Ляхавічок, яго ўнучак і малочнае каралеўства

Ляхавічок, яго ўнучак і малочнае каралеўства

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

У адным з магазінаў абласнога цэнтра бабулька працяглы час перабірала ў скрынцы расфасаваныя ў пакеты малочныя вырабы.
– Што вы гэтак настойліва шукаеце? – спытала пакупніцу прадавец, якая абслугоўвала залу.
– “Ляхавічка”, даражэнькая, – усміхнулася бабулька. – Падабаецца ён мне. Ды, відаць, разабралі ўжо.
– “Ляхавічок” доўга не затрымліваецца ў нас. Прывозяць мала. Ды і попытам карыстаецца…
Думкі выхапілі з памяці момант, як прыкладна двума гадамі раней хвалілі гэтую прадукцыю старшыня СВК “Крошын” Уладзімір Шчарбацэвіч і ягоная добразычлівая жонка.
У чым жа сакрэт папулярнасці прадукцыі Ляхавіцкага малочнага завода? У высокай якасці і ўзважанай цане натуральнага прадукта. Многія з 50-ці
найменняў выпускаемай прадукцыі ідуць на экспарт у краіны бліжняга і дальняга замежжа.
Гарантыяй высокай якасці з’яўляецца на прадпрыемстве пастаянны кантроль сыравіны да выхаду гатовай прадукцыі. Вытворчая лабараторыя аснашчана сучасным выпрабавальным абсталяваннем і сродкамі вымярэння, забяспечана кваліфікаванымі кадрамі. Пастаяннае ўдасканаленне метадаў кантролю і дазваляе выпускаць якасную канкурэнтаздольную прадукцыю. Наладжаны ён на ўсім ланцугу тэхналагічнага працэсу: ад прыёму сыравіны да ўмоў захавання і транспарціроўкі прадукцыі.
Аб гэтым расказаў галоўны інжынер прадпрыемства Аляксандр Клапаток у прыёмнай дырэктара перад сустрэчай з кіраўніком.
Вячаслаў Жукоўскі аказаўся чалавекам далікатным, нешматслоўным, але дбаючым аб людзях, аб канчатковых выніках працы. Усе дасягненні прадпрыемства пераадрасоўваў завадчанам і, у першую чаргу, радавым працаўнікам, каму ў ранейшыя часы даводзілася найцяжэй. Нават зараз, калі ўсё механізавана, камп’ютарызавана, нагрузка ў іх высокая. Зацікаўленасць у канчатковым выніку – таксама тое, што і забяспечвае добрае фінансавае становішча. А гэта, лічыць дырэктар, у сваю чаргу, рашае праблему кадраў – аснову асноў жыццядзейнасці і трываласці прадпрыемства.
– Сярэдні ўзрост работнікаў завода – 35 гадоў, – засведчыў Вячаслаў Уладзіміравіч. – Людзі ў нас адукаваныя. Прыязджаюць і з Магілёва, і з Пінска – адусюль. І нібы прырастаюць тут. Некаторыя перавучваюцца па ўласным жаданні. Атмасфера – творчая. Ранкам хочацца бегчы на работу, вечарам – дахаты. У гэтым мне бачыцца шчасце сучаснага чалавека, што і забяспечвае высокую ступень адказнасці, а ў канчатковым выніку – важкія вытворчыя паказчыкі, дасягненні.
На малочным заводзе навучыліся зарабляць грошы. Трацілі і трацяць іх перш за ўсё на паляпшэнне ўмоў жыцця і працы.
Шмат будавалі, пакуль была чарга на жыллё. Зараз, калі ўзнікае патрэба, маладажонам аплачваюць першы ўзнос льготнага жыллёвага крэдыту.
Наладжаны фірмавы гандаль: 10 працэнтаў таваразвароту ў Ляхавіцкім райспажыўсаюзе выпадае акурат на яго.
Шматлікія дыпломы пераможцаў, гран-пры за стабільную якасць на конкурсах за апошнія 8 гадоў даюць адказ на пытанне, чаму бабулька ў Брэсце сярод разнастайнай малочнай прадукцыі шукала менавіта “Ляхавічка”. Апошнім часам у гэтай гандлёвай маркі з’явіўся яшчэ адзін прадукт –
“Унучак-Ляхавічок” для дзяцей.
– Адкуль ідэі чэрпаеце? – запыталіся мы ў Вячаслава Уладзіміравіча.
– У людзей вучымся. За мяжу не езджу. Наша прадукцыя ідзе туды. Вось яны няхай і прыязджаюць за вопытам, – усміхнуўся. І на поўным сур’ёзе дадаў: – А на экскурсіі за мяжу трэба за ўласныя грошы ездзіць.
Пазіцыя дырэктара імпанавала нам. І не толькі ў гэтым. Дзяцінства і юнацтва беларуса Славы Жукоўскага прайшло ў Іркуцку.
– Расіяне ставяцца да нас, як да братоў. Ніхто ніколі не пасварыць нас. З задавальненнем адпраўляем у Расійскую Федэрацыю сваю прадукцыю. Карыстаецца звышпопытам, – узрушана гаварыў Вячаслаў Уладзіміравіч.
Чаму? Шукаць адказы на гэтыя пытанні мы накіраваліся ў цэхі прадпрыемства, ведаючы ўжо, што гадавы таваразварот толькі сеткі фірмавых магазінаў і кафэ складае больш за 6 мільярдаў рублёў.
Вусная расстаноўка акцэнтаў, якая папярэднічала экскурсіі на вытворчасць, дапамагла засяродзіць увагу на самым галоўным. Сакрэт, насамрэч, на паверхні, перакананы Вячаслаў Жукоўскі: для атрымання дадатковых прыбыткаў неабходна знізіць сабекошт, удасканаліць працэс комплекснай перапрацоўкі сыравіны, а таксама вырашыць некаторыя экалагічныя праблемы на прадпрыемстве. Чалавечы фактар тут лічаць прыярытэтным і толькі пасля дбаюць пра паказчыкі, якія найперш залежаць ад сумленнага выканання сваіх абавязкаў кожным работнікам.
Сапраўды, той фактычна хатняй утульнасці і камфортнасці, якія адчуваюцца на заводзе, можа пазайздросціць любое прадпрыемства. Літаральна з першага позірку заўважаеш – усё тут зроблена трывала і для людзей. Адміністрацыйны будынак радуе вока. Яго таксама напаткалі станоўчыя перамены ў плане інтэр’еру. Памяшканні рэканструююцца адно за другім. Зараз надышла чарга падрамантаваць бухгалтэрыю – кіраўніцтва плануе зрабіць тут усё згодна з апошнімі навінкамі сучаснасці.
На вытворчасці кожны цэх абсталяваны душам, невялічкай сталовай, дзе завадчане адпачываюць падчас абедзеннага перапынку. Захоўваць верхняе адзенне акуратным можна ў раздзявальні, а яшчэ ёсць пакой для сушкі абутку. Мёрзнуць таксама не даводзіцца. Нават калі за акном пахмурна і льецца дожджык – на заводзе суха, чыста ды цёпла. Тыя далёкія часы, калі жанчыны працавалі ў мокрых фартухах і закрывалі вушы ад шуму-гоману, даўно сталі гісторыяй і захаваліся хіба што ў памяці старажылаў малочнага завода. Зараз тут усё на вышэйшым узроўні.
Нармальная атмасфера  –
самы лепшы стымулятар добрага настрою – дазваляе пазбегнуць хвароб, якія з надыходам восені пачынаюць атакаваць расслаблены пасля летняга сонейка арганізм. Дый працаваць у такім асяроддзі значна прасцей і прыемней. Разуменне таго, што работа – гэта крыніца існавання, а не камера катаванняў, даўно стала для Вячаслава Жукоўскага аксіёмай, якая не патрабуе доказаў.
Мала хто можа пахваліцца ўласным участкам, дзе шыюць спецадзенне для персаналу. А на ляхавіцкім заводзе не забыліся і пра гэта. На кожнага працаўніка прыходзіцца тры касцюмы ў год. Залатыя рукі Таццяны Пятроўскай, якая гасцінна паказала нам свае “ўладанні”, не ведаюць стомы з ранку да вечара. Жанчына вымывае да бляску і адпрасоўвае ўніформу, таму бездакорны знешні выгляд завадчан – яе заслуга.
З 200 працаўнікоў Ляхавіцкага малочнага завода 40 маюць вышэйшую адукацыю, некаторыя завочна атрымліваюць веды ў ВНУ. Што і казаць, узровень прафесіяналізму расце з кожным годам. Паважаюць на прадрыемстве і бясцэнны вопыт, які ні купіць, ні пазычыць немагчыма. Затое можна напрацаваць – галоўнае, не цурацца справы, якая для многіх работнікаў стала сэнсам жыцця.
Складаны працэс на заводзе дзеліцца на некалькі кірункаў. Пасля прыёму адна частка малака ідзе на вытворчасць вяршкоў і масла, другая – на перапрацоўку, у выніку якой атрымліваюць казеін. Гэтаму багатаму на бялок прадукту на прадпрыемстве ўдзяляюць асаблівую ўвагу. У Беларусі вытворчасць казеіну развіваецца слаба, таму канкурэнцыі фактычна няма. І, нягледзячы на тое, што адпаведныя лініі ёсць амаль на кожным малочным заводзе, старое абсталяванне не дазваляе калегам з іншых рэгіёнаў дасягнуць тых вяршынь, якія заваявалі ляхавіччане. Амаль 100 працэнтаў казеінавай прадукцыі завод экспартуе ў Францыю, Амерыку, Германію – сабе пакідаюць толькі невялікую частку. Такая палітыка цалкам матываваная: нядрэнныя прыбыткі ад паставак казеіну за мяжу забяспечваюць прадпрыемству бестурботнае існаванне.
– Усё таму, што выпрацоўка ў нас высокая, а затраты, наадварот, нізкія, – расказвае Аляксандр Клапаток. – Двое працаўнікоў нашага завода за змену атрымліваюць 3 тоны казеіну, для іншых прадпрыемстваў – гэта сутачная норма. Да таго ж, сучаснае абсталяванне, аналагаў якому ў Беларусі пакуль няма, зводзіць затраты энергарэсурсаў да мінімуму.
Смакату ад ляхавіцкіх майстроў можна прыдбаць у адной з дзвюх фірмавых крам у райцэнтры. На малой радзіме завадчане трымаюць і кафэ. Сюды паступаюць смачныя дэсерты, плаўленыя сыркі, разнастайная малочная прадукцыя, якая славіцца выдатнай якасцю. Нават у гандлёвых кропках абласнога цэнтра сапраўдныя гурманы не праходзяць міма тавараў, зробленых на Ляхавіцкім малочным заводзе, – сярод брастаўчан яны таксама ў пашане.
– На брэсцкі рынак было цяжка прабіцца, – прызнаецца Вячаслаў Жукоўскі, – але зараз прадукцыю ахвотна купляюць, а гэта сведчыць аб яе запатрабаванасці.
Больш таго, здольныя ляхавіччане – адны з нямногіх на Брэстчыне, хто мае права маркіраваць свае вырабы знакам “Натуральны прадукт”. Таму нават сумненняў не ўзнікае ў высокай якасці прадукцыі, якая выпускаецца тут. На заводзе ўмеюць працаваць з аптымізмам, дасягаць і шчыра радавацца атрыманым вынікам. А прызнанне ды ўдзячнасць спажыўцоў пацвярджаюць гэты факт лепш за шматлікія ўзнагароды.
Уладзімір СІТУХА, “НТ”,
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”,
г. Ляхавічы.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Палац надзей

Следующая запись

Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Трагедыя на “Пінскдрэў” – агульная бяда і сур’ёзны ўрок на будучыню”