Любві не бывае многа

Любві не бывае многа

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Крэда шматдзетнай мамы і таленавітага педагога вышэйшай катэгорыі Косаўскай школы мастацтваў Святланы Акавітай – любоў. На яе думку, любоў – гэта шрыфт, якім усё павінна быць напісана ў нашым жыцці. Дзеці, а іх пяцёра, усе таленавітыя ў музыцы, займаюцца спортам, жывапісам, кулінарыяй… І любяць усё рабіць разам. Для гісторыі сваёй сям’і знялі два відэафільмы.

КАВА Ў ПАСЦЕЛЬ
Са сваім будучым мужам Сяргеем Святлана пазнаёмілася, калі вучылася ў Валагодскім музычным вучылішчы. Беларускага хлопца лёс закінуў у паўночны расійскі край таксама ў гэтую навучальную ўстанову. Калі Святлана і Сяргей, абое – музыканты, надумалі стварыць сям’ю, было вырашана, што яна будзе абавязкова шчаслівая. І шматдзетная.
У складаныя 90-я пераехалі ў Беларусь, на радзіму мужа ў Івацэвічы. Музыканту па адукацыі, Сяргею давялося ўладкавацца на работу слесарам у Івацэвіцкую ЖКГ. Праз пэўны час сям’і прапанавалі службовую 3-пакаёвую кватэру ў Косава. У ёй нарадзілася пятае дзіця, і хутка (дзякуй дзяржаве!) шматдзетная сям’я атрымала ўжо 4-пакаёвую кватэру, у якой жывуць і зараз.
Муж і жонка нават праз гады захавалі свае колішнія пачуцці адзін да аднаго. Сяргей да гэтага часу любіць рабіць жонцы прыемнае: напрыклад, раніцай падаць каву ў пасцель. Яна таксама ведае, што падабаецца мужу, і заўсёды стараецца радаваць яго. Яны не саромеюцца гаварыць у прысутнасці дзяцей кампліменты, дзякаваць за ўвагу і клопат. Гэта звычайная рэч.
СЯМ’Я-АРКЕСТР
У сям’і Акавітых з пяці дзяцей трое – ужо студэнты. Усе яны вучацца на бюджэтнай аснове.
– Калі б мы не аддалі нашу Алёнку ў музычную школу, то ніколі не даведаліся, што ў яе абсалютны слых, –
расказвае Святлана. – У Дзімы, дарэчы, слых таксама абсалютны. Яны пішуць музыку, імправізуюць, робяць аранжыроўкі.
Старэйшая Алёна, якая спецыялізуецца на скрыпцы і фартэпіяна, сёлета закончыла Брэсцкі музычны каледж і збіраецца паступаць у кансерваторыю. У выхадныя, калі дзяўчына прыязджае дамоў, маме на кухню можна не заходзіць: там дачка – паўнацэнная гаспадыня.

Піяніст і гітарыст Міхаіл – студэнт БДУІРа. Ён – будучы праграміст. Завочна атрымлівае ступень бакалаўра багаслоўя ў тэалагічным інстытуце. Першакурснік Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта Дзмітрый – будучы настаўнік нямецкай мовы і перакладчык. Ён сур’ёзна займаецца музыкай, закончыў школу мастацтваў па класе фартэпіяна, іграе таксама на акустычнай гітары, ударнай устаноўцы і бас-гітары. Яшчэ Дзіма піша песні, займаецца інструментоўкай, аранжыроўкай.

Дзевяцікласніца Ангеліна закончыла школу мастацтваў па класе фартэпіяна і паралельна займаецца на скрыпцы.

Малодшы Сяргей, які пойдзе ў шосты клас, вучыцца іграць на фартэпіяна, ударнік інструментальнага ансамбля “Грэйс”. Хлопчык сур’ёзна займаецца жывапісам і графікай, марыць стаць архітэктарам. Ужо зараз ён стварае з розных відаў канструктараў чароўныя і эксклюзіўныя макеты цэлых гарадоў.
Усе хлопцы ў сям’і Акавітых спартыўныя. Займаюцца футболам, баскетболам, валейболам, плаваннем і маюць пэўныя дасягненні: лепшы варатар раёна, лепшы футбаліст.
А яшчэ ўся сям’я любіць разам
спяваць. Гэта, на думку мамы, збліжае, уносіць у адносіны атмасферу духоўнага адзінства. Дзеці прывозяць дыскі з класічнай музыкай, сучасных аўтараў, музыцыруюць самі…
ГАЛОЎНАЕ ЎКЛАДАННЕ КАПІТАЛУ
Дзеці – гэта будучы капітал кожнай сям’і. Калі ў іх укладваць увесь свой час, сілы, любоў і… грошы, аддача абавязкова будзе, лічаць у гэтай сям’і. Дзіця павінна атрымаць добрую адукацыю. Яно павінна быць адукавана музычна, разбірацца ў жывапісе, умець падтрымліваць гутарку, быць гасцінным.
– Мы ведалі, што Дзіма яшчэ ў школе марыў пра бас-гітару, – расказвае Святлана Вітальеўна. – Яна каштавала немалых грошай, але мы  паднапружыліся  і купілі музычны інструмент. І не пашкадавалі. Трэба было бачыць яго шчаслівыя вочы! Магчыма, гэтае ўкладанне паўплывала на тое, што музыцы ён прысвячае ўвесь вольны час. І зараз мы бачым, што ў яго ёсць будучае ў музыцы.
Малодшы Сярожа любіць маляваць. У яго шмат малюнкаў. Як зацікаўленая мама, я дазволю яму развесіць іх на сценах яго пакоя. Я павінна пайсці на гэта, калі гэта важна для майго дзіцяці. Ці калі ён будуе свае гарады. Я не буду сварыць за тое, што ўся падлога ў пакоі занята яго канструктарскімі збудаваннямі. Наадварот, пацікаўлюся, што гэта і для чаго.
НЕ ДЗІЦЯ ВІНАВАТА…
Дзеці – гэта радасць. У сям’і Акавітых прынята: калі дзеці нечага дасягаюць, наладжваць для іх свята. І бацькі ведаюць, што яны пасля гэтага не закінуць пачатую справу, а будуць працягваць развівацца.
Для мужа і жонкі Акавітых важныя не толькі свае дзеці. У школе мастацтваў, дзе Святлана працуе выкладчыкам музыкі, хлопчыкі і дзяўчынкі да яе таксама цягнуцца. Многія з іх вучацца іграць адразу на некалькіх музычных інструментах, удзельнічаюць у раённых і абласных конкурсах. Не дзіця вінавата, што пасля заканчэння музычнай школы больш не бярэ ў рукі музычны інструмент, а бацькі і настаўнікі, лічыць Святлана. Калі выкладчык зацікаўлены, калі ён любіць сваю прафесію, дзеці таксама абавязкова захопяцца справай. А з другога боку, дзіця не будзе займацца музыкай, калі бацькам гэта нецікава.
Вельмі важна дапамагаць дзецям вызначыцца з выбарам будучай прафесіі. Калі прыйшоў час ехаць вучыцца старэйшай дачцэ Акавітых, яны вазілі яе на дзень у каледж пры кансерваторыі ў Мінску. Каб яна зразумела, ці правільны выбар зрабіла.
Ці яшчэ. Бачыла Святлана, што ў Дзімы ёсць лінгвістычны патэнцыял і што хлопчык сур’ёзна займаецца музыкай. Каб вызначыцца – музыка ці мовы, ездзілі з ім на кансультацыі ў музычны каледж. Дзякуючы гэтаму, музыка засталася толькі любімым захапленнем.
НЕ РАЗБІВАЦЬ СЭРЦЫ
– З дзецьмі мы сябры, – зазначае Святлана Вітальеўна. – Кожны ранак – тэлефонная эпапея. Студэнты тэлефануюць, дзеляцца поспехамі, просяць парады.
Бацькі выхоўваюць іх так: разбіваць сэрцы, каб толькі ўпэўніцца, наколькі ты падабаешся хлопцу ці дзяўчыне, ні ў якім выпадку нельга. Дзеці разумеюць гэта і прымаюць. Не пусты гук для іх словы “нявіннасць” і “вернасць”. Калі з дзяўчынай будуеш адносіны, дык гэта павінна быць сур’ёзна, беражліва, на ўсё жыццё.
Многім гэта здасца архаічным, але як гэта прыгожа, калі ўдумацца, як правільна!
КОЖНАМУ – ПА ВЕРЫ
Дзеці – гэта блаславенне. Муж і жонка Акавітыя змаглі раскрыць здольнасці кожнага свайго дзіцяці. І ўсе іх дзеці аказаліся таленавітымі. Яны выхавалі іх у веры, і таму ўнутры кожнага ёсць стрыжань, які дазволіць рабіць тое, што правільна, адрозніць дабро ад зла.
Валянціна БОБРЫК,
Івацэвіцкі раён.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Волшебство стальных магистралей или Знакомьтесь: локомотивное депо Брест

Следующая запись

“Бярэсцю” – 30 год