Выбіраем натуральнае
З нядаўняга часу на некаторых харчовых таварах сустракаю знак “Натуральны прадукт”. Хацелася б даведацца, што ён абазначае? Чым адрозніваюцца маркіраваныя ім прадукты?
Аксана ПАТАПЧУК, г. Пінск.
Кожны з нас з’яўляецца спажыўцом прадуктаў харчовай галіны. Зразумела, што гаспадыням хочацца мець у сваіх “кошыках” якасныя тавары. Дапамагчы зрабіць правільны і кампетэнтны выбар і закліканы знак “Натуральны прадукт”.
Наша краіна – не адзіная, дзе прымяняецца падобная маркіроўка. Напрыклад, экалагічныя і бяспечныя прадукты ў Еўрасаюзе адзначаюцца знакам “БИО”, пры гэтым іх цана прыкладна на 30 працэнтаў большая, чым тавараў без “зялёнага” значка. А ў Беларусі знак “Натуральны прадукт” і правілы маркіроўкі ім устаноўлены на дзяржаўным узроўні. З’явілася гэтая маркіроўка ў сярэдзіне 2008 года. Яна наносіцца на харчовую прадукцыю, якая выраблена з натуральнай харчовай сыравіны жывёльнага, расліннага, мінеральнага паходжання без прымянення метадаў геннай інжынерыі, без выкарыстання штучных харчовых дабавак.
Да натуральнай харчовай сыравіны расліннага пахо-джання адносяць тую, што вырошчваюць без прымянення стымулятараў росту, пестыцыдаў і метадаў геннай інжынерыі. Натуральную сыравіну жывёльнага паходжання атрымліваюць ад жывёл, якіх выгадавалі без выкарыстання антыбіётыкаў, стымулятараў адкорму, гарманальных прэпаратаў.
І яшчэ адна абавязковая ўмова – вытворца харчовага прадукта павінен мець сертыфікаваную сістэму менеджменту якасці і бяспекі харчовых тавараў.
Знак “Натуральны прадукт” не наносіцца на алкагольную прадукцыю, піва, слабаалкагольныя і энергетычныя напіткі. Права ж яго выкарыстання дае сертыфікат Дзяржстандарта Рэспублікі Беларусь. Прымяняецца знак толькі на працягу дзеяння згаданага дакумента – не больш за тры гады.
Працэдура пацвярджэння натуральнасці прадукта – доўгае і адказнае мерапрыемства. Вытворцы не толькі праходзяць выпрабаванне гатовай прадукцыі, але і пацвярджаюць адпаведнасць і бяспеку ўпаковачнага матэрыялу, сыравіны. Апошняя павінна быць выключна беларускага паходжання.
Першымі прадпрыемствамі, якія атрымалі права маркіроўкі знакам “Натуральны прадукт” у нашай краіне сталі ААТ “Савушкін прадукт”, гармалзаводы №1 і №3 г. Мінска, СТАА “Дарыда”. Зараз такое права мае 61 прадпрыемства, якія выпускаюць малочныя і мясныя прадукты, дзіцячае харчаванне, хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, пельмені мясныя, сокі, мінеральную ваду, рыбныя прадукты. Брэсцкую вобласць у спісе прадстаўляюць: адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Бярозаўскі мясакансервавы камбінат”, “Бярозаўскі сыраробны камбінат”, “Брэсцкі мясакамбінат”, “Брэсцкае марожанае”, “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод”, “Маларыцкі кансерва-ваагароднінасушыльны камбінат”, “Пінскі малочны камбінат”, “Савушкін прадукт”, “Ляхавіцкі малочны завод”, РУВП “Брэстхлебпрам”, ТААА “Першая шакаладная кампанія”, СП “Санта Брэмар” ТАА, СП “Фрост” ТАА.
Клас беларускіх натуральных прадуктаў пастаянна расце, іх пералік пашыраецца. Натуральнасць, экалагічная чысціня – асноўныя іх вартасці. Так што шукайце адпаведны знак на ўпакоўцы і выбірайце натуральнае!
Брэсцкі цэнтр стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.