Беларусь

Аддзяленне паштовай сувязі “Брэст-8” адкрылася ў мікрараёне Валынка


Яго дакладны адрас: вуліца Ковельская, 44. Прыемная навіна сабрала на ўрачыстасці з гэтай нагоды ўсіх неабыякавых і зацікаўленых людзей. Раздзяліць радасць паштавікоў на чале з дырэктарам абласнога філіяла прадпрыемства Валянцінай Пух прыйшлі не толькі мясцовыя жыхары, але і Аляксандр Рагачук, кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна, на тэрыторыі якога размясціўся новенькі, аформлены ў фірменных бела-блакітных колерах будынак. Словам, гасцей сабралася столькі, што яблыку не было куды ўпасці.
– Гэта наш агульны дом, – звярнулася да прысутных Валянціна Пух, – таму мы ад душы жадаем, каб ён быў прыгожым і ўтульным. Абяцаем зрабіць усё магчымае, каб кліенты адчувалі сябе тут, як у гасцях у добрых гаспадароў.
Ці варта казаць, што для гэтага “навічок” выдатна абсталяваны: нала-джаны неабходныя тэхналагічныя працэсы для зручнай працы і камфорту спажыўцоў, ёсць пакой адпачынку для паштальёнаў, не гаворачы ўжо пра ўсе віды паштовых паслуг, якія будуць рэалізоўвацца на Ковельскай. Ну, а ўзначаліла новае аддзяленне Святлана Калаўр.
– Створаны ўмовы для таго, каб людзі прыходзілі сюды з цудоўным настроем, – падтрымаў тэму Аляксандр Рагачук, – радаваліся пенсіям і адпраўлялі паштоўкі толькі з добрымі пажаданнямі. Да таго ж, вельмі важна, што аддзяленне з’явілася менавіта тут – каб жыхарам не прыходзілася далёка ездзіць. Вядома ж, у аддаленых ад цэнтра мікрараёнах падобнага сэрвісу не так і шмат.
Адгучалі прывітальныя словы, і гаспадары свята ў асобе Валянціны Мікалаеўны ды Аляксандра Сцяпанавіча перарэзалі чырвоную стужку. Здаецца, афіцыйная частка мерапрыемства падышла да свайго лагічнага завяршэння, але якое ж свята без Дзеда Мароза? Яго прыход і стаў фінальным акордам цырымоніі.
Барадаты чараўнік асабіста павіншаваў першага кліента Ганну Каленнік, якая застала яшчэ стары будынак аддзялення “Белпошты” на Валынцы. Дарэчы, па іроніі лёсу ўвядзенне ў эксплуатацыю велічнага бела-блакітнага “навічка” фактычна супала з маленькім, але важкім юбілеем у жыцці самой Ганны Ісаеўны. Вось ужо 10 гадоў яна карыстаецца паслугамі паштовай сувязі ў гэтым мікрараёне: сябруе з поштай з таго часу, як сюды перавялі пенсію. Ды не толькі дзяржаўныя выплаты адзін раз у месяц прымушаюць жанчыну звяртацца за дапамогай да руплівых паштавікоў. Юбілярка ахвотна набывае тут перыядычныя выданні, аплачвае камунальныя паслугі, адпраўляе лісты і пасылкі. І самае галоўнае – за працяглы час узаемнага ва ўсіх адносінах сяброўства ў Ганны Каленнік не знайшлося ніводнага наракання на адданых справе спецыялістаў –
затое на кампліменты жанчына не паскупілася. Няхай так будзе і далей!
Тамара ВАСІЛЬКОВА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля