Адкрыўся XXIV Міжнародны фестываль класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары”
Учора, 9 студзеня, адкрыўся XXIV Міжнародны фестываль класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары”
У 24-ы раз Брэст стаў сапраўдным цэнтрам класічнай музыкі: больш за 500 музыкантаў з 12 краін свету наведаюць горад. Артысты з Беларусі, Германіі, Грузіі, Кітая, Літвы, Малдовы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Украіны, Швейцарыі і Японіі прадэманструюць публіцы свае нумары з 9 па 12 студзеня.
Сёлета межы правядзення фестывалю істотна пашырыліся. Ён будзе складацца з 13-ці напоўненых музыкай вечароў. Чатыры з іх пройдуць у вялікай зале Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, там жа адбудуцца і два дзённыя канцэрты, яшчэ адзін – у Мастацкім музеі Брэсцкай крэпасці. Арганныя імпрэзы арганізатары запланавалі перамясціць у касцёл Узвіжання Святога Крыжа. Упершыню ў праграме фэсту значыцца выязны канцэрт, які пройдзе ў Пружанскім Доме культуры.
На прэс-канферэнцыі Лілія Батырава, мастацкі кіраўнік “Студзеньскіх музычных вечароў”, запэўніла: і ў гэты раз ёсць чым здзівіць нават самых капрызных меламанаў. Сярод навінак сезона – імёны і сусветна вядомых артыстаў, і таленавітых навічкоў.
Нягледзячы на тое, што брэсцкі фестываль існуе ўжо звыш двух дзясяткаў гадоў, упершыню на ім гасцюе народны артыст СССР, саліст Вялікага тэатра Расіі Зураб Саткілава. Яго прыезд стаў, сапраўды, вялікай падзеяй для тых, хто ўсімі фібрамі душы любіць музыку, разумее і адчувае яе. Учора Зураб Саткілава разам з магілёўскім аркестрам народных інструментаў імя Л. Іванова пад кіраўніцтвам Мікалая Алданава выканаў рускія рамансы і народныя песні.
Пазнаёміцца брэсцкая публіка і са сталічным ансамблем флейтыстаў “Сірынкс” (мастацкі кіраўнік Ніна Аўраменка), у складзе якога 9 музыкантаў. Напярэдадні адкрыцця дэбютант фестывалю – галандскі хор “Кантатрыкс” прызентаваў прыхільнікам класікі твор “Меса”, прысвечаны абаронцам Брэсцкай крэпасці. У афішы таксама – выступленне ансамбля “АРТ – Беларусы” на чале з салістам, кампазітарам і мастацкім кіраўніком Валерыем Шматам, варыяцыі 9-гадовага малдаўскага скрыпача Вовы Аксёнава, праграма пераможцы міжнародных конкурсаў Ігара Завадскага і іншае.
Апошні, дарэчы, іграе на кнопкавым акардэоне. Акрамя таго, што ўзгаданы інструмент упершыню будзе гучаць на фестывалі, выклікае цікаваць і сама асоба музыканта. Ігар Завадскі лічыцца адзіным уладальнікам трох “Залатых лір” – галоўных прызоў міжнародных конкурсаў акардэаністаў, а яшчэ – ён першы ўкраінскі музыкант, які трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса.
Зноў Брэст наведаў скрыпач Захар Брон, які летась літаральна заваражыў гараджан феерычным выступленнем і не менш кранальным майстар-класам. Сёлета ён прыехаў у кампаніі таленавітай вучаніцы – 11-гадовай японкі Монэ Хатары, уладальніцы I прэміі XI Міжнароднага конкурсу юных скрыпачоў імя Г. Веняўскага. 10 студзеня ў вялікай зале тэатра разам з ёю, сынам Даніілам (віяланчэль) і аркестрам Захар Нухімавіч выканае патройны канцэрт Бетховена.
Словам, аматары музыкі будуць задаволены.
Зоя ШЭФЕР, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.