Знайшоў шкілет. Але не ў шафе…
Брэст
Дыскваліфікавана на два гады
Выканкам Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі дыскваліфікаваў на два гады брэсцкую спартсменку Кацярыну Арцюх, якая выйграла залаты медаль у бегу на 400 м з бар’ерамі на юніёрскім чэмпіянаце свету ў канадскім Манктоне ў ліпені 2010 года. Допінг-тэст чэмпіёнкі пасля фінальнага забегу даў станоўчы вынік (у ім знойдзены забаронены анабалічны стэроід метэналон). Вынік чэмпіёнкі ануляваны, яна пазбаўлена залатога медаля, які будзе перададзены расіянцы Веры Рудаковай.
Брэсцкі раён
Карысна, цікава, запамінальна
У аўторак аддзел па справах моладзі райвыканкама правёў выязны міжрэгіянальны семінар актыву моладзі Прыбужжа. Яго ўдзельнікі сустрэліся са старшынёй райвыканкама Уладзімірам Мацукай, а пасля адправіліся ў Кобрынскі раён. Тут яны наведалі аквапарк і парк імя А.В. Суворава, пабывалі на фабрыцы па вытворчасці дзіцячых цацак і на страусінай ферме.
Баранавічы
Місіс бабуля
Конкурс “Мая бабуля – лепшая ў свеце” прайшоў у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Мерапрыемства адбылося па ініцыятыве мясцовай арганізацыі “БелТІЗ”. Пяць прэтэндэнтак на ганаровае званне змагаліся за перамогу разам з унукамі ў творчым спаборніцтве. Першае месца заняла Лілія Жыдаль.
Баранавіцкі раён
Знайшоў шкілет. Але не ў шафе…
На незвычайную знаходку натрапіў мясцовы жыхар каля вёскі Міцкевічы. Мужчына збіраўся заліваць фундамент дома і адправіўся збіраць камяні для гэтага. Аднак знайшоў ён не будаўнічыя матэрыялы, а чалавечыя астанкі. Эксперты пры папярэднім праглядзе ўстанавілі, што шкілет праляжаў ў зямлі не менш за сто гадоў.
Бяроза
Высокая культура земляробства
Раён прызнаны пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў”. Высока ацэнена работа па навядзенні парадку на зямлі і паляпшэнні ўмоў працы людзей на сельскагаспадарчай вытворчасці.
Ганцавічы
Песня для міністра
У чацвер міністр культуры Беларусі Павел Латушка ўпершыню пабываў на Ганцаўшчыне. Ён сустрэўся з жыхарамі вёскі Малькавічы, расказаў пра Усебеларускі народны сход, работу Міністэрства і адказаў на шматлікія пытанні вяскоўцаў. У суправаджэнні старшыні райвыканкама Уладзіміра Столяра і начальніка аддзела культуры Ірыны Марцінкевіч Павел Латушка наведаў установы культуры ў Малькавічах, Хатынічах і Ганцавічах. На яго пытанне, якія песні любяць спяваць у Хатынічах, мясцовыя культработнікі адказалі: “Свае, беларускія”. І зацягнулі “Ой, сяло Хатынічы”, напісаную на словы вяскоўкі Ніны Кавальчук і ўласную музыку.
Драгічын
Святу прысвячаецца
Учора па ініцыятыве аддзела па справах моладзі, райкама БРСМ і ДТСААФ у райцэнтры прайшоў конкурс майстэрства на лепшага маладога вадзіцеля, прысвечаны Дню аўтамабіліста і дарожніка. Удзельнічалі ў ім каля 20 вадзіцеляў ва ўзросце ад 18 да 31 года з гарадскіх і бліжэйшых арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў. Пераможца і прызёры адзначаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.
Жабінка
Цукар цукру розніца
У мэтах пашырэння асартыменту выпускаемай прадукцыі спецыялісты цукровага завода распрацоўваюць новыя тэхналогіі, паводле якіх цукар адрозніваецца ад звычайнага не толькі формай, але і якаснымі паказчыкамі. Маркетолагі прадпрыемства цяпер рыхтуюць да продажу буйнакрышталёвы прадукт і цукар з селенам і ёдам, першыя партыі якога ўжо звараны.
Іванава
Павышэнне ў званні
Прыемную вестку атрымалі ўдзельнікі калектыву народнай песні “Асалода” адкрытага акцыянернага таварыства “Белсолад” горада Іванава. Пастановай прэзідыума савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ансамблю за дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай мастацкай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, высокі мастацкі ўзровень і актыўную канцэртную дзейнасць прысвоена званне “Народны аматарскі калектыў”.
Івацэвічы
Баланс цаны і якасці
На спецыялізаванай выставе-кірмашы “Мэбля-2011”, якая прайшла ў Мінску, арганізатары двойчы адзначылі ААТ “Косаўскае МВА”. Прадпрыемства атрымала дыплом асацыяцыі мэблевых прадпрыемстваў Беларусі за актыўны ўдзел у выставе. А ў конкурсе “Лепшая мэбля” ў намінацыі “Баланс цаны і якасці” ўзнагароду заваяваў набор мэблі для спальні “Святлана-3”.
Камянец
Зачаравалі “Непаседы”
Зусім нядаўна ўзорны калектыў эстраднага танца “Непаседы” Раснянскага СДК прымаў удзел у III Маскоўскім фестывалі тэатраў “Казка прыходзіць да нас у госці”. На сцэне старэйшай школы мастацтваў імя Балакірава танцоры з Камянеччыны выканалі чатыры харэаграфічныя кампазіцыі. Ды так зачаравалі імі журы, што апошняе запрасіла “Непасед” на закрыццё фестывалю. Сёння знакаміты калектыў выступае на падмостках “Тэатра Месяца” Сяргея Праханава.
Кобрын
Юныя даследчыкі прыроды
Выдатна выступілі ў фінале рэспубліканскага конкурсу “Юннат-2010”, прысвечаным 80-годдзю юннатаўскага руху ў Беларусі, прадстаўнікі дзяржаўнай установы адукацыі “Кобрынскі раённы эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і юнацтва”. Гурток “Юныя садоўнікі” стаў пераможцам гэтага конкурсу ў намінацыі “Вывучаем, даследуем, эксперыментуем” і адзначаны дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі, а “Куток жывой прыроды” атрымаў дыплом ІІІ ступені.
Лунінец
Недарэчнае падзенне
У панядзелак у гасцініцы “Юбілейная” здарыўся няшчасны выпадак. Малады пінчанін, які быў камандзіраваны ў райцэнтр, упаў з чацвёртага паверха паміж лесвічнымі маршамі. Нягледзячы на тое, што “Хуткая” падаспела своечасова, уратаваць мужчыну не ўдалося. Вядома, што загінулы працаваў кранаўшчыком на будаўніцтве жылога дома.
Ляхавічы
Актуальна: якасць малака
У аўторак на базе гаспадарак раёна прайшоў абласны семінар-нарада па выніках работы жывёлагадоўлі за 9 месяцаў сёлетняга года з удзелам старшыні аблсельгасхарча Сцяпана Радкаўца і яго намесніка Сяргея Буткевіча. Наведаўшы СВК “Ляхавіцкі”, у якім 50 працэнтаў малака здаецца вышэйшым гатункам і экстра-класа, удзельнікі семінара з інтарэсам слухалі старшыню гаспадаркі Аляксандра Вітко і галоўнага заатэхніка Уладзіміра Ксёнжыка. А кіраўнік СВК “Ордэна “Знак Пашаны” “Кастрычнік” Васіль Чубаў падзяліўся вопытам арганізацыі паточна-цэхавай вытворчасці малака і аднаўлення статка.
Маларыта
“Сям’я – сям’і”
Дабрачынную акцыю пад такім дэвізам аб’явіў у рамках Міжнароднага дня барацьбы з беднасцю Маларыцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яе мэта – аказанне канкрэтнай дапамогі тым, хто мае патрэбу. Перадаць малазабяспечаным сем’ям рэчы, дзіцячыя цацкі і кнігі могуць усе жыхары горада і раёна праз тэрытарыяльны цэнтр або сельвыканкамы.
Пінск
Працуе горад
Сёння ў Пінску праходзіць гарадскі суботнік. Гараджане наводзяць парадак на вуліцах і ў скверах, прыбіраюць несанкцыянаваныя звалкі, упарадкоўваюць месцы адпачынку. Асаблівая ўвага надаецца добраўпарадкаванню гістарычных і памятных мясцін горада. Агульнымі намаганнямі ён абавязкова стане яшчэ больш прыгожым і камфортным для пражывання.
Пінскі раён
Натхніў Караткевіч
У раённым конкурсе сачыненняў “І не знікаць паэтам вечна”, прысвечаным 80-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, удзельнічалі вучні 5 – 11 класаў з 36-ці ўстаноў адукацыі Піншчыны. Найбольш глыбокія і змястоўныя сачыненні адзначаны ўзнагародамі, а васьмікласнік Алег Дубіна (Парахонская ДСАШ), вучань 11 класа Вадзім Лагодзіч (Кончыцкая ДСАШ) і пяцікласніца Святлана Філанюк (Ахоўская ДСАШ) атрымалі адпаведна дыпломы першай, другой і трэцяй ступені.
Пружаны
Сэрвіс Жураўлінага
У вёсцы Мокрае адкрылі магазін. Гэта першы аб’ект грамадскага цэнтра аграгарадка Жураўліны. Тут плануецца таксама пабудаваць кулінарыю і рэстаран з залай для VIP-персон. Будуць адкрыты паляўнічая зала, гасцініца з більярдным пакоем і залай адпачынку, лазня-саўна. Усё гэта – аб’екты прыдарожнага сэрвісу, якія з’явяцца таму, што побач з аграгарадком пройдзе аб’язная дарога вакол Белавежскай пушчы.
Столін
Веласіпед супраць… аўтамабіля
45-гадовы жыхар вёскі Туры непадалёк ад суседняга населенага пункта – вёскі Хорск – падбіў свайго аднавяскоўца, які рухаўся на веласіпедзе. Абодва ўдзельнікі ДТЗ знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Правапарушальнік затрыманы, а пацярпелы дастаўлены ў раённую бальніцу з чэрапна-мазгавой траўмай і шматлікімі пераломамі.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.