“Прамая лінія” “НТ”: беражыце сябе!
Усім нам хочацца жыць спакойна, але аварыйныя сітуацыі здараюцца пастаянна і ставяць пад пагрозу бяспеку людзей. У большасці выпадкаў непрыемнасцей можна пазбегнуць, калі захоўваць пэўныя правілы, быць абачлівым і асцярожным. І прыслухацца да парад спецыяліста. Хто пажадаў высветліць хвалюючыя пытанні – змог зрабіць гэта напярэдадні Дня выратавальніка падчас “прамой лініі” “НТ” з начальнікам абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Канстанцінам ШАРШУНОВІЧАМ.
Марыя ЛЮДЫШАВА, Івацэвіцкі раён:
– Якія перспектывы будаўніцтва пажарнай часці ў горадзе Косава? Цяпер пажарны аварыйна-выратавальны пост знаходзіцца ў прыстасаваным гаражы…
– Мы ведаем аб гэтай праблеме. З улікам перспектыў развіцця Косава яе трэба вырашаць. Даўно шукалі прымальны варыянт і знайшлі. У цэнтры горада ёсць аварыйны будынак, які ў свой час узводзілі як фізкультурна-аздараўленчы цэнтр. Будынак трэба зносіць. Дасягнута дамоўленасць, што гэта зробіць наша служба, а за атрыманыя за работу грошы мы на згаданым месцы пабудуем новае пажарнае дэпо. Прыдатныя канструкцыі выкарыстаем пры будаўніцтве. Аб’ект унесены ў спіс будоўляў гэтага года, і работы на ім будуць пачаты сёлета.
Міхаіл Эдуардавіч, Брэсцкі раён:
– Чым кіруецца інспектар пажарнага нагляду, вызначаючы памер штрафу за парушэнне і тэрміны яго ўхілення?
– Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, а дакладней – артыкулам 23.56 “Парушэнні заканадаўства аб пажарнай бяспецы”. Калі ўстаноўлены парушэнні правіл пажарнай бяспекі, інспектар абавязаны прымяніць гэты артыкул – папярэджанне ці штраф да 30 базавых велічынь. Ёсць парушэнне – меры павінны прымаць неадкладна. Інспектар улічвае розныя абставіны, у тым ліку грубае парушэнне ці не. У ходзе праверкі выпісваецца прадпісанне дзяржаўнага пажарнага нагляду, там усё і ўказваецца. А перыядычнасць праверак вызначае Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №510. Так, на выбуховапажаранебяспечных аб’ектах праверкі праводзяцца не часцей аднаго разу ў год, на аб’ектах з масавым знаходжаннем людзей – раз у 3 гады і г. д.
Юрый Яўгенавіч, г. Брэст:
– У нас у цэнтры горада часта гараць пустуючыя дамы. Ці не падпалы часам?
– Я б сказаў, не часта, а з зайздросным пастаянствам. Вось і 10 студзеня на праспекце Машэрава быў пажар. Прычына такіх здарэнняў не ў наўмысных падпалах, а, у асноўным, у неасцярожным абыходжанні з агнём, як правіла, асоб без пастаяннага месца жыхарства. Будынкі не эксплуатуюцца, за імі ніхто не сочыць, вось і ўзнікаюць небяспечныя сітуацыі. Наша служба праводзіць праверкі і пустуючых будынкаў, калі яны знаходзяцца на чыім-небудзь балансе. Будзем узмацняць адказнасць з уладальнікаў такіх пабудоў: ці няхай своечасова зносяць, ці забяспечваюць належную ахову.
Вольга ЦІМАШУК, г. Пінск:
– Міністэрства па надзвычайных сітуацыях ужо некалькі год актыўна вядзе ўстаноўку аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. У многіх дамах, кватэрах яны ўжо ёсць, але чаму тады не папярэджваюць пажары? Ці лічыце Вы апавяшчальнікі эфектыўнай мерай абароны насельніцтва?
– Устаноўкай аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў наша служба займаецца з 2003 года. За гэты час, дзякуючы таму, што быў сігнал апавяшчальніка, выратаваны 103 чалавекі, у тым ліку 40 дзяцей, летась адпаведна – 12 і 2. У жылым фондзе вобласці гэтых прыбораў устаноўлена 452 тысячы штук. Але, Вольга, апавяшчальнік не папярэджвае пажар, а толькі выяўляе яго. Папярэджвае ўзгаранне сам домаўладальнік, члены яго сям’і шляхам захавання проціпажарнай бяспекі, правільнай эксплуатацыі электрапрыбораў, адказнымі паводзінамі. Наша служба праводзіць праверкі, і апошнім часам ёсць падставы для трывогі: апавяшчальнікі стаяць, але далёка не ўсе з іх рабочыя. Закончыўся тэрмін у батарэек ці элемента “Крона”, на якіх працуе апавяшчальнік, а чалавеку ці то лянота, ці то безадказнасць перашкаджае своечасова іх замяніць. Тэрмін дзеяння элементаў сілкавання – ад 6 месяцаў да 1,5 года. Аб гэтым нельга забываць.
Ганна Іванаўна, Вольга Рыгораўна, Наталля ІВАНОВА, г. Брэст:
– Жыву ў інтэрнаце (у двух патэлефанаваўшых у інтэрнатах жывуць дзеці, але сітуацыя падобная – С.Т.) Спачатку ён належыў аднаму прадпрыемству, а потым перайшоў гораду і нас абслугоўвае ЖЭС. Раней была сістэма пажарнага апавяшчэння і яе правяралі пажарныя. А цяпер пайшлі размовы, што жыхарам за свае грошы трэба будзе ставіць апавяшчальнікі. Ці можа ЖЭС гэта запатрабаваць? Чалавек у інтэрнаце не з’яўляецца ўладальнікам жылля, ён толькі яго наймальнік. Той, каму належыць інтэрнат, павінен патурбавацца аб стварэнні бяспечных умоў пражывання, а жыльцы абавязаны гэтыя ўмовы захоўваць у парадку. Ці не так?
– Па дзеючым заканадаўстве за пытанні забеспячэння пажарнай бяспекі канкрэтнага аб’екта адказвае кіраўнік прадпрыемства ці арганізацыі, на балансе якой знаходзіцца аб’ект, у дадзеным выпадку – інтэрнат. Гэта яго задача – выканаць усе мерапрыемствы па забеспячэнні бяспекі, у тым ліку і ўстаноўцы пажарнай сігналізацыі. Патрабаванні, каб самі жыльцы ўстанаўлівалі апавяшчальнікі ці рамантавалі сігналізацыю, няправільныя. Пражываючыя не павінны аплачваць гэтыя работы.
З другога боку, калі хто пажадае сам для дадатковай бяспекі паставіць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, ён можа яго купіць, устанавіць і эксплуатаваць. Падкрэслю добраахвотнасць такога кроку, а не падмену ім той работы, за якую адказвае кіраўнік прадпрыемства, арганізацыі, якія валодаюць інтэрнатам. Дарэчы, у інтэрнатах, як правіла, ставяцца не апавяшчальнікі, а спецыяльная пажарная сігналізацыя. Яна цяпер усё часцей уключаецца ў сістэму “Маланка” (на спецыяльны камутатар у вобласці заведзена ўжо 1600 аб’ектаў), і, калі што здараецца, сігнал ідзе туды, а нам адразу ж інфармацыя – ці няспраўнасць якая, ці падманная трывога, ці, сапраўды, пажар.
Антон ЦІМАФЕЕЎ, г. Баранавічы:
– Старыя бацькі пражываюць у іншым раёне ў сельскай мясцовасці. Куды трэба звярнуцца, каб паставіць пажарны апавяшчальнік, – у службу МНС ці сацыяльную? І ці ёсць якія льготы для такой катэгорыі грамадзян пры ўстаноўцы апавяшчальніка?
– Было б правільна, каб Вы сам купілі аўтаномны пажарны апавяшчальнік і паставілі яго бацькам. Асаблівых інжынерных навыкаў тут не патрабуецца. Кіруючыся інструкцыяй, Вы гэта лёгка зробіце самастойна. Калі ж для Вас праблематычна даехаць да бацькоў ці яшчэ якая прычына, звярніцеся ў сельсавет па месцы іх жыхарства – там дапамогуць. Што тычыцца льгот, дык па рашэнні сельвыканкама для малазабяспечаных грамадзян, якія не могуць самі набыць апавяшчальнік, яго паставяць за дзяржаўныя сродкі.
Марына ФЁДАРАВА, г. Брэст:
– Бацькі пакінулі ў спадчыну сядзібу ў вёсцы. Хату мы прадалі – яе разабралі і звезлі з участка. Але застаўся хлеў, які даўно трухлее, нам ён не патрэбны. Ці можа падраздзяленне МНС будынак разабраць і як аформіць такі заказ?
– Наша служба выконвае платныя паслугі па разборы будынкаў і збудаванняў. Калі чалавек малазабяспечаны, дык мы можам гэтую работу па яго заяве выканаць бясплатна. Выратавальнікі разбяруць хлеў, але вываз дошак і іншых элементаў канструкцыі – гэта ўжо клопат заказчыка. А зрабіць заказ можна ў гарадскім (раённым) аддзеле па надзвычайных сітуацыях, нават патэлефанаваўшы на 101.
Зоя Рыгораўна, г. Брэст:
– Ці можа служба выратавання адмовіць у выратаванні коціка, якога трэба дастаць з дрэва?
– Можа. Ні адзін коцік, які залез на дрэва, не загінуў. Раней мы такія платныя паслугі аказвалі, але потым адмовіліся: каты ў рукі не даюцца, пералазяць з галіны на галіну. Пагадзіцеся, бываюць здарэнні, на якіх без выратавальнікаў ніяк не абысціся, але гэта не выпадак з коцікам на дрэве.
Анатоль КРЭЙДЗІЧ, рэдактар Іванаўскай раённай газеты “Чырвоная звязда”:
– Хачу выказаць падзяку службе па надзвычайных сітуацыях за адкрытасць і актыўнае супрацоўніцтва з прэсай. Вельмі важна аператыўна і дакладна праінфармаваць людзей пра здарэнні, каб не было домыслаў. З раённай газетай вельмі плённа працуе прадстаўнік Іванаўскага РАНС Вікторыя Бялкова. Мне здаецца, яна заслугоўвае заахвочвання па службе.
– Дзякуй на добрым слове. Для нас важна супрацоўніцтва са СМІ, бо людзей трэба інфармаваць, вучыць правілам пажарнай бяспекі, і тут прэса дапамагае. А Ваша пажаданне аб заахвочванні бяром пад увагу.
Дзяніс ПЫТЛЯКОЎ,
г. Брэст:
– Зразумела, што пажары – гэта, можна сказаць, асноўныя надзвычайныя сітуацыі, з якімі маюць справу нашы выратавальнікі. А па якіх выкліках яшчэ часта даводзіцца працаваць?
– Нашы спецыялісты шмат выязджаюць на дарожна-транспартныя здарэнні. У год бывае больш за 200 выпадкаў, калі пры ДТЗ блакіруюцца вадзіцелі, пасажыры транспартных сродкаў. Пакуль не вызваліш іх з металічнага палону –
выратаваць не зможаш. Узаемадзеянне з Дзяржаўтаінспекцыяй у нас наладжана, таму дапамога прыходзіць аператыўна.
Алена ШЧАСЮК, г. Брэст:
– Вы ратуеце людзей, і таварыства выратавання на вадзе таксама. Ці не ўвойдзе гэтая арганізацыя ў адзіную выратавальную службу?
– У нашай вобласці таварыства выратавання на вадзе – вельмі моцная арганізацыя: падрыхтаваныя спецыялісты, тэхнічна добра ўзброеныя. У нас з таварыствам выдатнае супрацоўніцтва. Дапамагаем ім у небяспечных сітуацыях, бо ў нас у кожным падраздзяленні ёсць вадалазна-выратавальная служба. Думаю, улівацца ў нашы шэрагі таварыству выратавання на вадзе неабавязкова. Тым больш, што яны выконваюць шэраг спецыфічных функцый: вядуць асветніцкую работу, вучаць аказваць першую дапамогу пацярпелым на вадзе, дзяжураць на адведзеных для купання месцах. Людзі ведаюць сваю работу, дык няхай сабе працуюць.
Зоя РАСТОВА, Івацэвіцкі раён:
– Як дэпутат Косаўскага гарсавета хачу падзякаваць усім нашым выратавальнікам за тое, што яны дапамагаюць людзям. Захапляюся іх мужнасцю, бо ім часта даводзіцца рызыкаваць жыццём. Ведаеце, у нас у раёне выдатна працуе аддзел па надзвычайных сітуацыях. Прафесійна выконваюць сваю работу людзі, граматна працуюць з насельніцтвам. Асабліва хачу вылучыць начальніка Івацэвіцкага РАНС Васіля Іванавіча Бацкалевіча. З дэпутацкімі клопатамі даводзілася да яго звяртацца. Чалавек – на сваім месцы. І працуе выдатна!
– Прыемна чуць добрыя словы аб калегах, тым больш напярэдадні прафесійнага свята – Дня выратавальніка. Дзякуй!
Карыстаючыся момантам, маю пажаданне для ўсіх жыхароў Берасцейшчыны: беражыце сябе!
На “прамой лініі” дзяжурыла
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”.
Фота Аляксея ГАНЧУКА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.