кампазіцыі, індывідуальнасцю аўтара, яго цярпеннем, уседлівасцю. Частку работ можна ўбачыць у абласным краязнаўчым музеі на выставе “Жыве ў музеі ялінка” – вынік рэалізацыі новага выхаваўчага праекта гарадскога Цэнтра дадатковай адукацыі і музея.
Фестываль “Святло Каляднай Зоркі” праходзіў у межах рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. 193 юныя аўтары рознага ўзросту – навучэнцы з 46 устаноў адукацыі абласнога цэнтра – прынялі ў ім актыўны ўдзел. У конкурсе майстроў народных рамёстваў пераможцамі сталі Ала Чоўган і Алена Дрозд з гімна-зіі №1 (намінацыя “Рэканструкцыя прадметаў народнага быту”), Кацярына Мельнічэнка і Кацярына Тапор с САШ №3 (намінацыя “Рэканструкцыя народнага касцюма”). У конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці журы адзначыла 24 лепшыя работы ў намінацыях “Навагодні цуд”, “Чароўная ёлка”, “Зіма-зімачка” і “Нараджэнне Хрыстова” ў дзвюх узроставых катэгорыях (6-10 год і 11-16 год). Тут сярод пераможцаў – вучні сярэдніх школ №№10, 12, 17, 30, 32, 37, 3-й і 5-й гімназій.
Узнагароды, вядома, прыемна было атрымаць. Але ж колькі задавальнення прынесла творчасць, на якую школьнікаў натхнілі цудоўныя зімовыя святы – Новы год і Каляды!
Вольга ЛЕАНАВЕЦ,
Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі,
г. Брэст.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля