Беларусь

Хто шукае, той заўсёды знойдзе


МЕТАД ЛУНІНЕЦКІХ КААПЕРАТАРАЎ: БЫЦЬ ЗА КАНКУРЭНТАЎ НА КРОК НАПЕРАДЗЕ
Лунінецкае раённае спажывецкае таварыства “ходзіць” у перадавіках “Белкаапсаюза” даўно. Сярод кааператараў і ў вобласці, і ў рэспубліцы славіцца прыбытковай і стабільнай работай. А яшчэ – наватарскім падыходам да справы.
Быць за канкурэнтаў на крок напера-дзе – нават не правіла, а стратэгія, падмацаваная выверанай і прадуманай на перспектыву тактыкай. Пераможца шматлікіх спаборніцтваў, уладальнік прэстыжнейшых узнагарод галіны, райспажыўтаварыства нават і не думае спачываць на лаўрах славы. Энергічны калектыў мае вялікія амбіцыі і гатовы задавальняць іх самым правераным спосабам – стараннай працай.
Як убачыць перспектыву і дзе шукаць новыя ідэі? Да чаго абавязвае статус лепшага спажывецкага таварыства рэспублікі? Ці магчыма захаваць традыцыю, далучыўшы да яе інавацыю? Тлумачэнні карэспандэнту “НТ” даў старшыня праўлення Лунінецкага раённага спажывецкага таварыства Максім СУМАР, які 21 год працуе на гэтай адказанай і клапотнай пасадзе:
– Любое прадпрыемства найлепшым чынам характарызуюць яго справы. Наш тавараабарот за 9 месяцаў склаў 108,4 мільярда рублёў. Сярод 16 раённых падраздзяленняў спажыўкааперацыі ўдзельная вага лунінчан – 12,2 працэнта. Калі па сістэме аблспажыўсаюза абарот на аднаго чалавека атрымалі ў 1 мільён 227 тысяч рублёў, дык у нас – 1 мільён 487 тысяч. Калі калектыў (а гэта 1600-1700 чалавек) выконвае вытворчую праграму, дык  і ў матэрыяльным плане павінны рухацца наперад. Па вобласці ў сярэднім у кааперацыі за 9 месяцаў заработная плата склала 784 тысячы рублёў, у нас – 860 тысяч.
Вось гэтыя тры паказчыкі адлюстроўваюць тое, што мы знаходзімся ў пазіцыі лідзіруючага прадпрыемства ў сістэме спажывецкай кааперацыі Брэстчыны. Вядома ж, каб дасягнуць годных лічбаў, трэба ствараць адпаведную і матэрыяльна-тэхнічную базу, сучасныя ўмовы для працы.
Для нас гэты год быў, так мовіць, ураджайна-затратным, таму што на будаўніцтва, рэканструкцыю, бягучыя рамонты выкарысталі ўласных сродкаў і крэдытаў банкаў 5 мільярдаў 862 мільёны рублёў. Дзякуючы гэтаму з’явіліся сучасныя гандлёвыя аб’екты ў Бродніцы, Бастыні, Вульцы II. Не ў кожным райцэнтры ў кааператараў ёсць такога ўзроўню магазіны. Штомесяц – да 200 мільёнаў тавараабароту!
Па самых сучасных гандлёвых тэхналогіях зроблены ўніверсам “Заходні” ў райцэнтры. За некалькі месяцаў работы яго палюбілі гара-джане за шырокі асартымент, даступнасць тавараў, хуткае і ветлівае абслугоўванне. Распачалі будаўніцтва новага магазіна ў Мікашэвічах. Праводзім рэканструкцыю “Універмага”, рынка ў райцэнтры.
Сёлета павінны здаць яшчэ адзін аб’ект, але не гандлёвы. Нам перадалі будынак сельгасхіміі. Тут вядзём капітальную рэканструкцыю, пасля якой адкрываем станцыю дыягностыкі, станцыю тэхабслугоўвання аўтамабіляў з мыйкай, размяшчаем свой філіял “Аўтабаза”. Гэтым комплексам будзе карыстацца не толькі наша прадпрыемства – паслугі пачнём аказваць усяму раёну.
Так, новы кірунак дзейнасці, некаму можа падацца, што зусім не кааператарскі, але ж трымацца толькі за традыцыйнае – гандаль, грамадскае харчаванне, нарыхтоўкі сельгаспрадукцыі – і не пашыраць сферу дзейнасці ў сумежных галінах  нельга. Заўсёды трэба заставацца сучасным. Вось на нашай базе  за апошні час тры рэспубліканскія мерапрыемствы правялі: семінары тэхнічнай і будаўнічай служб спажыўкааперацыі, па развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы гандлю і 25-ы рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства прадаўцоў. Калі едуць за вопытам, значыць, у нас па-ранейшаму лідарская пазіцыя. Заўсёды памятаем, што выйсці наперад значна лягчэй, чым там утрымацца.
Мы – фінансава ўстойлівае прадпрыемства. Па прыбытку маем паказчык адзін з лепшых у рэспубліцы. Кастрычнік завяршылі з тавараабаротам у 14 мільярдаў 870 мільёнаў рублёў. Такога не маюць кааператары ні ў адным раёне Беларусі. Па тэмпах росту вытворчасці выйшлі на 118 працэнтаў. Так, мы трацім шмат на развіццё, але ж затраты акупляюцца.
Наша таварыства гадоў шэсць як не здае пазіцыі па нарыхтоўках. Сёлета закупілі 700 тон клубніц. Нарыхтавалі 2,5 тысячы тон яблык і працягваем далей нарыхтоўкі. На экспарт адгрузілі 1200 тон бульбы. Грошы людзям аддаём адразу. Толькі за асенні перыяд насельніцтву выплацілі 4 мільярды рублёў.
Важны кірунак работы – сфера грамадскага харчавання. Мы наша грамадскае харчаванне захавалі, захоўваем і будзем захоўваць. Гэта асобная галіна дзейнасці спажывецкай кааперацыі. У нас яна не з’яўляецца стратнай. Ніводнага пункта грамадскага харчавання не зачынілі, іх маем 41. А кадры якія! Майстры-повары, майстры-кандытары – такі высокі прафесіяналізм падтрымліваем і развіваем.
Ахвотна раскрыю нашу таямніцу. Працаваць трэба! У гэтым і сакрэт, і матывацыя, і сэнс усяго таго, чым мы займаемся. Я надзвычай удзячны калектыву. Людзі адзін аднаго падтрымліваюць, выхоўваюць. Адказваць за справу на любым участку гатовы і спецыялісты, і радавыя работнікі. Безумоўна, і вопыт дапамагае прымаць правільныя кіраўніцкія і вытворчыя рашэнні. Калі справу, якой займаешся, любіш, дык знойдзеш магчымасць выконваць работу так, каб атрымаць і адзнаку выдатную, і вынік годны. І тады людзі ацэняць станоўчыя перамены, сапраўдныя добрыя справы, якія скіраваны на паляпшэнне ўмоў жыцця, забеспячэнне ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Гэта важна для кожнага з нас асабіста, для калектыву, для рэгіёна ды краіны ў цэлым.
ВЯСКОВЫ СУПЕРМАРКЕТ
У вёсцы Бродніца жыве амаль 980 чалавек: ад немаўлят да пенсіянераў. Наколькі шырокі ўзроставы дыяпазон мясцовага насельніцтва, настолькі вялікі і асартымент тавараў, якія прапаноўвае пакупнікам магазін №95 раённага спажывецкага таварыства – амаль 8 тысяч найменняў.  Сёлета ён перажыў другое нараджэнне. Поўнасцю перапланавалі гандлёвую залу, паставілі сучаснае абсталяванне, перайшлі на работу з пакупнікамі па прынцыпе самаабслугоўвання.
Вяскоўцы задаволены – яны могуць купіць у сваім магазіне ўсё: посуд, бытавую тэхніку, мэблю, абутак, цацкі. Ад разнастайнасці харчовых тавараў і разгубіцца можна: рыба, пельмені, каўбасы на любы густ, садавіна і агародніна – як кансерваваная, так і свежая, паліцы з макаронамі і крупамі, салодкія прысмакі…
У магазіне можна зрабіць заказ на пэўны тавар, узяць яго ў крэдыт (неабходныя дакументы аформяць на месцы і на вельмі прывабных умовах). Па жаданні, буйныя пакупкі вяскоўцам дастаўляюць дадому бясплатна. Так што ў магазіны ў горад жыхары Бродніцы ездзяць цяпер рэдка. Навошта транспартныя выдаткі несці, калі на месцы, лічы, супермаркет!
Узровень вясковага гандлю старанна трымае калектыў магазіна на чале з Нінай Верас. Руплівыя прадаўцы ўсцешаны: працаваць у такіх выдатных умовах – адно задавальненне! Ды і вяскоўцы прызнаюцца, што хадзіць у абноўлены магазін сталі часцей, а купляць – больш.
ПРЫДАРОЖНЫ СЭРВІС
На гэтым перакрыжаванні ў вёсцы Дварэц заўсёды шматлюдна. Стаянка запоўнена транспартам. То клубніцы закупляюць, то яблыкі, то бульбу. Ажыўленая і траса Кобрын – Гомель, таму тут часта прыпыняюцца падарожныя людзі. Вось на такое геаграфічна ўдалае знаходжанне перакрыжавання і звярнула ўвагу Лунінецкае райспажыўтаварыства. Яшчэ 7 год таму менавіта гэтае бойкае месца кааператары абралі для развіцця прыдарожнага сэрвісу – і не прагадалі.
Кафэ “Спадарожнік” любяць як прыезджыя, так і мясцовыя людзі. Тут смачна накормяць, а ў дарогу можна купіць напіткі, свежую выпечку, бутэрброды, фрукты. Да паслуг кліентаў – тэлевізар, таксафон, невялікая, але ўтульная банкетная зала. Да таго ж, працуе кафэ кругласутачна. Пяці буфетчыцам і тром поварам сумаваць няма калі – кліенты ёсць пастаянна.
СА СВАІМ ХЛЕБАМ
Цэх хлебапячэння філіяла “Нарыхтоўчы вытворчы камбінат “Палессе” перасяліўся ў новае памяшканне два гады таму. Гэтыя плошчы асвоілі паспяхова. Цяпер тут за суткі выпякаюць каля чатырох тон хлебабулачных вырабаў. Адгружаюць тавар два разы на дзень. У асартыменце – амаль 20 найменняў булак і здобы, больш за 10 – хлеба.
– Усю прадукцыю рэалізуем у раёне праз гандлёвую сетку райспажыўтаварыства і свае прадпрыемствы грамадскага харчавання, – расказала майстар цэха Лілія Байда. – Працуюць тут 40 чалавек. Шмат вопытных хлебапёкаў. Прыходзіць і моладзь, якой падабаецца распрацоўваць новыя вырабы, асвойваць іх выпуск. Гэтая вытворчасць патрэбная людзям, бо попыт на хлеб будзе заўсёды, а значыць, праўленне таварыства не памылілася, калі вырашыла развіваць наш цэх.
КУЛІНАРНЫ АЛІМП
Пагалосак пра майстроў-повараў і кандытараў філіяла “Грамхарч” не тое, што да абласнога цэнтра ці беларускай сталіцы даўно дайшоў, але і ў замежныя краіны. Днямі ў Люксембург паехала адзін з лепшых лунінецкіх кандытараў Таццяна Качановіч. Міжнародная кулінарная вучоба – без лунінецкага майстра не абысціся!
Таццяна Фёдараўна 23 гады працуе ў сістэме грамадскага харчавання раённага спажывецкага таварыства. Родам яна з ганцавіцкіх Раздзялавіч. Вучылася кулінарыць у Баранавічах. Па размеркаванні прыехала ў Лунінец.
Званне “майстар” Таццяна Качановіч атрымала ў 2001 годзе. Сёлета стала бронзавым прызёрам рэспубліканскага конкурсу “Кулінарны алімп”. Яна – выдатны прафесіянал, цярплівасці і вытрымцы якога зайздросцяць многія. А Таццяна Фёдараўна толькі лагодна ўсміхаецца ды чаруе над тортамі, пірожнымі, дэсертамі. “Дарогу да свайго кулінарнага алімпа знайсці можа кожны, толькі ленавацца не трэба”, – лічыць майстар.
НАВАСЁЛ “ЗАХОДНІ”
Універсам “Заходні” справіў наваселле ў канцы жніўня. Месца для магазіна выбралі ўдалае: спальны раён, дзе актыўна вядзецца будаўніцтва, праз дарогу – мотадром, хутка з’явіцца лядовая арэна, а потым – і басейн. Месца люднае, таму кааператары справядліва разлічваюць на паспяховую работу.
На гандлёвай плошчы ў 350 квадратных метраў размешчаны тавары амаль  20 тысяч найменняў. Зручнае гандлёвае абсталяванне, сучасны разліковы комплекс таксама ствараюць пакупніку прыемны настрой. Дарэчы, магазін будавалі з улікам найноўшых патрабаванняў па энергазберажэнні, выкарыстоўвалі самыя сучасныя тэхналогіі.
Універсам-“навічок” паспяхова асвойваецца ў гандлёвай прасторы райцэнтра. Дарэчы, ён ужо выйшаў па тавараабароце на другую пазіцыю ў раёне.
Старонку падрыхтавалі карэспандэнты “НТ”
Святлана ТАБОЛІЧ і Юрый МАКАРЧУК (фота).

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля